У ААТ «Дзераўное» задзейнічалі і сучасную сеялку

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Дзераўное» раннія яравыя збожжавыя культуры занялі сёлета ў раёне самую вялікую плошчу – 1165 гектараў.

Хлебаробы таварыства дружна вывелі трактары на палеткі, шчыра папрацавалі і справіліся з сяўбой у аптымальныя тэрміны.

– Напружанне адчувалася, але нашы работнікі здолелі выканаць пастаўленую задачу, – гаворыць галоўны аграном таварыства Вольга Валадзько. – Своечасова была падрыхтавана тэхніка. Заправілі глебу рознымі відамі ўгнаенняў.

Як і ў мінулыя гады, у гаспадарцы правялі сортазмену і сортаабнаўленне збожжавых культур. У прыватнасці, набылі новы гатунак піваварнага ячменю «овертюр». Завезлі запланаваную колькасць элітнага насення ячменю, пшаніцы і аўса з элітгасаў ААТ «Агранёманскі» і Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі.

Напярэдадні пасяўной кіраўніцтвам гаспадаркі быў набыты новы культыватар КГП-6,2 «Амкадор».

– З яго дапамогай хутка і якасна правялі перадпасяўную апрацоўку глебы, – расказвае брыгадзір паляводчай брыгады Леакадзія Губар. – Работа была арганізавана ў дзве змены. Парупіліся на гэтай адказнай тэхналагічнай аперацыі вопытны механізатар Аляксандр Калошыч, які працаваў у дзённы час сутак, у начную змену завіхаўся малады Станіслаў Пячурка.

На ўнясенні мінеральных і арганічных угнаенняў былі задзейнічаны Валерый Яўсейчык і Аляксандр Чарняўскі. На пагрузцы арганікі шчыраваў Станіслаў Дзям’янка.

На сяўбе збожжавых парупіліся  Дзмітрый Дзям’янка і Іван Жыбуль, якія працавалі з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі. Кожны з гэтых механізатараў працуе ў таварыстве не адно дзесяцігоддзе. І заўсёды даручаную работу яны выконваюць сумленна, прыкладаючы старанні для таго, каб атрымаць высокі ўраджай. Праяўляюць уменне і на іншых відах работ.

На падвозцы насення быў задзейнічаны Віктар Бець, на пратручванні – Іосіф Калошыч.

Для павелічэння тэмпаў работ сёлета арандавалі ў ТАА «Аграфінанс» (г. Барысаў) высокапрадукцыйную імпартную пнеўматычную сеялку LemkenSolitair.

– Шырыня захопу сучаснага пасяўнога агрэгата –  дванаццаць метраў, – гаворыць дырэктар таварыства Сяргей Машлякевіч. – Хутка і якасна засеялі з яе дапамогай 120 гектараў.

Клопат у хлебаробаў таксама пра азімыя збожжавыя культуры і рапс. Вядзецца іх падкормка. На гэтай аперацыі заняты сын дырэктара – малады вадзіцель Сяргей Машлякевіч, у распараджэнні якога – спецмашына «Раса».

Дарэчы, у гаспадарцы сёлета азімыя збожжавыя не перазімавалі на 513 гектарах. Плошча, на якой расліны загінулі, ужо перасеяна.

Гэтымі днямі ў таварыстве сеюць цукровыя буракі, прыступілі і да сяўбы кукурузы. Усе работы вядуцца ў комплексе.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *