«Чатыры стыхіі і турнір робатаў». Даведаліся што новага ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі

Адукацыя Главное

image_pdfimage_print

Падчас вясновых канікулаў творчым дзяўчынкам і хлопчыкам было чым заняцца ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Можна было паўдзельнічаць у майстар-класах «Вясновы сувенір» і навучыцца ствараць прыгожыя рэчы. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Крэатыўная лепка» і народнай дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка» з захапленнем падарожнічалі па сямейных альбомах. Яны не толькі распавядалі пра свае сем’і, сямейныя традыцыі, але і паспрабавалі скласці  сямейныя дрэвы.

У фае працавала выстава лепшых фотаработ раённага этапу рэспубліканскага конкурсу «Созидая, не разрушай», у якім прыняла ўдзел 21 установа адукацыі раёна.

Для выхаванцаў лагера дзённага знаходжання ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» былі арганізаваны майстар-класы, у ходзе якіх дзеці рыхтавалі вырабы з розных матэрыялаў, знаёміліся з новымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Захапляльны працэс па канструяванні машын-робатаў

У цэнтры прайшоў дзень адкрытых дзвярэй, на які завіталі выхаванцы лагера дзённага знаходжання ДУА «Сярэдняя школа № 3  г. Стоўбцы». Яны наведалі творчыя лабараторыі «Папяровая лаза» і «Свет воўны», а потым сталі ўдзельнікамі пазнавальнага квэста «Чатыры стыхіі». Гульня прынесла нямала сюрпрызаў і, безумоўна, новых ведаў.

Усіх жадаючых запрасіў турнір па роба-сумо. Яго арганізаваў педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Робататэхніка» Дзмітрый Валента. Паводле ўмоў конкурсу трэба было за пэўны прамежак часу стварыць з дэталяў канструктараў лега мадэлі машын-робатаў. А потым пачалося самае цікавае – спаборніцтвы робатаў-сумаістаў на спецыяльным рынгу. Колькі захаплення і азарту было ў вачах удзельнікаў!.. А колькі радасці – на тварах пераможцаў!.. Перамогу атрымалі Іван Рамановіч (сярод удзельнікаў 8–10 гадоў) і Глеб Сільвановіч (сярод удзельнікаў 11– 13 гадоў).

Галіна ЖУКАВА, культарганізатар ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *