Гучалі песні ў Хатоўцы

Культура Нумары

У Дзераўнянскім сельсавеце існуе добрая традыцыя – праводзіць святы вёсак.

Такое мерапрыемства ладзілася для жыхароў Хатоўкі. Вёсачка невялікая і добраўпарадкаваная, даволі ўтульная для пражывання. З усіх бакоў яе абступаюць лясы, таму паветра тут чыстае, напоўненае пахам духмяных лугоў. А падчас жніва ваколіцы напаўняюцца хлебным водарам. І жывуць тут дружна на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў шчырыя, добразычлівыя людзі, якія шмат гадоў аддалі працы на зямлі.

Перад уездам у вёску, на загадзя падрыхтаванай і ўпрыгожанай рознакаляровымі шарамі і стужкамі пляцоўцы, сабраліся яе насельнікі. Прыехалі іх дзеці і ўнукі. Запрасіў усіх на свята стараста Мар’ян Свірскі, які праявіў ініцыятыву яго правядзення і паклапаціўся ўсё як след арганізаваць. Мар’ян Міхайлавіч сустрэў хлебам-соллю  гасцей – старшыню Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяну Босую, намесніка па ідэалагічнай рабоце ААТ «Дзераўное» Марыну Шыманец і старшыню прафкама ААТ «Дзераўное» Галіну Карповіч.

 Вядучыя Галіна Янкоўская і Галіна Каразей у вершавана-песеннай форме павіншавалі ўсіх, хто прыйшоў на свята. А прыйшлі людзі сем’ямі. І кожная мае свой непаўторны лёс, сваю адметную гісторыю.

Першай ушанавалі самую старэйшую жыхарку Марыю Васільеўну Францкевіч. У працоўнай кніжцы гэтай жанчыны ўсяго некалькі радкоў, за якімі хаваюцца нялёгкія рабочыя будні. Марыя Васільеўна шматдзетная маці – нарадзіла сямёра дзяцей, якіх разам з мужам Антонам Іванавічам выхавала дастойнымі людзьмі. Бацькі прывілі сваім дзецям гаспадарлівую жылку і перадалі працоўную эстафету. Менавіта на прыкладзе гэтай сям’і праглядваецца жывая сувязь пакаленняў.

Жыве ў вёсцы паважаная сям’я Свірскіх. Гаспадыня Ганна Іванаўна таксама адна са старэйшых жыхарак. Нялёгкі жыццёвы шлях прайшла жанчына. На ім былі радасці і расчараванні. Многа  прыходзілася працаваць. А шчыравала Ганна Іванаўна доўгі час у калгасе «Чырвоная зорка», дзе ўзначальвала брыгаду па вырошчванні льну. Рана пайшоў з жыцця муж, і яна адна паднімала чатырох сыноў. Цяпер маці па праву імі ганарыцца. Мар’ян Міхайлавіч актыўны і ініцыятыўны чалавек. Аднавяскоўцы выбралі яго старастам, ён з’яўляецца дэпутатам Дзераўнянскага сельскага Савета. Дачка Марыя, якая вучыцца ў каледжы ў Мінску, таксама прыехала на свята. Яна мае цудоўны голас і праспявала для бацькоў і бабулі добрую песню. 

Ушаноўвалі і сямідзесяціпяцігадовых юбіляраў. Нарадзіліся ў ліпені паважаныя жанчыны Яніна Сцяпанаўна Мішкавіч і Ірына Адольфаўна Гарохавік. Хапала ў гэтых жанчын часу на ўсё: і на працы паспяваць, і дом у парадку трымаць, і дзетак выхоўваць. Дзеці выраслі, але бацькоў сваіх не забываюць, аддзячваюць ім за любоў і пяшчоту. Дастойных дзяцей выгадавала і Яніна Іосіфаўна Гаркаўская. Здабыла жанчына павагу ў аднавяскоўцаў за добразычлівасць і шчырыя адносіны да людзей. 

Пачуццё павагі выклікае вялікая і дружная сям’я Марыі Іванаўны Гарэлік. Пяцёра дзяцей раслі, агорнутыя ласкай і пяшчотай. Яны і сёння едуць за парадай да маці, самага дарагога і мудрага чалавека. Яніна Вацлаваўна Гарэлік і яе сын Яўген Францавіч – прыгожыя душой і шчодрыя гасціннасцю. У маладым узросце памёр муж Яніны Вацлаваўны, і яна адна, пераадольваючы цяжкасці, выхавала шасцёра дзяцей. Увесь час працавала ў жывёлагадоўлі. У Браніславы Люцыянаўны Гарэлік чацвёра дзяцей. Яна вучыла іх быць добрымі і працавітымі. Цяпер усе яны клапоцяцца аб маці і ва ўсім ёй дапамагаюць. Карыстаецца вялікай павагай аднавяскоўцаў Вэрця Браніславаўна Сабалеўская.

Добрым словам успамінаюць у Хатаўскім лясніцтве і мясцовай гаспадарцы Галіну Іванаўну і Станіслава Іванавіча Шпілеўскіх. Гэтых паважаных людзей ведаюць не толькі ў акрузе, а і ў раёне. Станіслаў Іванавіч доўгі час узначальваў раслінаводчую галіну ў былым калгасе «Чырвоная зорка», прымнажаючы яе славу высокімі ўраджаямі.

Пяцьдзясят гадоў крочаць разам па жыцці Антон Іванавіч і Эмілія Антонаўна Сабалеўскія. Антон Іванавіч адзначыў нядаўна сваё 85-годдзе. Працаваў будаўніком ў калгасе, а жонка загадвала малочнатаварнай фермай. Залатое вяселле адзначыла  сям’я Янушкевічаў. Марыя Казіміраўна і Эдуард Станіслававіч выхавалі сямёра дзяцей і былі для іх прыкладам вернасці і кахання.

Шчыра віталі на свяце і былую яе жыхару – Ядвігу Іванаўну Чэмка, якая цяпер жыве ў дачкі. Вярнуўся на малую радзіму Іосіф Станіслававіч Кураш – працуе ў сельгаставарыстве. Шмат гадоў жыве ў Хатоўцы цудоўная жанчына Тэрэза Іванаўна Касцюкевіч.

Усе ўшанаваныя на свяце, з пажаданнямі моцнага здароўя, даўгалецця, шчасця і дастатку, атрымалі каштоўныя падарункі ад Дзераўнянскага сельвыканкама і кіраўніцтва ААТ «Дзераўное». Пасля кожнага віншавання гучалі вершы і песні. Цікавую і разнастайную культурную праграму падрыхтаваў для ўдзельнікаў свята калектыў мастацкай самадзейнасці Дзераўнянскага цэнтра культуры. Захапілі сваім выканаўчым майстэрствам вакальны гурт «Валошкі», салісты Нэлі Шушкевіч, Людміла Аржэўская, Марына Камароўская. А таксама былі арганізаваны розныя конкурсы, у якіх прысутныя з задавальненнем прымалі ўдзел. Напрыканцы мерапрыемства жыхары і госці свята былі запрошаны на танец. І апошні акорд свята – у неба выпускаюцца рознакаляровыя гелевыя шары. 

Надзея БАТАЛКА

На здымках:  спявае калектыў мастацкай самадзейнасці Дзераўнянскага цэнтра культуры; стараста вёскі Хатоўка Мар’ян Свірскі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *