У гэтым месяцы філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы намеціў падпісаць яшчэ адзін дылерскі дагавор, які дазволіць павялічыць пастаўкі прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю.
– Падрыхтавана глеба для супрацоўніцтва з новым расійскім дылерам – групай кампаній «Новыя агратэхналогіі» з Ніжняга Ноўгарада. Паралельна працуем з нашымі ранейшымі дылерамі, якія не першы год рэалізуюць кампрэсарныя станцыі, вырабленыя на філіяле, у розных рэгіёнах Расіі. Заваёўваць рынкі не так проста ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і агульнага падзення плацежаздольнага попыту на прадукцыю, – адзначае асноўныя эканамічныя тэндэнцыі начальнік аддзела збыту філіяла Віктар Круглік.
Нягледзячы на цяжкасці, па выніках работы за дзевяць месяцаў бягучага года філіял мяркуе нарасціць экспартныя пастаўкі ў аб’ёме 105 працэнтаў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Акрамя знешніх рынкаў, кампрэсарныя станцыі стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў рэалізуюцца і на ўнутраным рынку. Вытворцы актыўна ўдзельнічаюць у тэндарах і паспелі заўважыць, што іх прадукцыю ахвотна набываюць менавіта прадпрыемствы камерцыйныя, дзе цану абавязкова суадносяць з надзейнасцю і якасцю, з магчымасцю тэхнічнага сэрвісу. Каб больш заахвоціць айчынных спажыўцоў, філіял адгружае станцыі і з адтэрміноўкай плацяжу.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ