11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне сёння пражываюць 47 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, прычым пераважная большасць – у Налібацкім сельсавеце.

На хутары ў Налібацкім сельсавеце нарадзілася і Яніна Вайткевіч, якая цяпер жыве ў аграгарадку Дзераўная. Ёй не было і чатырох гадкоў, калі іх сям’ю немцы вывезлі разам з вяскоўцамі ў Германію.

Налібацкая пушча – вядомы партызанскі край. Немцы помсцілі за гэта і зладзілі пушчанцам блакаду. А 6 жніўня 1943 года жыхароў вёскі Ферма (насамрэч гэта спалучэнне больш як двух дзясяткаў хутароў, якія месціліся непадалёку адзін ад аднаго) прымусілі выехаць на конях, з рэчамі. Адразу спыніліся на высокім месцы ў суседняй вёсцы Церабейнае. Адтуль было бачна, як немцы палілі іх дамы.

«Мне здавалася, што гарыць і неба», – прыгадвае тыя дзіцячыя ўражанні Яніна Уладзіміраўна.

Вывозілі ўсю яе сям’ю, у тым ліку двух бацькавых братоў. З траіх дзяцей Яніна была старэйшай, малодшаму брату не было і годзіка…

– У Стоўбцах нас пагрузілі ў таварныя вагоны і прывезлі ў Беласток. Тут нямецкія «купцы» разбіралі сабе работнікаў. Мы трапілі ў маёнтак за 100 км ад Берліна, – расказвае жанчына. – Дарослыя працавалі ў полі, а мы, дзеці, былі адны дома, у двухпавярховым лагеры. З сястрой гадавалі малодшага брата. Маме нельга было спазняцца – за гэта білі нагайкай па спіне. Перад тым як пайсці на працу, яна прывязвала малога брата за нагу. Было некалькі выпадкаў, што пояс на ім развязваўся, і тады наш брат ішоў гуляць і трапляў у розныя небяспечныя сітуацыі. Мне прыйшлося клікаць дарослых, каб выратаваць яго. Жыццё ў нямецкім лагеры было няпростым, але нашы людзі адрозніваліся тым, што ўсюды маглі прыстасавацца. Ежу варылі сабе ў печы. Была нейкая бручка… На дзяцей давалі карткі, і мама набывала нам прадукты.

– Вязняў вызваліла Чырвоная армія 8 мая 1945 года, а 18 мая мы ўжо выехалі з Германіі, – працягвае свой аповед Яніна Вайткевіч. – Калі перасеклі савецка-германскую мяжу, тату і яго братоў забралі ў армію, а мы яшчэ тры месяцы знаходзіліся ў адмысловым лагеры. Даглядалі кароў. Дамоў вярталіся поездам праз Шчэцін, Мінск, Стоўбцы.

Прыгадваецца такі выпадак. Не даехалі крыху да Стоўбцаў, як машыніст аб’явіў аб выгрузцы. Поезд не спыняўся, а толькі сцішыў ход. Дарослыя ў першую чаргу сталі падаваць з вагонаў дзяцей. Знялі маіх брата, сястру. Потым – старэнькую маці майго дзядулі, а мяне чамусьці дзядуля (ён не дачуваў з-за кантузіі ў «мікалаеўскую» вайну) схапіў пасля ўсіх і кінуў уніз. Ад болю я заплакала. А ён апраўдваўся, што падалася яму мяшком з рэчамі…

Былыя вязні вярнуліся на папялішча. З-за безвыходнасці пасяліліся ў памяшканні, у якім стаяла ўстаноўка для выпрацоўкі электрычнасці для касцёла. Пазней пабудавалі свой дом. У ім жылі ўсе разам – 15 чалавек, пакуль агульнымі намаганнямі не ўзвялі дамы для іншых сваякоў. Вёска Ферма пражыла да 1978 года. Калі хутары сталі зносіць, людзі раз’ехаліся…

Лёс Яніны Вайткевіч склаўся добра. Яніна Уладзіміраўна прысвяціла сябе медыцыне. 45 гадоў адпрацавала медсястрой у дзераўнянскай бальніцы. Лячыла аднавяскоўцаў. Яны і сёння ідуць да яе, каб атрымаць параду.

Сын у Яніны Уладзіміраўны быў лётчыкам. Гонарам маці. На жаль, яго не стала… Дачка працуе фармацэўтам, жыве ў Мінску. У бабулі тры ўнучкі і двое праўнукаў. Яна для іх, не зважаючы на перыпетыі лёсу, – стымул жыць актыўна, захоўваць  аптымізм і веру ў людзей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *