За здаровы лад жыцця

Кантроль, бяспека Нумары

З 15 па 21 верасня РАУС праводзіць мерапрыемствы комплексу «Стоп, насілле», накіраваныя на комплекснае прыняцце мер індывідуальнай прафілактыкі да грамадзян, схільных да правапарушэнняў, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін.

 дзень цвярозасці

Рашэннем райвыканкама на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна 18 верасня аб’яўлена Днём цвярозасці. У гэты дзень у гандлёвых кропках не будуць прадавацца спіртныя напіткі.

Распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, барацьбу з гэтымі негатыўнымі праявамі. Намечаны выезд інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у працоўныя калектывы, дзе будуць праведзены гутаркі аб шкодзе алкаголю. Свае задачы на фронце барацьбы з п’янствам і ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, медыкаў, работнікаў культасветустаноў, грамадскіх фарміраванняў.

Увогуле ж дні цвярозасці, якія будуць аб’яўляцца штомесячна, вызначаюцца з мэтай аздараўлення грамадства. Канкрэтна ж, 18 верасня з 09.00 да 11.00 у раённай паліклініцы можна будзе атрымаць бясплатную кансультацыю ўрача-нарколага.

 

 ПРАКУРОРСКІ НАГЛЯД: ЗАЛЕЖЫЦЬ І АД СОЦЫУМУ

Праведзена каардынацыйная нарада, на якой разгледжана пытанне эфектыўнасці работы суб’ектаў прафілактычнай дзейнасці па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, у тым ліку сярод непаўналетніх, у маладзёжным асяроддзі.

Нягледзячы на зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых сёлета ў стане алкагольнага ап’янення (з 94-х да 83-х пры 265-ці ўсіх зарэгістраваных злачынстваў за сем месяцаў бягучага года), праблема алкагалізацыі насельніцтва застаецца. П’янства і алкагалізм адмоўна ўплываюць на стан правапарадку ў раёне. Па даных на 01.08.2014 на ўліку ў цэнтральнай раённай бальніцы знаходзіліся  1173 чалавекі, з іх 496 – з псіхічнымі расстройствамі, выкліканымі ўжываннем алкаголю, 677 – з сіндромам залежнасці ад алкаголю. Трывогу выклікае тое, што на прафілактычным і кансультацыйным уліках – 48 непаўналетніх. 

Статыстыкай злачыннасці рэгіструюцца адно забойства, чатыры факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і факт менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў, нанесеных асобай у стане алкагольнага ап’янення. Два злачынствы з 12-ці, учыненых непаўналетнімі, значацца за адным падлеткам. У момант іх учынення ён быў у нецвярозым стане.

Злоўжыванне алкаголем становіцца прычынай гібелі людзей. Ад атручэння алкаголем сёлета памерла  трое жыхароў раёна. Акрамя таго, у выніку пажараў загінулі шэсць чалавек (усе ахвяры былі ў стане алкагольнага ап’янення). Аналіз дарожна-транспартных здарэнняў, дзе ёсць пацярпелыя, сведчыць, што з 12-ці падобных ДТЗ на тэрыторыі раёна тры – на рахунку нецвярозых вадзіцеляў.

За распіванне алкагольных напіткаў у грамадскім месцы або знаходжанне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 676 грамадзян (306 – паўторна на працягу года), 71 асоба – за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. За выраб і набыццё самагону, паўфабрыкатаў для яго вырабу, захоўванне самагонных апаратаў панеслі адказнасць  47 асоб. 80 правапарушэнняў учынена непаўналетнімі, 32 падлеткі пайшлі на іх пасля ўжывання спіртнога.

За сем месяцаў бягучага года судом раёна былі накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый 25 асоб (за аналагічны леташні перыяд – 23), а трое грамадзян, якія злоўжывалі спіртным і ставілі сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, абмежаваны ў дзеяздольнасці.  

Практыка пракурорскага нагляду паказвае, што аднымі адміністрацыйнымі мерамі пераадолець п’янства і алкагалізм немагчыма. Асобам, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм і вырашылі стаць на шлях выпраўлення, неабходна комплексная дапамога, скіраваная на іх сацыяльную адаптацыю. Вынік у даным накірунку ў многім залежыць ад ініцыятывы сельвыканкамаў, працоўных калектываў і грамадскіх фарміраванняў, здольных далучаць гэтых людзей да працоўнай і іншай грамадска-карыснай дзейнасці.

Па выніках каардынацыйнай нарады выпрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы па папярэджанні п’янства і алкагалізму, у тым ліку сярод непаўналетніх і ў маладзёжным асяроддзі, якія накіраваны для выканання ўсім суб’ектам прафілактыкі.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор раёна

 

СЛОВА НАРКОЛАГА: НЕ ПРЫЧЫНІЦЬ САБЕ ШКОДЫ

Урач псіхіятр-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Павел Асцюкевіч адказаў на пытанні нашых чытачоў адносна вельмі важнай тэмы – ужывання спіртнога, якое становіцца вялікай праблемай у жыцці многіх людзей і іх сем’яў.

–       Спіртное вельмі  распаўсюджана, без яго не абыходзяцца ўрачыстасці. Як яго можна ўжываць з мінімальнай рызыкай для здароўя?

–       Адрозненне алкаголю ад іншых харчовых прадуктаў звязана з яго здольнасцю ўплываць на псіхічную дзейнасць чалавека: эмоцыі, паводзіны, мысленне. Таму алкаголь і адносяць да псіхаактыўных рэчываў, якія здольныя выклікаць залежнасць. Пад залежнасцю разумеюць від  ужывання, які наносіць шкоду фізічнаму здароўю (павышэнне ціску, паражэнні печані, сэрца, нерваў) і псіхічнаму (бяссонніца, дэпрэсія, трывожны стан). Гэта становіцца прычынай звальненняў з работы, сямейных скандалаў і разводаў, арыштаў. Злоўжыванне ўжо з’яўляецца хваравітым станам і патрабуе ўмяшальніцтва ўрача. На першапачатковым этапе дапамогу можа аказаць  тэрапеўт ці неўрапатолаг, якія маюць навыкі кароткачасовага ўмяшальніцтва пры алкагольных праблемах. Пры больш цяжкіх станах чалавек мае патрэбу ў дапамозе нарколага ці псіхатэрапеўта. Дыягназ залежнасці можа быць пастаўлены пры штотыднёвых аднадзённых выпіўках, скажам, пасля работы, ці чатырох тыднях  запою за год.

–  Якія характарыстыкі чалавека павышаюць рызыку развіцця залежнасці ад алкаголю?

–       Асноўнымі з іх з’яўляюцца  ранняе першае ўжыванне алкаголю, малады ўзрост (16-19 гадоў), жыццё па-за шлюбам, нізкі даход, адсутнасць работы, знаходжанне на пенсіі. Псіхалагічнымі праблемамі з’яўляюцца перапады настрою, раздражняльнасць, агрэсіўныя паводзіны, азартныя гульні.

–       Што можна параіць чалавеку, які ўжывае алкаголь умерана?

–       Неабходна папярэдзіць развіццё злоўжывання і алкагольнай залежнасці, а гэтага можна дасягнуць толькі пастаянным захаваннем межаў умеранага ўжывання алкаголю.

–       Як жа піць менш?

–       Разбаўляйце спіртныя напіткі, замяняйце іх безалкагольнымі, ешце перад выпіўкай  і пасля яе. Старайцеся адцягнуць увагу ад чаркі, піць марудна, займайцеся чым-небудзь іншым, каб менш выпіць. Старайцеся не трапляць у сітуацыі высокай рызыкі, калі магчыма страта кантролю. Старайцеся не піць, калі вам сумна ці адзінока, пры бяссонніцы, у пачуцці трывогі. Паспрабуйце іншыя формы адпачынку і забаў. Важна мець зносіны з тымі, хто ўмерана ўжывае спіртное і гатовы падтрымаць вас, каб вырашыць алкагольныя праблемы.

–       Што ж пажадаць чалавеку і яго родным пры ўжо існуючай праблеме залежнасці?

–       Калі вы не можаце абмежаваць ужыванне алкаголю самастойна, то не адчайвайцеся. У сучасны момант ёсць дастаткова кваліфікаваных спецыялістаў – псіхатэрапеўтаў і нарколагаў, якія ананімна без усякай пастаноўкі на ўлік, без паведамлення на работу і  акажуць эфектыўную дапамогу. Галоўнае, памятайце, алкагалізм – вылечны. Аднак вынікам яго лячэння з’яўляецца не аднаўленне здольнасці зноў выпіваць у кампаніі, як усе, па 100 грамаў, а эфектыўнае захаванне цвярозасці на працягу доўгага часу. Тэлефон кабінета нарколага раённай паліклінікі – 5-33-79.

 

 ЛЕКТОРЫІ: ЦВЯРОЗАЯ МОЛАДЗЬ – ЗДАРОВАЯ НАЦЫЯ

Нягледзячы на тое, што дзеці і падлеткі ведаюць аб шкодзе алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва, ужыванне гэтай прадукцыі падрастаючым пакаленнем усё ж мае месца. Таму яшчэ раз хочацца нагадаць падлеткам, што алкаголь разбурае ўсе органы і сістэмы, і прыводзіць да заўчаснай смерці. Але цяжкія наступствы ўжывання алкаголю наступаюць не адразу. Уздзеянне яго на арганізм чалавека ва ўсіх спіртаўтрымліваючых напітках ідэнтычна з уздзеяннем наркатычных рэчываў  і тыповых ядаў. Перш за ўсё алкаголь валодае наркатычнымі свойствамі: да яго вельмі хутка прывыкаюць, і ўзнікае неабходнасць у  паўторных прыёмах. А па меры ўжывання, для атрымання такога ж эфекту, з кожным разам патрабуецца ўсё большая доза. І малады арганізм хутка становіцца палоннікам «зялёнага змея». 

Часцей за ўсё моладзь аддае перавагу піву і джын-тоніку. Чаму? У першую чаргу з-за кошту і прыемнага смаку. Аднак вышэйназваныя напоі прылічваюцца да алкагольных. Этанол у піве нічым не адрозніваецца па сваім  уздзеянні на арганізм чалавека. І напітак гэты не небяспечны, як думаюць многія, а даволі каварны. Звычка пастаянна піць піва прыводзіць да лёгкага фарміравання алкагалізму і  наносіць сур’ёзны ўрон не толькі здароўю, а і пагражае бяспецы людзей. Пацвярджэнне гэтаму – аварыі на дарогах. Піўное пахмелле больш інтэнсіўнае, чым ад гарэлкі  – піва мае  моцны мачагонны эфект  і выклікае абязводжванне арганізма з усімі наступнымі цяжкімі сімптомамі.

Джын-тонікі і аналагічныя ім напіткі многія ўрачы лічаць забойцамі моладзі. Гэта пякельныя шматкампанентныя сумесі, у складзе якіх алкаголь і кафеін, стымулятары ў выглядзе вітамінаў, вуглекіслата, смакавыя і араматычныя дабаўкі, кансерванты. Сэрца, печань, сасуды, мозг, органы дыхання, падстраўнікавая залоза – няма ніводнага органа і сістэмы, па якіх не ўдарыў бы даны напітак з бяскрыўднымі, на першы погляд, градусамі. Ведайце: не бывае бяспечных спіртных напіткаў і няма бяспечных доз.

Да пачатку дзевятнаццатага стагоддзя алкагалізм разглядаўся як наступства дрэннага  выхавання, маральнай разбэшчанасці або слабаволля, а з сярэдзіны дваццатага – як хвароба. Для таго каб не прыйшлося гэтую хваробу лячыць, лепш на яе  не захварэць.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

СЕЗОН: НЕ СПАЗНІЦЦА Ў ЗІМУ

Да 1-га кастрычніка ўсімі суб’ектамі гаспадарання павінен быць падпісаны асноўны «пропуск» у зіму – пашпарт гатоўнасці. Ёсць графік іх рэгістрацыі, зацверджаны райвыканкамам. Інспектары Стаўбцоўскага міжраённага аддзела «Энерганагляд» Сяргей Хвасько і Таццяна Герасімовіч аналізуюць ход «пашпартызацыі»:

– Па апошніх даных, са 133-х спажыўцоў цеплавой энергіі раёна зарэгістравалі пашпарты гатоўнасці 71 (53,4 працэнта), з 86-ці цеплакрыніц – толькі 20 (23,3 працэнта). Некаторыя ўжо прапусцілі свае тэрміны, працуюць з відавочным спазненнем графіка. У першую чаргу гэта датычыць аб’яднання камунальных службаў, райспажыўтаварыства, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райаддзела міліцыі, Хатаўскога спіртзавода, раённага вузла паштовай сувязі, прыватнага прадпрыемства «Юніспектр», жыллёва-будаўнічых кааператываў – «Ліра-74», «Завадчанка», «Вясна-60», «Жамчужына-1», «Дабранка», «Стаўбчанка», «Стоўбцы-2», «Стоўбцы-3».  

Як патлумачылі інспектары, парадак устаноўлены такі, што ў адносінах да цеплакрыніц неабходна папярэдне атрымаць заключэнне Дзяржпрамнагляду. Апошняе і стала для некаторых спажыўцоў значным стрымліваючым фактарам. Варта назваць аб’яднанне камунальных службаў, дзе ў адносінах толькі да 10 цеплакрыніц (з 35-ці наяўных) ішла размова пра гатоўнасць да работы ў асенне-зімовы перыяд. Разам з тым, іншы малюнак з  аб’ектамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. У школах і дзіцячых садах сёлета своечасова былі выкананы гідравыпрабаванні і нарэшце прыступілі да ажыццяўлення такіх відаў работ, да якіх раней проста не даходзілі рукі (замена арматуры і радыятараў, урэзка шаравых кранаў і т. п.). У плане электрамантажных работ на аб’ектах адукацыі таксама назіраюцца за апошні час адчувальныя падзвіжкі. Мяняюцца электраправодка і электракабель, выкананы работы па замене ўводных размеркавальных прыстасаванняў  у школах і дзіцячых садах у Наваколасаве  і Заямным, у Засульскай школе, на фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Меліяратар».

У цэлым, што датычыць падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2014-2015 гадоў электрагаспадаркі арганізацый раёна, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд» Валерый Шыдлоўскі называе шэраг недахопаў:

– Пры аглядзе электраўстановак РУП «Стаўбцоўскае АКС» былі прадстаўлены новыя кацельні ў Наваколасаве, Налібаках, Новым Свержані, дзе грубых парушэнняў не выяўлена, аднак кацельня ў Дзераўной (у раёне возера, яна абагравае бліжэйшыя жылыя дамы), кацельня Засульскай школы сілкуюцца ад адной крыніцы электрасілкавання, што зніжае надзейнасць электразабеспячэння. Рэзервовыя крыніцы неабходнай магутнасці ў аб’яднанні камунальных службаў адсутнічаюць.  Пакуль «невядомым» застаецца і стан электраўстановак жылых дамоў, якія знаходзяцца на балансе АКС. Мяркуючы па выніках леташніх праверак, праблем  шмат. Нельга не сказаць і пра ТАА «Белсэрвісзабеспячэнне» (г. Стоўбцы, вул. Гагарына, 88-а; тэрыторыя былога дрэваапрацоўчага камбіната), дзе самавольна, без  адпаведнай тэхнічнай дакументацыі і допуску, працягваецца эксплуатацыя кацельні, вытворчых памяшканняў. Кіраўніцтва гэтага прадпрыемства было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, аднак сітуацыя застаецца той жа. Вырашаецца пытанне аб спыненні падачы электраэнергіі данаму спажыўцу.     

З лепшага боку былі адзначаны электрагаспадаркі жыллёва-будаўнічых кааператываў: «Калінка-1», «Крышталь-5», «Жамчужына-1».

Да 1-га кастрычніка застаецца зусім няшмат часу. Суб’ектам гаспадарання варта паспяшацца з выкананнем падрыхтоўчых мерапрыемстваў і рэгістрацыяй пашпартоў гатоўнасці ў Энерганаглядзе (г. Стоўбцы, вул. Казлова, 3-а; тэл. 5-47-43, 5-01-31).

 

ВАКЦЫНАЦЫЯ СУПРАЦЬ ГРЫПУ

У раёне пачынаецца масавая сезонная імунізацыя, якая з’яўляецца самай лепшай мерай прафілактыкі такога цяжкага інфекцыйнага захворвання як грып. З прышчэпкай чалавек атрымлівае часцінку віруса, да якога арганізм выпрацоўвае антыцелы і на працягу пэўнага часу – ад паўгода да года –  грып яму не страшны. Рабіць прышчэпку патрэбна не ў разгар эпідэміі, а восенню, каб паспеў сфарміравацца імунітэт да хваробы. Таму ўжо цяпер неабходна задумацца аб вакцынацыі.

У нашым раёне запланавана  прышчапіць ад грыпу 40 працэнтаў насельніцтва. Бясплатна вакцынуюць тых, хто трапляе ў групу рызыкі, – медыкаў, дзяцей, работнікаў транспарту, людзей з хранічнымі захворваннямі. Усе астатнія могуць зрабіць прышчэпку на платнай умове. Поспех імунізацыі ў многім залежыць ад адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. У працоўныя калектывы разасланы пісьмы з прапановай арганізаваць імунізацыю для працаўнікоў. Паспяхова і своечасова праведзеная імунізацыя папярэдзіць ад масавых бальнічных лісткоў, і арганізацыя нічога не згубіць, а толькі сэканоміць.

Вельмі важна вакцынаваць дзяцей. Пры грыпознай інфекцыі пашкоджваюцца функцыі практычна ўсіх сістэм арганізма, уключаючы і імунную. Дзіця, якое перахварэла на грып, становіцца аслабленым і падвержаным  розным вірусным і бактэрыяльным інфекцыям.

У цэнтральнай раённай бальніцы закуплена вакцына «Фловаксін» вытворчасці Кітая. Па вопыту мінулага года вакцына выдатна сябе зарэкамендавала, ускладненняў пасля вакцынацыі не зарэгістравана. Вакцынацыя «Фловаксінам» з паслугамі медперсаналу абыдзецца ў 60150 рублёў. Імунізацыя французскім прэпаратам «Ваксігрып» у два разы даражэйшая.

Вакцынацыя праводзіцца ў цэнтральнай раённай бальніцы з верасня. І французская, і кітайская вакцыны адпавядаюць патрабаванням Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Для вакцынацыі дастаткова звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта альбо ў прышчэпачны кабінет № 240 райпаліклінікі. У сельскай мясцовасці вакцынацыю правядуць у амбулаторыях ці ўчастковых бальніцах.

Аляксей БОНДАРАЎ, урач-эпідэміёлаг

 

ПАЙСЦІ Ў ЛЕС І НЕ ЗАБЛУДЗІЦЦА

Пачаўся традыцыйны грыбны сезон, а разам з ім пачасціліся выпадкі, калі грыбнікі блудзяць у лесе.

Заблудзіцца ў лесе можа кожны,  здольнасць арыентавацца на мясцовасці развіта ва ўсіх па-рознаму. Штогод у міліцыю Мінскай вобласці паступае каля 25 тысячы заяў аб знікненні грамадзян. Большасць іх удаецца адшукаць у ходзе першапачатковых вышуковых мерапрыемстваў. Калі не ўдаецца – па кожным такім факце ўзбуджаецца крымінальная справа.

Галоўная небяспека для таго, хто заблудзіўся, –  уласны страх. Выкід адрэналіну ў кроў бывае пры гэтым настолькі моцным, што нават дарослы чалавек пачынае дзейнічаць насуперак усякай логіцы.

Што варта зрабіць  у падобнай сітуацыі? Супакоіцца, спыніцца і падумаць. Прыслухацца да шуму машын, стуку сякеры, выстралаў, брэху сабак, галасоў – усе гэтыя гукі могуць вывесці да людзей. Не спрабуйце лезці на высокае дрэва – гэта небяспечна, ды і нерэальна забрацца так высока, каб нешта разглядзець. Трымайцеся рэк і ручаёў, ідзіце ўздоўж іх, уніз па цячэнні. Каля іх больш шанцаў адшукаць сцяжынку, якая вядзе да населенага пункта. Абавязкова пакідайце за сабою паметкі: засечкі на ствалах дрэў, зламаныя галіны  і т. п. Калі адчулі пах дыму – ідзіце супраць ветру (да крыніцы дыму).

Лінія электраперадач, прасека, рэчка, сцежка – таксама могуць дапамагчы.

Дапамогуць і прыродныя арыенціры. Каля сямі гадзін раніцы сонца заўсёды на ўсходзе, у гадзіну дня – на поўдні, у сем вечара – на захадзе. Рэкамендуем браць з сабою ў лес нож, запалкі і гадзіннік. Гадзіннік можа служыць заменай компасу. Так, калі на сонца накіраваць стрэлку гадзінніка, а вугал, утвораны ёю і лічбай адзін, падзяліць папалам, то лінія дзялення заўсёды будзе ўказваць дакладна на поўдзень. Нялішнім у лесе будзе мабільны тэлефон, які дапаможа і зарыентавацца, і, безумоўна, у выпадку неабходнасці звязацца са службай выратавання і атрымаць у дыспетчара ўказанні для  далейшых дзеянняў.

Тым, хто збірецца ў лес, раім ісці толькі па правераных маршрутах, не хадзіць у гушчар, паведаміць родным, з якога боку ўваходзіце ў лес. Запамінайце шлях, звяртайце ўвагу на незвычайнае дрэва, вывернуты пень, прасекі, накірункі цячэння ракі. Калі адпраўляецеся ў лес на машыне, праверце, каб хапіла паліва і на зваротную дарогу. Перад паходам абавязкова зарадзіце мабільны тэлефон.

Збірайце грыбы, адпачывайце на ўлонні прыроды, але не забывайце прыказку: «Часцей губляецца не той, хто не ведае лесу, а той, хто ўпэўнены, што ведае яго». Пры знаходцы прадметаў, якія могуць належаць зніклым людзям, паведамляйце ў міліцыю па тэл. 102.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях,Дзмітрый КАНАВАЛ,

оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *