«17 дзён ля рэактара». Ігар Слабко аб тым як Чарнобыль стаў асобай старонкай яго біяграфіі

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

«У мяне жонка, дачка, унучка маленькая… Ёй у красавіку споўнілася два годзікі…» – радуецца жыццю стаўбчанін Ігар Слабко

Здаецца, звычайныя рэаліі, як і ў кожнага з нас, але іх магло не быць… Такое ўсведамленне працінае, калі даведваешся, што Ігару Віктаравічу ў яго халасцяцкія 22 давялося быць ля рэактара Чарнобыльскай АЭС…

Ігар Слабко сцвердзіўся ў прафесіі і жыцці, а ўдзел у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС – асобая старонка яго біяграфіі

Трэба было ліквідоўваць наступствы аварыі, і ён, выпускнік БТІ імя С. М. Кірава са званнем лейтэнанта запасу хімічных войскаў, аказаўся вельмі запатрабаваным для дэзактывацыі заражаных тэрыторый.

Ігар Віктаравіч у гэты час працаваў па размеркаванні на Гродзенскім заводзе аўтамагнітол (цяперашняя «Радиоволна». – Заўвага рэдакцыі) і з 4 мая па 16 чэрвеня 1987 года быў прызваны Ленінскім райваенкаматам г. Гродна на ваенныя зборы.

– Прайшоў медкамісію і аказаўся ў воінскай часці 11905 у Аколіцы, пад Мінскам, – прыгадвае мінулае Ігар Слабко. – Там выдалі абмундзіраванне, далі ўзвод у падпарадкаванне… Калі сфарміраваўся батальён, выехалі на месца дыслакацыі. Першым быў Брагін, потым – адселенае ўкраінскае сяло Парышаў.

Названае сяло, дзе ваеннаслужачых размясцілі ў пустых будынках школы, клуба і г. д., знаходзілася ў 10-кіламетровай зоне ад станцыі. Кожны дзень яны адпраўляліся па гэтым маршруце.

– Невялікімі групамі, па 5 чалавек, ачышчалі тэрыторыю станцыі ад асколкаў заражанага графіту, – гаворыць Ігар Віктаравіч і ўдакладняе: – Працавалі на дэзактывацыі ў сярэднім па 15 мінут у дзень пры строгім кантролі за атрыманай дозай аблучэння. Пасля работы ля рэактара поўнасцю змянялі абмундзіраванне, мыліся і вярталіся на месца дыслакацыі.

Камандзір узвода Ігар Слабко дазіметрам вымяраў у ваеннаслужачых узровень апрамянення. Рабіў гэта штодзённа, па некалькі разоў. «У выніку – нас бралі на зборы нібыта на паўгода, але дапушчальную дозу кожны з нас атрымаў значна раней – за паўтара месяца. Непасрэдна на станцыі працавалі 17 дзён», – заўважае Ігар Віктаравіч.

Перад вачамі ліквідатара стаяць жудасныя карціны пустых украінскіх сёлаў.  Жыццё ў іх замерла, і засталася безгаспадарнай дамашняя жыўнасць… Запомніўся саркафаг над рэактарам. Прамавугольнае збудаванне… «Тады хадзілі розныя чуткі… Маўляў, праз яго прасочваецца радыяцыя, – зазначае мой суразмоўнік. – На той час станцыя была ўжо забетаніравана на паўтараметровую вышыню – вокны яе зраўняліся з зямлёй».

Пра сваё здароўе Ігар Слабко кажа сціпла – маўляў, усё ў парадку. Пасля ваенных збораў у чарнобыльскую зону ён вярнуўся ў Гродна, дзе і працаваў да 1992 года, пакуль прадукцыя завода аўтамагнітол была патрэбнай. Выказаў жаданне перавесціся бліжэй да дома (Ігар Віктаравіч родам з Гарадзеі) і такім чынам аказаўся ў філіяле маторнага завода ў Стоўбцах.

На гэтым прадпрыемстве знайшоў сябе: ужо больш як два дзясяткі гадоў працуе начальнікам тэхналагічнага бюро тэхнічнага аддзела. Ігар Віктаравіч прызнаецца, што на заводзе склаўся дружны і граматны калектыў. Сюды прыходзіць моладзь, якая вучыцца ў старэйшых калег. І асабіста ён навучыў не аднаго маладога спецыяліста. Абнаўляецца і вытворчасць. Так, нядаўна паступілі дзве новыя ванны для гальванічнай лініі падрыхтоўкі паверхняў.

Жонка Таццяна працуе ў бальніцы старшай медыцынскай сястрой педыятрычнага аддзялення. Дачка – інструктар па аздараўляльнай фізкультуры ў новым дзіцячым садзе № 8. Цяпер у сацыяльным водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

Калісьці сям’я атрымала ад філіяла маторнага завода кватэру. Цяпер Ігар Віктаравіч разам з зяцем будуе дом. Часта наведваецца ў Гарадзею, да старэнькіх бацькоў. Кажа, што з асалодай працуе на зямлі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *