З нагоды

Нумары Раённыя навіны

ЧАС КІРМАШОЎ: У НЯДЗЕЛЮ – НА РЫНАК

Таццяна Бычкоўская з вёскі Галабурдаўшчына (цяпер гэты населены пункт зліўся з вёскай Белькаўшчына) гаворыць, што яна жыць не можа без «Праменя». І мы верым Таццяне Уладзіміраўне: выпісвае яна газету без ніякіх  перапынкаў больш за 40 гадоў! Яна з нецярпеннем чакае прыходу паштальёна, адразу ж адкрывае свежы нумар, які яшчэ пахне друкарскай фарбай, і імкнецца прачытаць усё, нічога не прапускаючы.

Таццяна Уладзіміраўна гаворыць, што яна стала выпісваць «Прамень» з 1953 года, калі заступіла на працу ў Галавенчыцкую школу старшай піянерважатай. Потым на гэтай жа пасадзе яна доўгі час працавала ў Кнотаўшчынскай васьмігадовай школе. Сумяшчала працу старшай піянерважатай з работай школьнага бібліятэкара. Так што перыёдыка для яе напоўнена асаблівым значэннем і сэнсам.

Па жыцці Таццяна Бычкоўская –  аптыміст. У яе хапала сіл, энтузіязму, інтарэсу заўсёды быць у гушчыні падзей. Школа, дзе яна працавала, заўсёды была на віду па выдатнай арганізацыі работы піянерскай дружыны. Жыццё  дзяцей было напоўнена цікавымі, карыснымі справамі. І сама Таццяна Уладзіміраўна была заўсёды занята грамадскай работай. Яна з’яўлялася дэпутатам сельскага Савета, сакратаром выбарчай камісіі, была народным засядацелем у судзе. Такая актыўная жыццёвая пазіцыя дапамагае Таццяне Уладзіміраўне ў яе шаноўным узросце заставацца нераўнадушным чалавекам, які мае да ўсяго інтарэс. У яе і цяпер дагледжаны двор і ўся сядзіба, радуе вока багацце клумбаў. Ды і інтэр’ер дома сагрэе ўтульнасцю і дагледжанасцю. Вялікім упрыгажэннем пакояў з’яўляюцца вышытыя рэчы, самаробныя дываны. Усё гэта выканана рукамі Таццяны Уладзіміраўны. Сапраўдны скарб для нашчадкаў. Беражліва адносяцца да гэтых рукатворных мастацкіх здабыткаў  дачка Наталля Ярашэвіч, начальнік аддзела інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне, і сын Віктар Бычкоўскі, кіраўнік прыватнай фірмы ў сталіцы.

Таццяна Бычкоўская просіць нас перадаць удзячнасць усяму калектыву газеты, рэдактару за тое, што газета цікавая, і гэта вялікая праца зрабіць яе такою. І мы ўдзячны Таццяне Уладзіміраўне за вернасць нашай газеце. Такія падпісчыкі – таксама скарб выдання. Газета ж выходзіць для таго, каб яе чыталі. І любілі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ: ДА СВЯТЫНЬ ПОЛАЦКАЙ ЗЯМЛІ

Прафсаюзная арганізацыя райспажыўтаварыства, якую ўзначальвае Валянціна Ліпніцкая, пастаянна імкнецца аб’яднаць працаўнікоў спажывецкай кааперацыі ў сумесных святах, паездках. У гэтым годзе пабылі ў тэатры ў Мінску, а нядаўна здзейснілі аўтобусам аўтапарка № 17 турыстычную паездку ў Полацк.

Экскурсія па полацкай святой зямлі пакінула ва ўсіх незабыўныя ўспаміны. Уразіў сам старадаўні горад Полацк у час аглядавай экскурсіі. Наведалі знакаміты музей кнігадрукавання. У Сафійскім саборы паслухалі канцэрт арганнай музыкі.

А найбольш крануў душу Свята-Ефрасіньеўскі манастыр. Архітэктурны ансамбль манастыра фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў. Гэта адзін з самых старадаўніх манастыроў на Русі, заснаваны ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя прападобнай Ефрасінняй Полацкай, праўнучкай роўнаапостальнага князя Уладзіміра. У Свята-Уздзвіжанскім саборы святой абіцелі знаходзяцца мошчы прападобнай Ефрасінні. Яна з’яўляецца заснавальніцай жаночага манаства на Русі, асветніцай беларускай зямлі і першай жанчынай на ўсходнеславянскіх землях, прылічанай да ліку святых.

Гэтая паездка для працаўнікоў райспажыўтаварыства стала не толькі пазнавальнай, але і карыснай для душы.

 

УБОРКА БУЛЬБЫ: З ДАПАМОГАЙ ШКОЛЬНІКАЎ

У ААТ «Рубяжэвічы» адправіліся вучні СШ №  3 г. Стоўбцы, Засульскай і мясцовай Рубяжэвіцкай школ на дапамогу ва ўборцы бульбы. Стаяць пагодлівыя дні залатой восені, і іх трэба скарыстаць для плённай работы.

Вучні СШ № 3 на мінулым тыдні папрацавалі ў ААТ «Каганец»  на ўборцы сталовых буракоў.

У некаторых школ раёна, як Вішнявецкай, ёсць дамоўленасць, што мясцовая гаспадарка забяспечыць школьную сталовую бульбай без удзелу вучняў у сельгасработах.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *