Дырэктар аўтапарка №17: «Без збояў, з адноўленай маршрутнай сеткай»

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні прайшла прамая тэлефонная лінія з дырэктарам аўтапарка № 17 Іванам Бычкевічам. У пытаннях, якія паступілі, была заклапочанасць тым, каб паслугі грамадскага транспарту заставаліся даступнымі і зручнымі, адпавядалі сучасным патрабаванням якасці.

Што датычыць маршрутнай сеткі і раскладу руху аўтобусаў, то на цяперашні момант усе новаўвядзенні прыжыліся, пытанняў з імі фактычна не ўзнікла.

Нагадаем, што змяненні ў раскладзе руху аўтобусаў, як і адкрыццё новага маршруту, адбываецца праз прадпрыемства «Мінаблпасажыртранс», якому перададзены функцыі аператара аўтамабільных перавозак. Задача аўтапарка № 17 – аказанне паслуг па перавозцы пасажыраў. У раёне некаторыя прыгарадныя маршруты, як, да прыкладу, Стоўбцы – Любкаўшчына, абслугоўвае індывідуальны прадпрымальнік. На міжгародніх маршрутах, якія злучаюць населеныя пункты раёна з Мінскам і іншымі гарадамі, задзейнічаны прыватныя перавозчыкі.

Жыхары Заямнага звярнуліся з просьбай, каб на ранішні рэйс аўтобуса, калі едзе найбольшая колькасць людзей на работу і ў школу, аўтапарк выдзяляў аўтобус большай умяшчальнасці.

Іван Бычкевіч:

– Трымаем ваша пытанне на кантролі. Аўтапарку не хапае вялікіх аўтобусаў МАЗ-103. Адзін аўтобус такой маркі абслугоўвае маршрут Стоўбцы – Акінчыцы, другі – маршрут Стоўбцы – Новы Свержань. Тэхніка адпаведна 2018 і 2008 гадоў выпуску. Летась наш аўтобусны парк не абнаўляўся. Як толькі ААТ «Мінаблаўтатранс» будзе рабіць цэнтралізаваную закупку вялікіх аўтобусаў, ёсць дамоўленасць, што адзін з іх паступіць нам. Пусцім яго на абслугоўванне маршруту Стоўбцы – Заямнае. Усё будзе залежаць ад фінансавання.

– Зніклі некаторыя раннія маршруты. Чаму? Людзі ж ездзяць.

– Былі аб’яднаны першыя, самыя раннія, рэйсы аўтобусаў Стоўбцы – Старына і Стоўбцы – Заямнае. Пасажырапаток на іх быў невысокі. Стараемся не зрываць рэйсы, але ёсць праблема – недахоп вадзіцеляў. Пры штодзённай рабоце на лініі васьмі-дзевяці аўтобусаў у нас толькі 12 вадзіцеляў. Недастаткова і аўтобуснай тэхнікі. Запрашаем жадаючых, гатовы іх навучаць за кошт аўтапарка для адкрыцця патрэбных катэгорый. Сярэдні заробак вадзіцеля аўтобуса ў першым квартале склаў амаль 1200 рублёў.

2020 год быў вельмі складаным з-за каранавіруса. Спадзяёмся, што сёлетні завершым з прыбыткам. Мы ўжо назіраем попыт на заказныя аўтобусы – для экскурсійнага абслугоўвання. Наша грузавая тэхніка таксама запатрабавана дарожнымі і будаўнічымі арганізацыямі, працуем за межамі раёна.

– Магчыма рэйс да Прудоў на 09.20 у нядзелю замяніць пазнейшым, у 14.40?

– Гэты варыянт мы ўжо разглядалі і адмовіліся ад яго. На 09.20 едзе нямала пасажыраў да Дзераўной. У 15.00 з Куля адпраўляецца аўтобус праз Дзераўную. У такім выпадку атрымаецца, што два аўтобусы будуць ісці ў адным напрамку амаль адначасова. Усе змяненні па маршрутнай сетцы ўзгадняюцца з райвыканкамам і сельвыканкамамі.

– Чаму не ходзіць аўтобус у Баханы, хаця б некалькі разоў на тыдзень?

– Раней мы ўжо адкрывалі такі маршрут і праз некалькі тыдняў вымушаны былі яго закрываць з-за адсутнасці пасажыраў. Згодна з дзеючымі ўмовамі, мы не ўпаўнаважаны разглядаць пытанне аб адкрыцці новага маршруту – неабходна звяртацца ў «Мінаблпасажыртранс».

– Іван Мар’янавіч, а якія водгукі ад пасажыраў аб рабоце новай аўтастанцыі? 

– Аўтастанцыя была ўведзена ў строй пасля рэканструкцыі напрыканцы мінулага года. Водгукі цудоўныя. Пасажырам падабаецца, скаргаў няма. І нашым работнікам стала нашмат зручней працаваць.

 – Чаму не ўсе маршрутныя таксі ажыццяўляюць пасадку пасажыраў на аўтастанцыі?

– З намі заключыла дагавор толькі прадпрыемства «Мінівэн» – яго тэхніка заязджае на тэрыторыю аўтастанцыі, каб пасажырам было бяспечна, камфортна.

– Стаўбчане пацікавіліся пра сезонны маршрут Стоўбцы – Арцюхі. 

– Гэты маршрут для дачнікаў адкрыты 1 мая. Летась яго акупнасць склала 24 працэнты. Аўтапарк абслугоўвае яшчэ адзін сезонны маршрут, на тэрыторыі Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў (дачы – Энергетык).

– Як апрацоўваюцца аўтобусы, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруса?

– Штодзённа робім уборку аўтобусаў з прымяненнем сродкаў дэзынфекцыі.  Апрацоўваем парэнчы, ручкі і г. д. Спадзяёмся, што сёлета людзі будуць ездзіць больш, не будуць баяцца інфекцыі. Для транспартнікаў мінулы год выдаўся вельмі цяжкім. Толькі дзесьці ў пачатку лета мы змаглі аднавіць сваю маршрутную сетку. Сацыяльныя стандарты выконваем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *