«Панямонь». Шляхам незваротнага вяртання: пра кнігі, бібліятэкі і нас

Главное Панямонь Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print

Уладзіміру Іосіфавічу Мархелю (1940–2013 гг.) прысвячаецца

Жыгалкі – зямля і дарогі

Першыя згадкі пра вёску Жыгалкі падаў у друк знакаміты знаўца Міншчыны Аляксандр Ельскі, які ў канцы ХІХ ст. апублікаваў у 15-томным «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых земляў славянскіх», што выдаваўся ў Варшаве, невялічкую занатоўку пра Жыгалкі.

Пра падзеі і шляхі, звязаныя з нашай вёскай у сярэдзіне ХІХ ст., пісаў і ўраджэнец Жыгалак, мой брат, беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца Уладзімір Мархель.

Ён быў таленавітым і глыбокім даследчыкам, шмат у чым першаадкрывальнікам невядомых старонак жыцця і творчасці Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага, Адама Міцкевіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы. Першыя ж уласныя публікацыі Валодзі з’явіліся, дарэчы, у стаўпецкай газеце «Голас селяніна» ў 1954 г.

Ларыса Доўнар, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры
і мастацтваў, сястра Уладзіміра Мархеля

Шляхам дзедавай навукі

Наш дзед, тата мамы, Мікалай Васільевіч Мамонька (1880–1969 гг.) быў самавукам. «За часамі царскімі» з’яўляўся ці не адзіным пісьменным чалавекам у Жыгалках, што спрыяла росту яго аўтарытэту сярод аднавяскоўцаў.

Здаецца, першая пачатковая школа ў нашай вёсцы з’явілася толькі «за польскім часам» (у 1920-я гг.), і ў ёй навучаліся ўжо дочкі Мікалая – мае дзве цёткі, Таня і Аліма, ды малодшая шасцігадовая Алеся (1916–1993 гг.) – мая мама. «За савецкім часам» школа пераўтварылася адпаведна ў савецкую пачатковую 4-класную школу, будынак якой стаяў побач з нашым домам.

Першым жа настаўнікам і кнігазбіральнікам для нас з братам быў наш дзед Мікалай. «Дзіўна, не магу ўспомніць, калі я навучыўся чытаць, – пісаў брат нібы і мае словы. – Да школы ўжо чытаў ваўсю, і не па складах <…>. Напэўна, літары мне паказаў мой дзед <…>. Крыху пазней, калі я спрабаваў разабрацца ў царкоўнаславянскім тэксце «Евангелля», надрукаваным злева ад перакладу на рускую мову, дзед мой чамусьці з асаблівай ахвотай растлумачыў незнаёмыя мне літары: ферт, амега, яць, ксі, псі, фіта і іншыя. Заадно я засвоіў і польскі альфабэт, але ўжо з мацерынай дапамогай. Яна прызвычаіла мяне і да арыфметыкі» («Тэрмапілы» за 2007 г., № 11).

Меў колькі сваіх прафесійных кніг па кравецкіх справах і мой тата, Юзік – Іосіф Антонавіч Мархель (1913–1994 гг.).

Мая ж першая ўласная кніга – гэта кніга-падарунак за 3 клас Жыгалкаўскай пачатковай школы «Алёнушкины сказки» (1970) М. Маміна-Сібірака. Захавалася і да сёння, як і некаторыя пазнейшыя падручнікі, якія былі набытыя ўжо ў кніжнай аўталаўцы ці ў кніжным магазіне ў Стоўбцах.

Але па якіх першых кнігах і як мы вучыліся чытаць – засталося таямніцай. Галоўнае, што дзедава навука нас захапіла.

Вечарына ў гонар 50-годдзя Уладзіміра Мархеля (трэці злева) у Стоўбцах, 1990 год

Родная хата – інфармацыйны цэнтр нашага дзіцячага сусвету

Брат згадваў: «Крама, якою загадвала маці [а заснаваў у 1920-я гады дзед Мікалай], месцілася ў нашым доме, у яго халоднай, нежылой палове. Іншых грамадскіх месцаў, акрамя школы, у нашых Жыгалках не было. Таму крама станавілася заадно чымсьці накшталт інфармацыйнага цэнтра, бо тэлефонаў не было і радыё (нават дэтэктарныя прыёмнікі з навушнікамі) рэдка ў каго сустракалася» («Тэрмапілы» за 2007 г., № 11). А ў нас на ўсю вёску было сапраўднае радыё, якое прыходзілі слухаць усе, у тым ліку і патаемна, як было гэта «за польскім часам», каб даведацца, што адбываецца і ў другой частцы Беларусі, бальшавіцкай.

Безумоўна, у краму, якая з прыватнай «пераўтварылася» ў дзяржаўную («за савецкім часам»), прыходзілі не толькі па спажывецкія прадукты і іншыя неабходныя рэчы, але і збіраліся, каб паслухаць усё тое ж радыё, пагаманіць пра палітыку, пра бягучыя гаспадарчыя справы і, вядома ж, пра мінулае.

Незвычайнымі ў дашкольны час былі тыя дні, калі тата прыносіў новыя дзіцячыя кнігі, якія «даставаў з гары», і я яго аб тым часта прасіла, калі будзе па справах на той гары, то каб не забыўся і пра кнігі для мяне і што-небудзь цікавае здабыў. І першае, што ўспамінаецца, – гэта чытанне вершаў Янкі Купалы «Алеся», «Хлопчык і лётчык», якія такім чынам трапілі да мяне проста «з неба».

І былі гэта кнігі бібліятэчныя, як аказалася. Напэўна, спісаныя па нейкіх прычынах ці, наадварот, няўлічаныя. Бо ў нашай хаце мясцілася, пачынаючы з 1954 г. і на працягу сямі гадоў, амаль да майго нараджэння, хата-чытальня.

Мемарыяльная шыльда на доме, дзе нарадзіўся даследчык літаратуры, наш зямляк Уладзімір Мархель

Паміж 1954 і 2019 годам: пачатак і канец гісторыі вясковай бібліятэкі

Сёння Жыгалкаўскай сельскай бібліятэкі не існуе. З 2019 г. няма тут і следу ад таго будынка – клуба, дзе яна размяшчалася. Рэшткі кніжнага фонду (1111 экз.) яшчэ раней, у 2010 г., былі перамешчаны ў бібліятэку ДК вёскі-аграгарадка Любкаўшчына (цэнтральная сядзіба ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), агульны фонд якой сёння налічвае крыху больш за чатыры з паловай тысячы экзэмпляраў кніг. Праўда, памятаюць тут, як адзначыла бібліятэкар, выпускніца МІКа 1988 г. Святлана Канстанцінаўна Пявец, і пра пісьменніка Уладзіміра Мархеля з Жыгалак і маюць папку, прысвечаную яму – «На Жыгалкаўскім Парнасе».

А якія ж сляды бібліятэчнай гісторыі і ці засталіся яны дзесьці, ці толькі ў нашай памяці? У кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён» (2004 г.), на старонках якой апавядаецца і пра гісторыю культурных устаноў раёна, адзначаецца і пра хаты-чытальні, рэарганізаваныя ў 1949 г. у сельскія бібліятэкі. На самой жа справе, як аб тым сведчаць архіўныя дакументы,  яшчэ на працягу 10 гадоў хаты-чытальні фігуруюць у планах і справаздачах па бібліятэчнай дзейнасці ў рэспубліцы і вобласці. Аднак у той час, калі, па сутнасці, пачынае працу хата-чытальня ў Жыгалках, колькасць хат-чытальняў у рэспубліцы ідзе на спад.

80 % сельскіх бібліятэк Беларусі яшчэ да пачатку 1960-х гг. працягвалі існаваць у не прыстасаваных для працы ўмовах: не мелі асобных пакояў, размяшчаліся на прыватных кватэрах, у калгасных канцылярыях. Абслугоўвалі яны ў сярэднім 20-30 чалавек. Тым не менш, да 40-годдзя БССР і УЛКСМ планавалі давесці кнігу да кожнай калгаснай сям’і, а чытальнасць – да 10 кніг.

Дзе яшчэ не было калгасаў і калгасных бібліятэк, ствараліся перасоўныя бібліятэкі, працавалі бібліятэкары-кніганошы. Да прыкладу, у 1952 г. у Стаўбцоўскім раёне дзейнічала каля 100 перасоўных бібліятэк.

Амаль праз 50 гадоў пасля  бібліятэчная справа на Стаўпеччыне яшчэ магла пахваліцца існаваннем 35 бібліятэк з агульным фондам 425 тыс. экз. (у 2005 г.), як сведчыць кніга «Памяць» раёна. Толькі сёння, а менавіта на 2020 г., у цэлым па раёне напалову зменшылася колькасць бібліятэк і іх фондаў.

Жыгалкаўская сельская бібліятэка, а з 1995 г. – бібліятэка-клуб, таксама была аптымізавана…

Спрабую і я аб’яднаць і актывізаваць тэматычную фактаграфію сваёй памяці, якая непарыўна звязана з кнігамі, з маёй сям’ёй, з маім братам Валодзем, дзякуючы якому я і абрала для паступлення бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры. Старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пачатку 1970-х гг. працаваў і брат – Уладзімір Іосіфавіч Мархель. У 1982 г. ён абараніў дысертацыю на ступень кандыдата філалагічных навук на яго ўлюбёную тэму – «Владислав Сырокомля в белорусско-польском литературном взаимодействии (середина XIX – начало XX в.)» і ўвесь час, адпушчаны яму Богам на зямное жыццё, прысвяціў мудрасці і шляхетнасці беларускага слова, раскрыццю яго забытых таямніц.

Ларыса  Доўнар, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *