Праекты: Няхай у вёсцы ўладараць маладыя!

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

З палажэння «Уладар сяла-2014»

Праект арганізаваны пад эгідай раённага камітэта БРСМ пры падтрымцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённага савета аграпрамысловага саюза (старшыня Іосіф Меляшкевіч), кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі» і Старасвержанскага цэнтра культуры (дырэктар – Валерый Пугач, мастацкі кіраўнік – Ала Целяўко).

Мэта праекта – папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і побыту, павышэнне ролі і значнасці сям’і як важнейшага сацыяльнага інстытута грамадства. Сярод задач праекта – садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы, актывізацыя работы па добраўпарадкаванні сельскіх падворкаў і вядзенні ўласных  падсобных гаспадарак на высокім узроўні, заахвочванне сельскай моладзі да здаровага ладу жыцця.

Раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2014», які прайшоў на базе ААТ «Агранёманскі» і Старасвержанскага цэнтра культуры пад эгідай БРСМ, пазнаёміў з цікавымі маладымі сем’ямі, што жывуць і працуюць на Стаўбцоўшчыне. 

Сапраўды, прыгожае відовішча: кожная з пяці сем’яў, якія выказалі жаданне прыняць удзел у конкурснай праграме, апранута ў народныя строі. Не пазнаць вадзіцеляў і жывёлаводаў гаспадарак, не адвесці вачэй ад іх дзетак у вышытых кашулях, саламяных капелюшах і капялюшыках.

У дзвюх сем’ях – Аляксандра і Марыі Руч’ёвых (ААТ «Дзераўное») і Аляксандра і Людмілы Курдун (ААТ «Жацерава») – па трое дзетак. Прычым, у Руч’ёвых – адны хлопчыкі, у Курдуноў – адны дзяўчынкі. Нягледзячы на «дзявочую» перавагу, сям’я Курдуноў трымае на падворку каня, карову,  птушку, засаджвае вялікі агарод. У Руч’ёвых сям’я вельмі дружная  – яна  прыехала на свята разам з бабуляй. У конкурсе «Уладар сяла» гэтая сям’я бярэ ўдзел  другі раз.

У сем’ях Аляксея і Тамары Няволькаў (ААТ «Агранёманскі»), Сяргея і Анастасіі Юргель (ААТ «Вішнявецкі-агра») – па двое дзетак і – абедзве мамы яшчэ знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Пятай з сем’яў (пад такім нумарам яна і выступала пасля жараб’ёўкі) – Міхаіла і Іны Муравейкаў (ААТ «Вялікі Двор»), якія гадуюць сыночка Сямёна, – на гэтым фоне ёсць за кім і да чаго імкнуцца.

Першае знаёмства з сем’ямі, аздобленае іх творчасцю і, безумоўна, хваляваннем, а таксама прывітанне ад імя раённага выканаўчага камітэта, якое выказаў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Загдай, адбылося на сцэне, а далейшая і асноўная праграма конкурсу перанеслася на вуліцу, на імправізаваны падворак, створаны акурат па суседстве з Цэнтрам культуры. Мужу і жонцы трэба было паказаць сябе ў розных ролях: дрывасекаў – нарэзаць і накалоць дроў, скласці іх у паляніцу, коннікаў – запрэгчы і распрэгчы каня. Выключна галаве сям’і прадстаяла паказаць сябе ў конкурсе «Касьба». Кампетэнтнае журы ацэньвала якасць і хуткасць выкананых работ. Культработнікі падабралі адмысловае музычна-песеннае суправаджэнне пад кожны від работ.               

Напэўна, самым відовішчным і ўсмешлівым быў конкурс «Коннікі». Муж на вачах у шматлікай публікі запрагаў гнедага прыгажуна, пасля чаго жонцы трэба было яго распрэгчы. Усе ўдзельніцы паспяхова, няхай і з падказкамі мужа (правіламі конкурсу гэта не было забаронена), справіліся з заданнем. Майстэрства дарослых ацэньвалі і дзеці, якія гарэзліва сачылі за ўсім, забраўшыся на воз. А самы мужчынскі конкурс – касьба – стаў сапраўдным выпрабаваннем. На ўчастку люцэрны яны працавалі з касой тры мінуты, аднак за гэтыя мінуты з касцоў сышоў не адзін пот. Работа цяжкая,  і, шчыра сказаць, адвыклі ад яе не толькі ў горадзе, а і на сяле. Гук бензакасыўсё больш замяняе звонкі голас сялянскай касы. Разам з тым, майстэрства Аляксея Няволькі і Аляксандра Руч’ёва заслужыла самых высокіх балаў – 10 і 9 адпаведна.

Лагічна, што пасля напру-жанай працы, без якой не абыходзіцца жыццё на вёсцы, пачаліся два наступныя і заключныя конкурсы: конкурс хатніх далікатэсаў і  падагульняючы конкурс сямейных дасягненняў. Кожная сям’я прадставіла свае фірменныя стравы, творчыя вырабы і нумары. Сям’я Руч’ёвых, напрыклад, выпекла з бульбы парася з парасяткамі, з мукі – здобныя «хру-хру» па-дзераўнянску, падрыхтавала чароўны кошык з сялянскай каўбасы. Уловам – рыбным і грыбным – частавала сям’я Няволькаў: Аляксей здабыў гэты ўлоў, а Тамара, повар па спецыяльнасці, падала яго на стол з такім аздабленнем, што мог бы «адпачываць» і самы вытанчаны рэстаран. Сям’я Муравейкаў «прыправіла» сваю смакату частушкамі і запрасіла на прэзентацыю.

– Па выніках конкурсу найбольш балаў набрала ўвішная сям’я Няволькаў, але літаральна ўсе ўдзельнікі праекта даказалі, што сапраўднай сям’і па сіле і песню заспяваць, і любую работу выканаць. Кожная з іх па-свойму прыгожая, таленавітая і шчаслівая. А праект «Уладар сяла» спадабаўся ўсім, яго варта працягваць, – падкрэсліла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

За свае сямейныя дасягненні і традыцыі ўсе ўдзельнікі праекта атрымалі граматы раённага камітэта БРСМ і сертыфікаты на 500  тысяч рублёў, спансіраваныя раённым саветам аграпрамысловага саюза, каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Сям’і-пераможцы Аляксея і Тамары Няволькаў дастаўся яшчэ і суперпрыз конкурсу – цялятка.

На здымках: сям’я Няволькаў – «Уладар сяла-2014» на Стаўбцоўшчыне; усе Руч’ёвы перад конкурсным стартам; узнагароды – сям’і Аляксандра Курдуна; умеюць працаваць з пілою Сяргей і Анастасія Юргелі; касіў Аляксей  люцэрну; быць коннікамі Міхаілу і Іне Муравейкам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Дарэчы. 12 верасня прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2014». Стаўбцоўшчыну прадстаўлялі на ім Міхаіл і Іна Муравейкі – вадзіцель ААТ «Вялікі Двор» і настаўніца фізічнай культуры Нававёскаўскай школы, разам з сынам Сямёнам.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *