Вужы на падворках

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Такой прыроднай ідыліі нават зарачанскія старажылы на Стаўбцоўшчыне  не памятаюць, не заўважалі. Пры гэтым здагадкава мяркуюць, што штосьці ў прыродзе, у местачковым асяроддзі  не так. Відавочна зрушылася нейкая прыродная раўнавага. Многія дзесяцігоддзі ніхто  не бачыў  ля сядзіб, на падворках, на вуліцах змеепадобных.  А вось пару апошніх гадоў той-сёй вясковец ужо ўпамінаў, што бачыў   дзесьці на падворку вужа. З  першымі восеньскімі днямі  прыродная з’ява стала відавочнай   для многіх. Сам за адзін толькі  падвячорак сярод вуліцы ўбачыў трох вужоў. Адзін удала папаў пад прыцэл фотаапарата, пакуль імклівай  стужкай не шугануў праз плот у травяную зелень агарода пасля прагравання на асфальтавым пакрыцці. Для двух другіх такі пошук цяпла закончыўся драматычна,іх расціснулі колы аўтамашын ці сельгастэхнікі.

Дык што ж адбылося у прыродзе? Проста было анамальна  гарачае лета, на лугавінах не стала хапаць корму, а цяпло справакавала вялікі  прыплод у змеепадобных.  З першай прахалодай, апусцеўшымі збожжавымі палеткамі мышы – асноўны аб’ект палявання вужоў – рынуліся да чалавечага жылля, у сельгаспабудовы. А за імі і вужы. Так што будзем прывыкаць да такога суседства, памятаючы, што яны не кусаюцца. А адрозніць іх ад гадзюк можна па яркіх жоўтых плямах на галаве.  Заўважым, што  вужы дапамогуць прыкметна пазбавіцца ад мышэй.

Васіль Зянько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *