Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 17 шлюбаў, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэннні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Надзея Юргель, Ільіна Церахава, Марыя Барышная, Юлія Гайдай, Ганна Зубаха, Ксенія Кацяленец, Дар’я Наркевіч, Кіра Фогельзанг і Кірыл Чапко.

Зямны шлях закончыўся для дзесяці чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. Выратавальнікі звяртаюць увагу на прывядзенне ў супрацьпажарны стан печаў і іншага абсталявання ў сувязі з набліжэннем халадоў, а таксама заклікаюць не быць абыякавымі і паведамляць па тэл. 101 пра факты «абжывання» пустых дамоў на вашай вуліцы, у вашым населеным пункце асобамі без пэўнага месца жыхарства, з асацыяльным ладам жыцця. 

  Міліцыяй зарэгістравана 145 паведамленняў аб правапарушэннях, у ходзе якіх узбуджана сем крымінальных спраў, у трох з іх устаноўлены падазраваемыя. У новасвяржаніна з багажніка аўтамабіля зніклі аўтамагнітола, пыласос і дакументы. У жыхара Шахноўшчыны з хлява выкрадзены рухавік да матацыкла, а ў жыхара Ражанкі –  70 метраў сеткі «рабіцы» і ацяпляльны кацёл.

  Пракуратурай раёна праведзена праверка дзейнасці інспецыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі па папярэджанні п’янства і правапарушэнняў. Праверкай устаноўлена, што інспекцыяй ажыццяўляецца пэўная прафілактычная работа сярод падлеткаў, аднак ёсць і істотныя недахопы. У адрас начальніка райаддзела міліцыі ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў, а таксама прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Суд арыштаваў на два месяцы 29-гадовага жыхара Сцяцкоў, які, будучы нецвярозым, паквапіўся на грашовыя сродкі ў суме амаль 630 000 рублёў. 31-гадовая жыхарка Новага Свержаня заключыла па чужым пашпарце крэдытны дагавор на суму 6 390 000 рублёў для набыцця халадзільніка, за што пакарана буйным штрафам –  15 000 000 рублёў. На 750 000 рублёў аштрафаваны 33-гадовы жыхар Мінска, які незаконна высек на тэрыторыі Кульскога лясніцтва два высокія дрэвы. Пакараны чацвёра самагоншчыкаў – жыхар Стоўбцаў і трое сельскіх жыхарак –  з Варнавугла, Ячонкі і Залужжа, кожны  атрымаў штраф у памеры ад 750 000   да 1 500 000 рублёў.  

  ДАІ выявіла 135 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў –  сем нецвярозых вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 22 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана дзевяць дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, усе – без пацярпелых.

«Хуткая» выязджала да хворых 170 разоў.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *