Мастацкі кіраўнік “Гарошынкі”: “Балет вылечвае ўсё!”

Главное Год народного единства Культура

image_pdfimage_print

Жанчына – гэта цэлая планета. Планета Наталлі Антонаўны Захаравай яркая, прыгожая, разнастайная, а галоўнае, яна знаходзіцца ў няспынным руху, дзякуючы таленту і працавітасці жанчыны. Прафесіянальная артыстка балета, мастацкі кіраўнік двух узорных танцавальных ансамбляў у розных гарадах, шчаслівая жонка, маці, бабуля, яна сапраўдны арыенцір для маладога пакалення.

“Добра, калі сустракаеш выкладчыка, з якога хочацца браць прыклад”

Нарадзілася Наталля Антонаўна ў вёсцы Засулле. У хуткім часе сям’я пераехала ў Стоўбцы, дзе і праходзіла дзяцінства Наташы. Тата, Юнцэвіч Антон Уладзіміравіч, працаваў у Стаўбцоўскім райвыканкаме, а затым стаў старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік” у Заямным. Мама, Юнцэвіч Зінаіда Васільеўна, працавала ў раённым спажывецкім таварыстве ў аддзеле кадраў.

Першы званок прагучаў для Наташы ў СШ№2. З малодшых класаў дзяўчынка адчула жаданне займацца танцамі і разам з сяброўкамі пачала наведваць танцавальны гурток у Стаўбцоўскім раённым доме культуры. Дарэчы, першапачаткова бацькі аддалі дзяўчынку ў музычную школу на фортэпіяна, а яе малодшую сястру Святлану – на танцы. Наташы іграць на музычным інструменце не падабалася, ёй хацелася танцаваць. Таму яна прагульвала свае заняткі, ішла ў Дом культуры і з зачараваннем назірала, як танцуюць дзеці. Выкладчык заўважыла такую зацікаўленасць і прапанавала дзяўчынцы паспрабаваць свае сілы на сцэне. Здольнасці праявіліся на першым жа ўроку, і Наташа пачала займацца танцамі ў тайне ад бацькоў. Хутка сакрэт быў раскрыты, і бацькі, убачыўшы, наколькі неадольным было жаданне дачкі танцаваць, не сталі пярэчыць. З цеплынёй у сэрцы і ўдзячнасцю ўспамінае Наталля Антонаўна свайго першага выкладчыка танцаў — Таццяну Мікалаеўну Лісоўскую (Афанасьеву), якую вельмі любілі дзеці і з якой хацелася ва ўсім браць прыклад.

Пісьмо ў Ленінград

Талент Наташы, падмацаваны стараннасцю і валявым характарам, не пакідае сумнення, што яе жыццё павінна быць звязана з танцамі. Разам з сяброўкай яна адпраўляе пісьмо ў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча ім. А.Я. Ваганавай (цяпер — Акадэмія рускага балета) аб тым, што яны хочуць прыехаць паступаць. У той час гэта была одной з найстарэйшых спецыяльных вучэбных устаноў СССР па падрыхтоўцы артыстаў балета. Паступіць туды было, як кажуць, нерэальна. Дзяўчынкам адказалі – прыязджайце. На той час яны скончылі пяты клас.

Лёс распарадзіўся так, што сяброўка не паступіла, а Наташа вытрымала конкурс. Зразумела, што ехаць адной у далёкі і незнаёмы горад было страшна. Наташа плакала. Цяжка ўявіць, што тады адбывалася ў сям’і і наколькі складана было прыняць рашэнне бацькам. Былі нават думкі адмовіцца ад Ленінграда і паступаць у Мінск. Але ўсе разумелі, што такі шанс у жыцці даецца нямногім і толькі адзін раз. У 12 гадоў Наташа адпраўляецца ў Ленінград.

Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча

На працягу першага года вучобы яна жыве ў сям’і, дом якой знаходзіцца ў двары вучылішча. У наступным пераязджае ў інтэрнат, але цудоўныя людзі, у якіх яна жыла, дапамагалі ёй да апошняга курса. Толькі бацькоў побач не было, таму Наташы давялося рана стаць дарослай і самастойнай. Жыццё ў інтэрнаце навучыла яе ўзаемаадносінам з аднагодкамі, сяброўству. “Пасылку з дому чакала з нецярпеннем, але разыходзілася яна ўмомант, таму што пачаставаць трэба было ўсіх”, — успамінае Наталля Антонаўна. Яна і цяпер не разумее, як можна не падзяліцца з тым, хто побач. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, жанчына ўспамінае час вучобы з любоўю. “Мне пашанцавала правясці юнацтва ў такім горадзе, як Ленінград, з яго непаўторнай архітэктурай, белымі начамі, разваднымі мастамі. Для мяне, дзяўчынкі з правінцыі, жыццё ў такім горадзе было сапраўдным шчасцем”, — дзеліцца Наталля Антонаўна. За сем гадоў вучобы яна прайшла цудоўную школу танца, атрымала магчымасць паспрабаваць сябе на сцэнах лепшых тэатраў оперы і балета Ленінграда. Яна вельмі ўдзячна таму перыяду ў жыцці, таму што не ўяўляе сябе ў якой-небудзь іншай прафесіі.

Вяртанне на Радзіму

Пасля вучобы Наталлю Антонаўну запрашалі ў Краснаярскі оперны тэатр, Маскоўскі музычны тэатр. Але так хацелася быць бліжэй да свайго дому, да бацькоў. У Беларусь яна вяртаецца прафесіянальнай артысткай балета. У свае 19 ужо хацела быць выкладчыкам танцаў, перадаваць свой вопыт, але любоў да сцэны перамагла. Дзверы тэатра оперы і балета ў Мінску былі для яе адчынены, але траўма калена, атрыманая на апошнім курсе вучобы, не давала магчымасці там працаваць — ногу трэба было паберагчы. Даведалася, што ёсць месца ў тэатры музкамедыі. У такім жанры сябе не ўяўляла, але вырашыла паспрабаваць. Узялі артыстку, як кажуць, з аднаго руху. Прызнаецца, што лічыла тэатр часовай працай, але лёс распарадзіўся інакш – Наталля Антонаўна затрымалася тут на 20 гадоў. За гэты час яна стала артысткай вышэйшай катэгорыі, была салісткай, танцавала ў розных жанрах: балет, аперэта, мюзікл і інш. Тэатр даваў не толькі практыку і вопыт сцэны, але і магчымасць убачыць свет. Разам з трупай яна аб’ехала ўсе буйныя гарады Беларусі, выязджала на гастролі ў Расію, Украіну, Іспанію, Швейцарыю, Германію і інш.

“Што вы скачаце, як гарох”

У верасні 1986 года ў Наталлі Антонаўны з’яўляецца яе першы калектыў, які стане справай усяго жыцця, — “Гарошынка”. Дарэчы, ідэя стварэння ансамбля належыць яе бацьку. У той час у калгас “Чырвоны Кастрычнік” у Заямным, старшынёй якога ён быў, прыязджала шмат дэлегацый з розных краін. Антон Уладзіміравіч прапанаваў дачцэ набраць дзяцей, якія б праз танец паказвалі нашу культуру замежным гасцям. Наталля Антонаўна прызнаецца, што адбірала дзяцей першы і апошні раз – вопыт паказаў, што не заўсёды атрымліваецца адразу разглядзець талент і здольнасці маленькага чалавека.

Назву калектыву падказаў сам лёс. Справа ў тым, што касцюмы для першага выступлення былі пашыты з жоўтай тканіны ў чорны гарох, якую Наталля Антонаўна выбірала сама. Зразумела, што такое яркае адзенне запомнілася гледачам. Акрамя таго, падчас рэпетыцый балетмайстар часта паўтарала: “Што вы скачаце, як гарох?” Тут, як кажуць, зоркі сышліся.

У 1993 годзе ансамбль “Гарошынка” першым сярод танцавальных калектываў раёна атрымаў званне “ўзорнага”.

Асноўным жа месцам працы заставаўся тэатр. “Здаралася, што я прыязджаю са Стоўбцаў, а мяне ўжо чакаюць з касцюмам. Адзін крок – і я на сцэне”, – успамінае жанчына. Але такога шалёнага рытму ёй аказался недастаткова. Пасля нараджэння дачкі і выхаду з дэкрэтнага водпуску яна вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і паступіла ва Універсітэт культуры на харэаграфічны факультэт. Пасля яго заканчэння атрымала спецыяльнасці балетмайстар, кіраўнік харэаграфічнага калектыву, выкладчык харэаграфічных дысцыплін.

Новы дом “Гарошынкі”

У 2009 годзе ансамбль пераязджае ў Стоўбцы, яго домам становіцца гімназія №1. Наступныя тры гады ён працягвае знаходзіцца ў веданні Заямнаўскага дома культуры, і толькі ў 2012 годзе становіцца калектывам Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры.

Спачатку ўмовы былі складаныя, рэпетыцыі даводзілася праводзіць у спартыўнай зале. Затым калектыву прапанавалі памяшканне былой сталовай, якое, зразумела, патрабавала рамонту. І тут Наталля Антонаўна вельмі ўдзячна свайму мужу — Захараву Ігару Пятровічу, які аддаў шмат сіл, каб яго жонка магла вучыць дзяцей у прыгожай і ўтульнай зале з вялікімі люстэркамі і балетным станком. Дарэчы, на гэтым дапамога не скончылася. Для Наталлі Антонаўны муж — апора і саратнік не толькі ў сям’і, але і ў прафесіі. Ігар Пятровіч паказвае дзецям, як трэба выконваць трукі ў танцах, вучыць акрабатычным рухам.

Калектыў налічвае каля 50 чалавек. Сюды прыходзяць усе першаклашкі, для іх заняткі танцамі ў гімназіі абавязковыя. Нехта з цягам часу адсейваецца, іншыя застаюцца да выпускнога класа. Рэпетыцыі праходзяць два разы на тыдзень па дзве гадзіны. Зразумела, што падчас падрыхтоўкі да выступлення калектыў можа рэпеціраваць і кожны дзень. У ансамбля ёсць падрыхтоўчыя групы, куды прыходзяць дзяці з чатырох гадоў, заняткі праводзяцца два-тры разы на тыдзень. Іх педагог – выхадзец з “Гарошынкі” Наталля Іванаўна Кутас. “Гэта вельмі адораны чалавек, якога я вельмі люблю і цаню”, — адзначае Наталля Антонаўна. Малышы ў асноўным танцуюць народныя і эстрадныя танцы, дзякуючы якім закладваецца база, назапашваецца набор асноўных рухаў, неабходных у далейшым.

“Танец ствараецца не нагамі, а галавой”

У рэпертуары “Гарошынкі” танцы розных жанраў і народаў. Для Наталлі Антонаўны галоўнае ў іх стварэнні — музыка. “Калі яна гучыць, малюнак танца ствараецца ў галаве сам, нібы ўключаецца нейкі механізм. Нават калі дзеці не памятаюць рухаў, я ўключаю музыку, і яны пачынаюць танцаваць”, — заўважае балетмайстар. Усе танцы ансамбля створаны яго мастацкім кіраўніком, адсюль і непаўторны стыль “Гарошынкі”. Для калектыву характэрны лёгкасць выканання, якую заўважаюць усе, хто хоць аднойчы бачыў яго выступленне. Наталля Антонаўна прайшла класічную школу балета, таму яна ведае, як стаць лёгкай на сцэне, не нарабіць грукату, і, адпаведна, перадае свае ўменні дзецям.

На яе думку, танец павінен расці разам з дзецьмі, таму яна любіць яго перарабляць, дабаўляючы больш складаныя элементы. Асабліва Наталлі Антонаўне падабаюцца стылізаваныя танцы, таму іх шмат у рэпертуары “Гарошынкі”.

А вось да танцаў-аднадзёнак адносіцца скептычна. Прызнаецца, што не любіць ды і не ўмее іх ставіць. “Танец павінен жыць як мага даўжэй і не пераставаць радаваць гледачоў. Каб яго стварыць, патрабуецца шмат сіл, шмат працы, пастаянная аддача і разуменне ў дзяцей, што яны — адзіны арганізм. А каб група па-сапраўднаму затанцавала, патрабуецца не менш за тры гады”, — адзначае Наталля Антонаўна. Для яе галоўнае, каб дзеці мелі не толькі добрую расцяжку, каардынацыю і пластыку, але і маглі скласці малюнак танца ў галаве. “Было і такое, што танец вучылі і адпрацоўвалі два гады, пакуль не станцавалі так, як гэта павінна быць. А інакш высокага рэзультату не дасягнуць”.

А рэзультат у “Гарошынкі” заўсёды высокі. Ансамбль – пастаянны ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, на якіх калектыў нязменна ўдастойваецца дыпломаў рознай ступені. Першая паездка за мяжу адбылася ў Славакію. Затым былі Парыж, дзе ансамбль атрымаў гран-пры, Італія, Прага і інш. Запамінальнай стала паездка ў Анапу на фестываль Саюзнай дзяржавы ў 2018 годзе. Арганізатарам фестывалю быў зацверджаны дадатковы дыплом для расійскага і беларускага калектываў – “Прыз глядацкіх сімпатый”, які і атрымала “Гарошынка”.

“Слёзы яшчэ нікому ні ў чым не дапамаглі”

Жыццё далёка ад бацькоў, ленінградская школа, у якой не было месца капрызам і слязам, паўплывалі на характар жанчыны, яе светапогляд. Яна дакладна ведае цану кожнаму “па” і кожнай перамозе. “Слёзы яшчэ нікому ні ў чым не дапамаглі, я ў гэтым упэўнена”, — рэзюмуе балетмайстар.

Самаадданай працы педагог вучыць і сваіх дзяцей. Да таго ж у калектыве падтрымліваецца дысцыпліна. Перад кожнай паездкай, асабліва за мяжу, праводзіцца інструктаж. Мастацкі кіраўнік вучыць дзяцей быць ветлівымі, паводзіць сябе прыстойна і паважаць сапернікаў.

Безумоўна, дасягненне поспеху немагчыма без адзінства і згуртаванасці калектыву. У гэтым плане многае залежыць ад асобы мастацкага кіраўніка, яго ўмення знайсці псіхалагічны кантакт са школьнікамі і іх бацькамі, стварыць атмасферу даверу і ўзаемавыручкі. Таму жыццё ансамбля не абмяжоўваецца рэпетыцыямі і выступленнямі, у ім заўсёды ёсць месца душэўным размовам за шклянкай чаю, дзеці нярэдка прыязджаюць дадому да свайго выкладчыка, застаюцца начаваць.

“Балет вылечвае ўсё”

Наталля Антонаўна — сапраўдны арыенцір для дзяцей. Яна на сваім прыкладзе паказвае, як танцы дапамагаюць добра выглядаць у любым узросце. “Балет вылечвае ўсё”, — дае падказку жанчына. “Танцы робяць дзяцей арганізаванымі, дысцыплінаванымі, паляпшаюць каардынацыю, асанку, у рэшце рэшт, адрываюць іх ад гаджэтаў. Дзяўчынкі прыгажэюць, выцягваюцца. Яны іншыя, адзрозніваюцца ад астатніх дзяцей”, — зазначае балетмайстар.

За чалавека гавораць яго справы

Нумар запамінаецца гледачам не толькі музыкай, пастаноўкай, грацыяй выканаўцаў, але і касцюмамі. Дзяржаўнае фінансаванне “Гарошынкі” невялікае, а так хочацца апрануць прыгожых дзяўчат у яркія касцюмы, каб яны ў поўнай меры адчулі сябе артысткамі. Калектыў жыве ў асноўным на ўласныя сродкі. Наталля Антонаўна сама выбірае тканіну, займаецца выкрайкай, касцюмы шыюцца па яе эскізах.

Кожны год у “Гарошынкі” справаздачны канцэрт, падчас якога старэйшая група паказвае да дзесяці нумароў з пераапрананнем. Касцюмаў трэба сапраўдны шмат, некаторыя педагог перашывае, аздабляе, каб даць новае жыццё.

Жыццё на два гарады

Акрамя “Гарошынкі” ў Наталлі Антонаўны ёсць яшчэ калектыў у мінскай школе — узорны ансамбль танца “Асарці”. “Дзе вы яшчэ знойдзеце мастацкага кіраўніка, у якога два ўзорныя калектывы на адлегласці 70 кіламетраў?” — усміхаецца жанчына. Для балетмайстра два калектывы абсалютна аднолькавыя і ўзаемазамяняльныя. Таксама мастацкі кіраўнік дзіцячых ансамбляў праводзіць заняткі па шэйпінгу для дарослых. Група жанчын “Здароўе” займаецца з 2001 года.

Багатым на круглыя даты аказаўся для Наталлі Антонаўны 2021 год. Так, нядаўна жанчына адзначыла асабісты юбілей, разам з мужам святкуе 35 гадоў шлюбу – каралавае вяселле, ансамблю танца “Асарці” спаўняецца 20, а харэаграфічнаму ансамблю “Гарошынка” — 35 гадоў. За час існавання калектыву змянілася не адно пакаленне танцораў, якім пашчасціла пабываць у карагодзе рэпетыцый, канцэртаў, фестываляў і конкурсаў. Наталлі Антонаўне заўсёды цяжка развітвацца з удзельнікамі ансамбля, якія заканчваюць школу. Але кожны год педагога чакаюць новыя дзеці. Вось і сёлета прышлі цудоўныя першаклашкі, і выкладчык вельмі разлічвае, што яны застануцца ў калектыве. Абавязкова застануцца, бо пабываць на планеце Наталлі Антонаўны Захаравай – гэта выключны шанс і вялікая ўдача.

Анастасія НОВІК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *