На ўсё Вечатарова «баявая» сям’я

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

Гэтыя майскія дні асаблівыя ў сям’і Івана Булаша.

Івану Віктаравічу – 98, і ў гады Вялікай Айчыннай вайны яму давялося прайсці з баямі Польшчу і Германію. Ён быў узнагароджаны медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Дэмабілізаваўся толькі ў лістападзе 1946 года. Вярнуўся ў родную вёску Вечатарова.

У лёсе ветэрана вайны Дзень Перамогі цесна пераплёўся яшчэ з адным майскім святам – работнікаў сувязі (адзначаецца 7 мая). Сімвалічна, што ў календары гэтыя святы знаходзяцца побач. Іван Віктаравіч амаль сорак гадоў працоўнага жыцця прысвяціў Стаўбцоўскаму ўчастку электрасувязі РУП «Белтэлекам».

Былыя калегі не забываюць свайго работніка, які адначасова з’яўляецца ветэранам вайны і ветэранам працы. Віншуюць яго з прафесійным і іншымі святамі і заўсёды знаходзяць магчымасць парадаваць не толькі ўвагай, але і падарункамі.

Часта заходзіць да ветэрана і старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская. «У Івана Віктаравіча цудоўная сям’я, і сам ён – узор акуратнасці, сціпласці, прыстойнасці. Для падрастаючага пакалення – сапраўдны прыклад мужчынскай годнасці», – заўважае Марына Аляксандраўна.

Прыкладам для нас служаць і адносіны ў сям’і Івана Віктаравіча і Ніны Аляксееўны Булаш. Муж і жонка адзначылі не так даўно 70-годдзе сумеснага жыцця. Іх сямейны саюз – шчаслівая гісторыя людзей, якія берагуць як скарб свае пачуцці, а на клопат і ўвагу адказваюць удзячнасцю.

Напярэдадні Вялікай Перамогі і прафесійнага свята сувязістаў жадаем шаноўнаму ветэрану вайны Івану Булашу моцнага здароўя, бадзёрасці і, безумоўна, – так трымаць, каб сустрэць сваё стагоддзе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *