На жыццёвых скрыжаваннях

Людзі і лёсы Нумары

НЯВЫДУМАНАЕ: ПАСПЯШАЛІСЯ З ДЫЯГНАЗАМ…

Ірына працуе ўрачом-тэрапеўтам. Сваёй прафесіі яна прысвяціла ўсё жыццё. І, напэўна, адносіцца да тых, каго называюць добрым спецыялістам. Людзі ёй удзячныя. Здараецца, што і пасля змены яна затрымліваецца на рабоце, абслугоўвае выклікі. Ад гэтага, бадай, карысць двайная: хворым, канешне, і – ёй, да якой яе людскасць вяртаецца прафесійнай раўнавагай, упэўненасцю ў сваіх лекарскіх сілах і магчымасцях. З гадамі доктар зразумела, што з пацыентамі трэба абавязкова размаўляць, завязваць гутарку. Банальнае пытанне – «Як справы?» або «Як вашы ўнукі?» – здольна кардынальна змяніць настрой хворага. З кіслага, буркатлівага ён становіцца лагодным, усмешлівым. А гэта ўжо і ёсць першы крок да выздараўлення.        

Ранішні бальнічны абход для Ірыны – справа звычайная. Ад хворага да хворага, з палаты ў палату. Хворых – як заўсёды – многа, і ўсе чакаюць ад яе паратунку. Вунь, бабулька на ложку ў правым кутку, не спіць ноччу і, убачыўшы ў палаце доктара, слёзна просіцца дадому: «У мяне там курачкі, коцік. Хто іх пакорміць, выпусціць на двор?»

Калі з курачкамі разбярэцца там суседка, то з бабуляй усё нашмат складаней. «Людміла Рыгораўна, чаму вы не хочаце піць таблеткі? – строга пытае яе Ірына, узгадаўшы тое, што перад абходам далажыла ёй медсястра. – Вы ж так не паправіцеся. Сёння ў 11-ць ізноў будзем ставіць вам кропельніцу. Уколы вам новыя прызначаю… Не бойцеся, усё будзе добра». Доктар заспакоіла бабулю і перайшла да суседняга ложка, на якім ляжала жанчына прыкладна такога ж, бальзакаўскага, узросту.

І гісторыя хваробы ў іх, выпадковых суседак па палаце, аказалася вельмі падобнай. У іхніх дыягназах фактычна няма нічога асаблівага. Іх можна назваць узроставымі. У каго, скажыце, не прагрэсіруюць у старасці гіпертанія ды сардэчная недастатковасць, не ломіць то ў адным баку, то ў другім?..

– Доктарка, міленькая, дзякуй вам! Мне стала лепей пасля фізіяпрацэдур,  – адразу засакатала Зінаіда Сяргееўна. – Я магу ўжо ўставаць. І апетыт, дзякуй Богу, з’явіўся. Пачастуйцеся і вы – дзеці столькі ўсяго нанеслі.

 Зінаіда Сяргееўна падсунула доктару з тумбачкі купку мандарынаў.

І сапраўды, не паспела Зінаіда Сяргееўна прыняць усё, што прызначыў ёй на сёння доктар, як да яе ізноў прыбылі блізкія і – зразумела – не з пустымі рукамі.

– Дзе мая бабулечка? –  у вялікую бальнічную палату не ўвайшла, а ўпырхнула светлавалосая дзяўчына. Цмокнула жанчыну, што адпачывала пасля абеду, у шчаку. Абняла пяшчотна і – адразу ўстрывожылася:

–  Нейкая гарачая ты, у цябе ўсё «о’кэй»?

– Не бядуй, гэта я расхвалявалася, як цябе ўбачыла, – прыпаднялася з ложка напаўакрэплая Зінаіда Сяргееўна. – Ну, а як там мама, тата? Цяжка ім упраўляцца і са сваёй, і з маёй гаспадаркай. 

Унучка дастала з сумкі пакет з мандарынамі, цукеркамі, пячэннем. «Мама перадала вам яшчэ гэтыя вітаміны», – і з яе прыгожых дзявочых рук перакачаваў на тумбачку слоічак любімай бабуляй кіслай капусты.

Трэба сказаць, што размовы гэтыя чуюць усе, хто знаходзіцца ў палаце.  Дружалюбная і гаваркая Зінаіда Сяргееўна ўсім потым тыя прынесеныя прысмакі раздае – сапсуюцца ж!

Вечарам, калі змрок у бальнічнай палаце гусцее і наганяе ў душу сум, хворыя стараюцца знайсці сярод аднапалатнікаў суразмоўцаў. Дзеляцца адзін з адным сваімі балячкамі, і яны, гэтыя балячкі, як правіла, – далёка немедыцынскага характару.

«Святлана Рыгораўна, не хвалюйцеся, і да вас таксама прыйдуць. Я ўпэўнена ў гэтым», – суцяшае  чарговы раз сваю маўклівую і сумную суседку Зінаіда Сяргееўна. «Няўжо вы думаеце, што блізкія сапраўды жадаюць вам дрэннага?» – падбадзёрвае яе і доктарка падчас абходу. Яна ведае, што гэтыя словы асабліва патрэбны  пацыентцы. 

А жыццёвая сітуацыя ў Святланы Рыгораўны, як высветлілася, – галаваломка яшчэ тая. Яна ўласных дзяцей не мае, таму не так даўно апісала хату на пляменнікаў. І вось на табе – не паспела трапіць у бальніцу, як адчула, што стала замінкай у планах спадчыннікаў. Каторы дзень у бальніцу да яе не кажуць носу. Тэлефанаваць  перасталі. Што яны надумалі? Я ўжо лішняя?.. Боль і нядобрыя прадчуванні запаланілі ўсю яе душу. Яны былі настолькі моцныя, што іх не змаглі выцясніць і лекі. 

А яе суседка –  такога ж узросту і з аналагічным дыягназам (але за стан якой «калоцяцца» блізкія) – за некалькі тыдняў акрыяла ў бальнічных умовах і ўжо рыхтавалася да выпіскі дамоў. Святлана Рыгораўна – пры ўсім тым самым  – чэзла і проста памірала… на вачах доктара. Невыносна цяжка, вельмі крыўдна было сузіраць такое Ірыне, намаганні якой  аказаліся марнымі.

Трымаючы ў руках яе картку, спісаную дробным почыркам, з уторкнутымі рэнтгенаўскімі здымкамі і кардыяграмамі, доктар, якая пабачыла многае ў сваёй практыцы, ніяк не можа супакоіцца і працягвае шукаць прычыну. І не знаходзіць, чаго ўсё-такі не дарабіла. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СІТУАЦЫЯ: МЯНЯЮ КВАТЭРУ НА… ФУТБОЛЬНУЮ КАМАНДУ

Практычна кожны з нас калі-небудзь удзельнічаў у афармленні маёмасных здзелак – купляў ці прадаваў кватэру, аўтамабіль, гараж… І калі ставілі подпіс пад важным дакументам, многіх, напэўна, трывожылі думкі: а ці ўсё я зрабіў правільна, ці не падманулі мяне? Ці аформлены дакументы юрыдычна правільна? Магчыма вашы апасенні не дарэмныя.

Ва ўпраўленні Дзяржкамітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці ўжо больш за шэсць гадоў для ўстанаўлення патэнцыяльнай здзелказдольнасці (г. зн. здольнасці разумець значэнне сваіх здзелак і кіраваць імі) праводзяцца платныя псіхолага-псіхіятрычныя экспертызы.

Платная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза сёння каштуе каля 600 тысяч рублёў. Згадзіцеся, калі ў здзелцы фігурыруюць дзясяткі мільёнаў рублёў, такая сума «страхоўкі» цалкам пад’ёмная.

Людзі з псіхічнымі захворваннямі часта безабаронныя ў многіх пытаннях паўсядзённага жыцця, у тым ліку юрыдычных. Пры ўступленні ў дагаворныя адносіны з такімі людзьмі мэтазгодна правядзенне экспертызы.

Псіхіятрычнае абследаванне заключаецца ў так званым клінічным судова-псіхіятрычным інтэрв’ю, аналізе псіхічнай сферы, тэсціраванні, назіранні за паводзінамі. У сярэднім працэдура займае паўтары-дзве гадзіны. Пасля гэтага эксперты запрашаюць звесткі з псіханеўралагічных устаноў. І калі чалавек туды звяртаўся, то дэталёва вывучаецца медыцынская дакументацыя псіхіятрычнага профілю. Па выніках поўнага і ўсебаковага абследавання складваецца заключэнне эксперта. Заказчык атрымлівае даведку ўстаноўленага ўзору, дзе ўказана, ці здольны абследуемы па сваім псіхічным стане разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Няўдзячныя дзеці

Ад імя грамадзянкі Сідарэні (прозвішча зменена), якой 80 гадоў, паступіла заява з просьбай правесці ў адносінах да яе амбулаторную комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Быў складзены адпаведны дагавор. Да яе дадому выехала экспертная камісія ў складзе трох дзяржаўных медыцынскіх судовых экспертаў-псіхіятраў і псіхолага. Правялі поўнае абследаванне, якое не выявіла наяўнасці якіх-небудзь псіхічных расстройстваў. Праверылі, ці  знаходзіцца на ўліку ў дыспансеры. Не, усё чыста! Адпаведныя вывады былі запісаны ў даведцы, якую выдалі на рукі бабулі.

Так склалася, што сын і дачка заяўніцы шмат гадоў пражывалі ў Маскве, з’яўляліся дастаткова забяспечанымі людзьмі. Чаму не прыехалі да мамы ў цяжкую хвіліну, не дапамаглі? Казалі так: «Вырашай свае праблемы сама, а твая кватэра нам не патрэбна. І бабуля заключыла са сваімі сяброўкамі, якія ажыццяўлялі за ёю догляд, дагавор рэнты. У адпаведнасці з ім кватэра пераходзіла ў іх уласнасць пасля смерці грамадзянкі Сідарэні ў роўных долях.

Прайшло паўтара года, старая памерла, адкрылася спадчына, і… аб’яўляюцца масквічы, якія зусім нядаўна гаварылі аб тым, што на спадчыну маці не прэтэндуюць. Цяпер дзеці заявілі, што, маўляў, маці была «не ў сабе», пакутавала ад цяжкіх захворванняў і, маўляў, яе паводзіны нельга лічыць адэкватнымі.

Дзеці звярнуліся ў суд аб прызнанні здзелкі несапраўднай. Супрацьлеглы бок – дзве сяброўкі – прадставілі ў суд даведку. На яе падставе суд запатрабаваў ва ўпраўленні ДКСЭ Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці ўсе матэрыялы па гэтай экспертызе (яны, дарэчы, захоўваюцца ў архіве 25 гадоў). У выніку маскоўскай радні ў іску было адмоўлена.

Уцячы з «дрэннай» кватэры

Пенсіянерка Гаробчанка (прозвішча зменена), ва ўзросце 74-х гадоў, звярнулася з заявай аб правядзенні ў адносінах да яе платнай экспертызы. А даведку экспертаў запатрабавала рыэлтарскае агенцтва пасля размовы з кліенткай, якая прасіла дапамагчы з абменам кватэры.

З размовы абследуемай са спецыялістамі амаль адразу стала зразумелым, што рыэлтарскае агенцтва насцярожылася не выпадкова. Грамадзянка так агучыла матывы абмену кватэры: маўляў, суседзі-нягоднікі спрабуюць выжыць яе з уласнага жылля, каб самім завалодаць ім. У ванным пакоі, даводзіла яна, прасвідравалі мікраскапічную адтуліну і заліваюць туды спецыяльную вадкасць, якая, трапляючы на гарачую трубу ў ваннай, выпараецца і выклікае моцны галаўны боль.

Эксперты выявілі, што гэтая грамадзянка стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. Праз нейкі час пенсіянерка прыйшла па даведку і ўбачыла вынікі абследавання – «не можа разумець значэння сваіх дзеянняў і кіраваць імі».

Яна скардзілася, угаворвала экспертаў памяняць  рашэнне, настойвала на правядзенні яшчэ адной экспертызы. Потым знікла з поля зроку экспертаў, а месяцы праз два зноў з’явілася і ўсхвалявана заявіла: «Я кватэру ўсё ж памяняла. Але вы былі правы. Гэтыя нягоднікі ўсё ж дабраліся і туды, і зноў мяне травяць».

Эксперты настойліва раяць людзям пры ўчыненні маёмасных здзелак звяртаць увагу на іх матывы. Аднойчы яны сутыкнуліся з маладой жанчынай, якая рашыла прадаць кватэру, каб купіць футбольную каманду ў Германіі. Адначасова яна збіралася замуж за ўчастковага міліцыянера, які быў жанаты, ездзіла па горадзе ў брудных шлюбных строях. Яна пакутавала ад дастаткова сур’ёзнага псіхічнага расстройства. І кватэра была прададзена значна танней за яе рыначны кошт. Судовая цяжба ідзе і цяпер. Звярніся яна ці яе родзічы ва ўпраўленне ДКСЭ Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці, і такіх непрыемнасцяў можна было б пазбегнуць.

Падводзячы вынік, трэба сказаць, што псіхолага-псіхіятрычная экспертыза – самы выніковы спосаб атрымання інфармацыі аб адэкватнасці паводзін чалавека.

Мікалай БЕЛАВУСАЎ, начальнік Стаўбцоўскага МА ДКСЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *