На радзіме Дзяржынскага

Афіцыйна Нумары

У музеі-сядзібе «Дзяржынава» адбыўся ўрачысты рытуал пасвячэння маладых афіцэраў у супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Эксклюзівам стаў удзел у ім дэлегацыі Расійскай Федэрацыі, у складзе якой былі – упершыню – крэўныя нашчадкі Ф. Э. Дзяржынскага.  

Як адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Валерый Вакульчык, гэта адна з важнейшых падзей у жыцці Камітэта. Сімвалічна, што адбываецца яна ў гістарычным месцы – на малой радзіме заснавальніка савецкай спецслужбы Ф. Э. Дзяржынскага, і акурат 11 верасня, у дзень яго нараджэння. Такім чынам  чэкісты аддаюць дань павагі  асобе гэтага чалавека, яго мэтанакіраванасці, сіле волі і мудрасці. 

…Побач з бюстам Ф. Э. Дзяржынскага –  стройныя шарэнгі маладога папаўнення. Засяроджаныя і падцягнутыя, вытрыманыя ў адзіным парыве пад сцягам КДБ, пад гукі Дзяржаўнага гімна. У сучасны неспакойны час гэта ім прадстаіць рэагаваць на знешнія і ўнутраныя пагрозы, несці груз адказнасці за бяспеку асобных рэгіёнаў, усёй краіны і беларускага народа ў цэлым. Ідэйная стойкасць, дысцыпліна, вытрымка, выключная адказнасць –  якасці, без якіх нельга ўявіць чэкіста. Па добрай традыцыі, маладыя афіцэры прымаюць Кодэкс гонару і клянуцца быць сумленнымі, самаахвярнымі, вернымі доўгу і Айчыне. Ім уручаюць службовыя пасведчанні. 

У адным страі з моладдзю – ветэраны, якія і сёння паказваюць прыклад грамадзянскасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі. З наказам звярнуліся да маладых супрацоўнікаў старэйшы ўнук Ф. Э. Дзяржынскага, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Фелікс Янавіч Дзяржынскі, саветнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, старшыня асацыяцыі Герояў Савецкага Саюза Мікалай Антошкін, старшыня ветэранскай арганізацыі КДБ Рэспублікі Беларусь «Гонар», заслужаны супрацоўнік органаў дзяржбяспекі Аляксей Васільеў. Слова ў адказ было сказана і ад маладога папаўнення. 

Вучні Цясноўскай школы, якая носіць імя Ф. Э. Дзяржынскага і з’яўляецца падшэфнай для Камітэта дзяржбяспекі рэспублікі, падрыхтавалі ўдзельнікам урачыстасці музычнае віншаванне. Хвалюючы момант – прыняцце ў рады членаў клуба «Юны дзяржынец» новых вучняў – актывістаў у вучобе, спорце і  грамадскім жыцці школы. Ім былі ўручаны пасведчанні і значкі, кожнаму з іх старшыня КДБ асабіста паціснуў руку і выказаў цёплыя пажаданні. 

На  заключэнне ўрачыстага рытуалу да бюста Ф. Э.  Дзяржынскаму былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі. Пасля ўсіх жадаючых запрасілі на экскурсію па музейных  пакоях. У адным з іх, дзе стаіць рарытэтны пісьмовы стол – за ім калісьці сядзеў маленькі Фелікс, – прадстаўнікі Саюза ветэранаў дзяржбяспекі Расійскай Федэрацыі пакінулі музею ў падарунак новыя кнігі, выдадзеныя ў Маскве, якія прысвечаны жыццю і дзейнасці Ф. Э. Дзяржынскага. За захаванне памяці пра гэтага легендарнага чалавека быў уручаны «Медаль Ф. Э. Дзяржынскага» старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыю Горлаву, а таксама дырэктару дзяржаўнай установы культуры «Музей-сядзіба «Дзяржынава» Тэрэзе Чуйко.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *