«Без права на памылку». Эксперты-крыміналісты адзначаюць прафесійнае свята

Ахова правапарадку Главное

image_pdfimage_print

З пачатку 2021 года ў карыстанні экспертаўкрыміналістаў зявіліся службовыя смартфоны, якія дазваляюць ім за лічаныя мінуты непасрэдна на месцы здарэння правесці праверку слядоў рук і ўстанавіць датычнасць да злачыннай дзейнасці.

Сёння ў электроннай базе даных Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь знаходзяцца дактыласкапічныя карты згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». Захоўваюцца, акрамя таго, сляды абутку і транспартных сродкаў, інструментаў узлому. Вядзецца фота- і відэаўлік розных катэгорый асоб.

Начальнік аддзела медыцынскіх судовых экспертыз Яўген Трэйсцер падрыхтаваў не адно пакаленне спецыялістаў

Бачыць сляды

Мы папрасілі начальніка Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мікалая Белавусава падзяліцца свежымі фактамі ўстанаўлення злачынцаў па слядах.

– Літаральна па слядах абутку выйшлі на двух падлеткаў, якія ў групе ўчынілі хуліганства на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. Такім жа чынам «рассакрэцілі» ў адным з населеных пунктаў серыйнага злодзея, які рабаваў дачныя дамы, – расказаў Мікалай Юр’евіч.

– Аддзел лічыцца міжраённым…

– Так, абслугоўваем два раёны – Стаўбцоўскі і Дзяржынскі. Штат укамплектаваны судова-медыцынскімі экспертамі і экспертамі-крыміналістамі. Спецыфіка работы засталася той жа, што і пры стварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб яго стварэнні падпісаны 22 красавіка 2013 года. – Заўвага рэдакцыі). Асноўныя задачы – выкананне экспертыз для органаў унутраных спраў, аказанне экспертных паслуг фізічным і юрыдычным асобам.

Запатрабаваны даследаванні транспартных сродкаў

– Якія паслугі найбольш запатрабаваны?

– Назіраецца рост злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, таму расце колькасць даследаванняў электронных устройстваў.  Яны праводзяцца, як правіла, на ўзроўні абласнога ўпраўлення. Наш аддзел ажыццяўляе судова-медыцынскія і крыміналістычныя экспертызы ў поўным аб’ёме. Пры неабходнасці спецыяліст выязджае на месца здарэння для выяўлення, фіксацыі і збору слядоў злачынства. Праўда, колькасць такіх выездаў і аглядаў змяншаецца з-за змен у структуры злачыннасці. Сучасны злодзей ці зламыснік трансфармаваўся ў віртуальнага.

– Што актуальна для жыхароў Стаўбцоўшчыны?

– Сёння грамадзяне і юрыдычныя асобы сталі часцей звяртацца наконт даследаванняў ідэнтыфікацыйных маркіровачных абазначэнняў транспартных сродкаў, якія аказаліся пашкоджанымі або знішчанымі ў выніку карозіі.

Для правядзення гэтых і іншых даследаванняў абнаўляем тэхнічныя сродкі фіксацыі, крыміналісцкую тэхніку і г. д.

Даследаванне нумарных абазначэнняў транспартнага сродку ажыццяўляе старшы эксперт Эдуард Булаўскі

Пераемнасць пакаленняў і рэзерв кадраў

– Збіраць доказы злачынства, даваць адказы на пытанні, што здарылася і чаму не стала чалавека, – вельмі адказна. Неабходны кваліфікацыя, вопыт, інтуіцыя…

– Калектыў аддзела абнаўляецца, і маладым супрацоўнікам ёсць у каго вучыцца. Настаўнікам для многіх быў і ёсць начальнік аддзела судова-медыцынскіх экспертыз Яўген Трэйсцер. Яўген Уладзіміравіч выхаваў не адно пакаленне судовых медыцынскіх экспертаў. Сёння ў Дзяржынскім і Стаўбцоўскім раёнах паспяхова працуюць яго выхаванцы – Вікторыя Маліноўская і Дзіяна Герман. Са жніўня 2020 года ў калектыў уліліся Антон Тарасенка і Кацярына Сладкова. Гэтай маладой сям’і раённы выканаўчы камітэт выдзеліў у Стоўбцах арэнднае жыллё.

Сярод крыміналістаў варта назваць старшых экспертаў Дзмітрыя Голуба і Эдуарда Булаўскага. Другі год пасля заканчэння юрфака БДУ працуе Крысціна Мікшута.

Маладыя лабаранты Таццяна Няверка і Людміла Сухаварава пераймаюць навыкі ў вопытнай калегі Наталлі Васілевіч. Дасканала ведаюць сваю справу санітары Мікалай Бойка, Іван Хвалей і Міхаіл Трацяк.

Непрыкметную, але вельмі патрэбную і карпатлівую работу выконвае медрэгістратар Святлана Суднік. Дзякуючы ёй у парадку ўсе дакументы, вядзецца архіў. Дарэчы, з гэтага года ўвесь дакументаабарот у нас – у электронным фармаце. Размяшчаемся на базе райаддзела міліцыі і Стаўбцоўскай ЦРБ, але плануецца пераезд у асобны будынак.

Моладзь вучыцца ў вопытнага лабаранта Наталлі Васілевіч

– Ваша службовая біяграфія пачыналася з экспертнай дзейнасці ў райаддзеле міліцыі.

– Так, у 1998 годзе я прыйшоў на пасаду эксперта ў Стаўбцоўскі райаддзел міліцыі. Начальнікам міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз быў назначаны з дня яго арганізацыі.

– Рыхтуеце рэзерв кадраў?

– Штогод праводзім работу па падборы кандыдатаў для паступлення на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Тэрмін навучання – чатыры гады (кант. тэлефон – (8-01717) 5-10-78). Карыстаючыся выпадкам, запрашаю на вучобу выпускнікоў школ ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў. Работа эксперта цікавая і запатрабаваная грамадствам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота са службовага архіва Стаўбцоўскага міжраённага аддзела



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *