Мацярынскае сэрца не старэе

Важное Соцыум

image_pdfimage_print
Марыю Шалькевіч з Запольцаў наведалі раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў і старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Рыгор Мамайка

Марыя Васільеўна Шалькевіч – матуля, якая страціла сына. Ён загінуў  пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане.

Казімір быў ваеннаслужачым, нёс службу ў г. Барысаве. З камандзіроўкі ў Афганістан ён не вярнуўся. Сіротамі засталіся трое яго дзяцей… Было Казіміру ўсяго 40…

Сэрца матулі не можа змірыцца з гэтай стратай, яно абліваецца слязамі, калі перад вачыма паўстаюць успаміны пра сына. Яе мацярынская любоў не ведае межаў. Хвалюецца жанчына за дачку Соф’ю Уладзіміраўну і зяця Вячаслава Яўгеньевіча Ляўковічаў. Усе разам яны жывуць у вёсцы Запольцы. Трымаюць дамашнюю гаспадарку, даглядаюць дом і агарод.

Марыі Васільеўне пайшоў 92-гі год, але яна па-ранейшаму ўвіхаецца на кухні, імкнецца ўсіх смачна накарміць. У свой час жанчына працавала поварам у школе. Яе муж шчыраваў у калгасе, быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Калі яго не стала, жанчына адчула горыч, але не адзіноту.

У госці да Марыі Васільеўны часта завітваюць раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў і старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Рыгор Мамайка. Прыязджаюць з кветкамі, падарункамі. Кожны імкнецца яе падбадзёрыць, пажадаць моцнага здароўя і даўгалецця. І тады мацярынскае сэрца, якое столькі ўсяго перажыло, пабачыла на сваім шляху, напаўняецца асаблівай пяшчотай і гордасцю.

Рыгор Мамайка зазначае, што без увагі раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, раённага ваеннага камісарыята і раённага выканаўчага камітэта не застаецца і яшчэ адна матуля, якая не дачакалася свайго сына, воіна-інтэрнацыяналіста, – Зоя Рыгораўна Клімахіна з Рубяжэвічаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *