Ваенныя камісары – у спартыўнай форме

Главное Год народного единства Спорт

image_pdfimage_print

У Стоўбцах, на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу, прайшоў трэці этап спартакіяды ваенных камісараў Мінскай вобласці. Спаборніцтвы праходзяць па чарзе ў розных раёнах Міншчыны. Стаўбцоўшчыне выпала стаць пляцоўкай для найбольш відовішчных спартыўных мерапрыемстваў – па міні-футболе.

Сабраліся каманда ваеннага камісарыята Мінскай вобласці і пяць зводных камандаў, у тым ліку зводная каманда Клецкага, Нясвіжскага, Капыльскага і Стаўбцоўскага ваенкаматаў, сфарміраваныя з ліку ваеннаслужачых і супрацоўнікаў грамадзянскага персаналу.

Усе ўдзельнікі былі настроены перамагчы. Іх памкненні падтрымалі ваенны камісар Мінскай вобласці Ігар Тарабеш і старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень. Дзяніс Сяргеевіч, знаёмячы гасцей са Стаўбцоўшчынай, зрабіў акцэнт на развіцці спартыўнай інфраструктуры.

– На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 85 спартыўных аб’ектаў, і самы буйны сярод іх – ФАК. Гэта сучасны запатрабаваны комплекс, які летась адзначыў пяцігоддзе. У Стоўбцах дзейнічае стадыён са штучным пакрыццём для вялікага футбола. Ёсць футбольная каманда «Кронан». Ідзе будаўніцтва новай школы, дзе таксама будзе створана добрая спартыўная база. Адным словам, у Стоўбцах любяць спорт і з ахвотай ім займаюцца, – падвёў вынік Дзяніс Колясень.

Слова было дадзена старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгору Мамайку, які цесна супрацоўнічае з райваенкаматам і пад кіраўніцтвам якога працуе тытулаваны ваенна-спартыўны клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». Клубаўцы падрыхтавалі паказальнае выступленне, і яно, дарэчы, стала адметнасцю спартакіяды.

На поле выйшаў суддзя Рэнат Шкварчанка, які пазнаёміў з правіламі гульні. У выніку жараб’ёўкі ўтварыліся дзве групы па тры каманды. Яны гулялі два таймы па 10 мінут. Па выніках групавога этапу адбыліся фінальныя матчы.

У матчы за першае месца разгарнулася сапраўдная барацьба. У ёй з лікам 2:1 каманда ваеннага камісарыята Мінскай вобласці перамагла зводную каманду Клецкага, Нясвіжскага, Капыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Бронзавыя медалі дасталіся прадстаўнікам зводнай каманды Слуцкага, Старадарожскага, Салігорскага, Любанскага і Пухавіцкага раёнаў.

Каманды-пераможцы і прызёры ўзнагароджаны кубкамі і граматамі, іх удзельнікі – медалямі.

За волю да перамогі адзначаны ваенныя камісары: палкоўнік Мікалай Шапялевіч (Салігорскі і Любанскі раёны), палкоўнік Аляксандр Мацецкі (Маладзечанскі і Валожынскі раёны), падпалкоўнік Алег Радкевіч (Мядзельскі раён).

Лепшым варатаром турніру прызнаны афіцэр аддзела аўтаматызацыі ваеннага камісарыята Мінскай вобласці старшы лейтэнант Дзмітрый Лук’янаў, абаронцам – вартаўнік Нясвіжскага аб’яднанага райваенкамата Сяргей Васілевіч, нападаючым – намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнага аддзела Слуцкага аб’яднанага райваенкамата Юрый Пігулеўскі. Перамога – за наймацнейшымі.

Напярэдадні Дня Перамогі ваенныя камісары засталіся верныя традыцыі ўшанавання герояў Вялікай Айчыннай вайны: яны ўсклалі кветкі да помніка на плошчы Бессмяротнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *