Дзеля нас

Кантроль, бяспека Нумары

У КАМІТЭЦЕ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ: ГРОШЫ… У ПЯСОК?

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці сумесна з праваахоўнымі органамі пры праверцы камунальнага ўнітарнага прадпрыемства ў Смалявіцкім раёне ўстаноўлены факты нерацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

Як устаноўлена, у 2012-2014 гг. асноўным відам дзейнасці прадпрыемства з’яўлялася здабыча і рэалізацыя прыродных рэсурсаў, у асноўным пяску, выручка перасягнула 3,6 мільярда рублёў. Аднак, фактычна, прадпрыемства не мела ні рабочай сілы, ні сваёй неабходнай тэхнікі для здабычы прыродных рэсурсаў, здабыча прыродных рэсурсаў на кар’еры прадпрыемства ажыццяўлялася арандаванай тэхнікай. А штатная колькасць работнікаў была наступнай: кіраўнік, бухгалтар, эканаміст, майстар і маркшэйдар (на паўстаўкі)

Пры гэтым прадпрыемства ў лік арэнднай платы адгружала  здабыты пясок са значнымі скідкамі (ад 25 да 30 працэнтаў). Вынікам рэалізацыі ў 2012-2014 гг. прадукцыі па зніжаных цэнах з’явілася недаатрыманне 509,6 мільёна рублёў выручкі, у чым, па ацэнцы камітэта, назіраецца нанясенне ўрону прадпрыемству. Трэба адзначыць, што камунальнае прадпрыемства грашовыя сродкі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы не ўкладвала ў выглядзе спонсарскай дапамогі.

Акрамя таго, здабыча карысных выкапняў на кар’еры прадпрыемства ажыццяўлялася з парушэннем Правілаў бяспекі і аховы працы пры распрацоўцы радовішчаў адкрытым спосабам, а прадпісанні Дзяржпрамнагляду сістэматычна ігнаравала, што з’явілася падставай для прыпынення вядзення работ у кар’еры і не дазволіла прадпрыемству здабыць каля 6 485 кубаметраў пяску і адпаведна не атрымаць амаль 200 мільёнаў рублёў выручкі, у чым таксама наглядаецца прычыненне шкоды прадпрыемству.

Камітэтам дзяржаўнага кантролю вінаватыя асобы аштрафаваны на агульную суму каля 418 мільёнаў рублёў. Матэрыялы праверкі накіраваны ў праваахоўныя органы для прыняцця адпаведных мер рэагавання.

Упраўленне кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці

 

АХОВА ПРАЦЫ: МЕСЯЧНІК БЕЗ ТРАЎМАТЫЗМУ

Завяршыўся месячнік па ахове працы «Уборачная кампанія без траўматызму». За гэты час створаная пры райсельгасхарчы мабільная група правяла праверкі стану бяспекі  працы на вытворчасці ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Падчас праверак аказвалася практычная і метадычная дапамога па пытаннях аховы працы. Па іх выніках выдадзены рэкамендацыі з указаннем тэрмінаў ухілення парушэнняў. Адзначана, што ўсе збожжаўборачныя камбайны і такі абсталяваны супрацьпажарным інвентаром. Для прыкрыцця камбайнаў на выпадак загарання выкарыстаны аўтамашыны раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (па дагаворах з сельгаспрадпрыемствамі) і прыстасаваная для пажаратушэння тэхніка саміх гаспадарак. Праведзены пазапланавыя інструктажы па ахове працы  з усімі, хто ўдзельнічаў у правядзенні ўборачных работ.

Згодна з графікам ажыццёўлены праверкі прытрымлівання транспартнай і працоўнай дысцыпліны работнікамі аграпрамысловага комплексу. У вячэрні час  сумесна з супрацоўнікамі міліцыі і прадстаўнікамі райвыканкама праведзены рэйды. Камісійна  абследаваны месцы захоўвання ўраджаю, сельскагаспадарчай тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў, транспартных сродкаў.

Кіраўнікамі сельскагаспадарчых  прадпрыемстваў  прыняты дадатковыя меры па папярэджанні пажараў непасрэдна ў полі, на аб’ектах перапрацоўкі, захоўвання збожжа і складзіравання грубых кармоў. Вялася кругласутачная ахова складоў і збожжасушыльных комплексаў.

Выпадкаў траўматызму ў гаспадарках раёна за перыяд  месячніка не здарылася.

Людміла МАГЕР, галоўны спецыяліст райсельгасхарча па ахове працы

 

КУДЫ «ПАЕХАЎ» ВЕЛАСІПЕД

Пракуратурай раёна прааналізавана сітуацыя з крадзяжамі веласіпедаў на тэрыторыі раёна, якая назіраецца сёлета.

З пачатку года ў раёне зафіксавана 14 веласіпедных крадзяжоў. І хаця гэта на два факты менш, чым за аналагічны перыяд летась, нельга гаварыць пра паляпшэнне становішча. Найбольш фактаў прапажы веласіпедаў рэгіструецца ў Стоўбцах (палова ад агульнай колькасці), але яны ёсць і ў сельскіх населеных пунктах: Ніўным, Грабёнаўшчыне, Скамарошках, Дзераўной, Цеснавой, Новым Свержані, Коласаве. Самым прывабным месцам для велазладзеяў застаюцца пад’езды і лесвічныя пляцоўкі шматкватэрных дамоў (43 працэнты), прыватныя двары (36 працэнтаў), а таксама вуліцы (21 працэнт). Даная статыстыка сведчыць пра тое, што асноўнай умовай, якая спрыяе веласіпедным крадзяжам, з’яўляецца бяспечнасць уладальнікаў, якія нярэдка кідаюць сваю тэхніку дзе папала, не вешаюць на яе замок і т. п.

Да прыкладу, у студзені 2014 года нецвярозы грамадзянін Г.  трапіў праз незачыненыя дзверы ў пад’езд шматкватэрнага дома па вуліцы Цэнтральнай, дзе з лесвічнай клеткі на другім паверсе выкраў дарожны шматхуткасны веласіпед коштам 2 100 000 рублёў.

Каб пазбегнуць гэтых і іншых крадзяжоў, лепш за ўсё абсталёўваць памяшканні, у якіх захоўваецца маёмасць, сродкамі аховы і сігналізацыі. У даным выпадку гэта могуць быць дамафоны і кодавыя замкі на ўваходных дзвярах у пад’езд, сістэмы відэаназірання.

Дар’я АНІШЧУК,памочнік пракурора раёна

 

СУПРАЦЬ НАРКОТЫКАЎ: МАКУ КРЫМІНАЛЬНЫ СМАК

За восем месяцаў 2014 года па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлены факты 22 злачынстваў (у 2013 годзе іх было 13), з іх пяць адносяцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, звязаных са збытам наркатычных сродкаў. З незаконнага абароту знята: больш за 50 грамаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і іх аналагаў (курыльных сумесяў); 0,1074 грама экстракцыйнага опію, 24,4315 грама гераіну, 49,47 грама амфетаміну; 0,05 грама марыхуаны; 86,01 грама макавай саломкі. У буйным памеры наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы забіралі два разы (амфеталін, гераін).

За час правядзення спецправеркі выяўлена 25 незаконных пасеваў наркаўтрымліваючых культур на плошчы больш за 75 кв. м. У адносінах да 15 жыхароў раёна складзены адміністрацыйныя пратаколы па арт. 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь (пасеў ці вырошчванне забароненых культур, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі).

Яўген КУРЫЛА,старшы оперупаўнаважаны РАУС

 

ПРАФІЛАКТЫКА: З  РЭЙДАМ  –  У  РУБЯЖЭВІЧЫ

У жніўні на працягу двух дзён супрацоўнікамі РАУС праведзена прафілактычная адпрацоўка Рубяжэвіцкага сельсавета (тэрыторыя ААТ «Рубяжэвічы). Асноўнымі яе задачамі з’яўляліся: праверка па месцы жыхарства непаўналетніх, якя стаяць на ўліку ў ІСН; асоб, абавязаных кампенсаваць расходы, што затрачвае дзяржава на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Правяралі стан працоўнай дысцыпліны ў ААТ «Рубяжэвічы». Абследавалі аб’екты АПК, гандлю па тэхнічнай умацаванасці. Правялі маніторынг масавага знаходжання грамадзян з мэтай папярэджання правапарушэнняў. Для выканання ўказаных задач былі задзейнічаны супрацоўнікі розных аддзяленняў і службаў РАУС.

Наведаны па месцы знаходжання 17 замежных грамадзян, правераны ўмовы захоўвання зброі ў 11 яе ўладальнікаў. Парушэнняў тут не выяўлена. З шасцю грамадзянамі, якія стаяць на розных відах уліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі, праведзены прафілактычныя гутаркі. Грамадзяніну І. Бібіку, абавязанай асобе, аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне па неабходнасці кампенсаваць сродкі, якія затрачвае дзяржава на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Наведана сям’я Шыманскіх, бацьку растлумачаны асноўныя палажэнні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18.

Абследавана тэхнічная ўмацаванасць сенасховішча, склада мінеральных угнаенняў ААТ «Рубяжэвічы», магазінаў райспажыўтаварыства. Выяўлены факт крадзяжу ячнай саломы паблізу вёскі Марозавічы. Пры наведванні дыскатэкі ў Рубяжэвіцкім СДК устаноўлена, што пасля 23.00 там знаходзіліся непаўналетнія. Гэта парушэнне, паколькі на начныя дыскатэкі падлеткі не павінны дапускацца.

На тэрыторыі сельсавета выяўлена 10 адміністрацыйных правапарушэнняў па лініі Правілаў дарожнага руху: кіраванне транспартам, які не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку і не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд; парушэнне правілаў абгону; кіраванне транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання; знаходжанне за рулём без рамяня бяспекі; перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху; парушэнне правілаў руху пешаходам.

Пры правядзенні праверкі захоўвання працоўнай дысцыпліны ў ААТ «Рубяжэвічы» выяўлена пяць фактаў знаходжання работнікаў на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Нападпітку на рабоце знаходзіліся вартаўнікі МТФ «Рубяжэвічы» і «Русакі», слесар і аператар  машыннага даення на ферме ў Гнецьках. На гэтых грамадзян складзены адміністрацыйныя пратаколы. Дырэктару ААТ «Рубяжэвічы» ўнесены прадстаўленні аб ухіленні прычын і ўмоў, што спрыялі ўчыненню правапарушэнняў. Выяўлена сем фактаў знаходжання грамадзян у п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах.

Інфармацыя аб выніках прафілактычнай адпрацоўкі накіравана ў савет апорнага пункта аховы правапарадку пры Рубяжэвіцкім сельвыканкаме для  прыняцця мер у межах сваёй кампетэнцыі.

Юлія БЕЛАВУСАВА,начальнік ААПП Стаўбцоўскага РАУС, капітан міліцыі

 

ПАЖАРНЫ НАГЛЯД: ПАТРАБАВАЛІ СПЫНІЦЬ ЭКСПЛУАТАЦЫЮ

Інспекцыяй нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праведзены планавыя і пазапланавыя праверкі суб’ектаў гаспадарання раёна. Маніторынг супрацьпажарнага стану працягваецца.  

На дрэваапрацоўчым прадпрыемстве індывідуальнага прадпрымальніка Муха В. М. не ўхілены і тыя парушэнні, якія не патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Да прыкладу, тэхналагічнае абсталяванне і камунікацыі не былі ачышчаны ад пылу, размеркавальныя каробкі знаходзіліся без ахоўных накрывак, а лямпы накальвання – без ахоўных плафонаў.  На тэрыторыі прадпрыемства адсутнічалі пярвічныя сродкі пажаратушэння. Вынесена патрабаванне аб забароне эксплуатацыі ў сушыльных камерах металічных печаў незаводскага вырабу.

Парушэнні, у пераважнай большасці –  рэжымнага характару, выяўлены і на ПВГУП «Сігда». На прадпрыемстве пакінута без абслугоўвання аўтаматычная пажарная сігналізацыя, адміністрацыйны будынак не забяспечаны нарматыўнай колькасцю пярвічных сродкаў пажаратушэння, на гарышчы сушылкі не ўсё ў парадку з дымаходам…

Пры праверцы Стаўбцоўскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва» выяўлены 22 парушэнні. Сярод іх і такое, што персанал прадпрыемства не навучаны патрабаванням пажарнай бяспекі. На ПГУП «Мавітак» халадзільныя ўстаноўкі ў гандлёвай зале былі падключаны з парушэннямі і павільён не меў аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў з вывадам сігналу аб спрацоўванні на фасад будынка. 

За дапушчаныя парушэнні дырэктары названых вышэй прадпрыемстваў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

На ТДА «Дзінез» асноўныя пытанні ўзніклі адносна электразабеспячэння: эксплуатуюцца пашкоджаныя разеткі, правады злучаны з дапамогай скрутак і т. п. На прадпрыемстве не выконваюцца графікі ўборкі памяшканняў, у выніку чаго праход быў загрувашчаны адходамі вытворчасці. У памяшканні, дзе вядзецца рамонт аўтатранспарту, устаноўлена металічная печ незаводскага вырабу. Акрамя таго, у адміністрацыйным будынку дапускаецца часовае пражыванне людзей. Няпоўнасцю адпавядаў патрабаванням пажарнай бяспекі стан жылых дамоў, лазні на філіяле «Хатава».

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *