Стаўбцоўскія кветкаводы рыхтуюцца да Дня Перамогі

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Кветкаводы Стаўбцоўскага АКС рыхтуюцца да Дня Перамогі: яны вырошчваюць расаду кветак, каб напярэдадні свята ўпрыгожыць плошчу Бессмяротнасці ў Стоўбцах.

Кветкаводы Святлана Багдановіч і Ірына Свірская

– Сёлета крыху пазней пасеялі насенне ў цяпліцу (была халодная зіма), але ўсходы атрымаліся дружнымі. Асабліва парадавала сальвія. Спадзяёмся, што да майскіх свят расада будзе гатова да высадкі ў кветачніцы, – гаворыць майстар Наталля Грынюк.

Стаўбцоўскі АКС ужо закупіў рознага роду кветачніцы – аркі і піраміды, каб аздобіць імі цэнтральныя вуліцы горада. Сёлета таксама быў абноўлены пасадачны матэрыял. Цяпліца абаграваецца, таму пасадкі інтэнсіўна растуць, ужо прайшлі этапы пікіроўкі і падкормкі.

Кветкаводы Ірына Свірская і Святлана Багдановіч даглядаюць іх з добрым настроем, што служыць для раслін своеасаблівым стымулятарам росту. Ірына Вячаславаўна – кветкавод з больш як дзесяцігадовым стажам. Святлана Мечыславаўна займаецца кветкамі апошнія тры гады, як выйшла на заслужаны адпачынак, і акрамя кветак мае прыхільнасць да вышыўкі – з бісеру ў яе атрымліваюцца цудоўныя карціны і іконы.

У цяпліцы мяркуецца атрымаць сёлета каля 15 тысяч штук расады кветак. Яны розныя,15 відаў, і будуць высаджвацца ў горадзе з улікам умоў надвор’я. Не спыняюцца пасадкі дрэў і кустоў. Усяго мяркуецца высадзіць гэтай вясной 124 кусты і 59 дрэў, а таксама зрабіць дапаўненні да тых пасадак, якія не прыжыліся.

Самая важная просьба да жыхароў Стоўбцаў – берагчы тое, што высаджана, не ламаць і, тым больш, не прысвойваць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *