Таленты – у аркестр

Культура Нумары

Новы навучальны год пачынаецца і ў дзіцячых школах мастацтваў.  У раёне склалася  якасная сістэма мастацкай і музычнай адукацыі.  Дзейнічаюць пяць устаноў дадатковай адукацыі, якія маюць 13 філіялаў у агульнаадукацыйных школах.  Таленавітыя вучні паспяваюць не толькі асвойваць вучэбныя праграмы, але і быць удзельнікамі мастацкіх гуртоў, прымаць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывалях.

Гонарам Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў з’яўляецца ўзорны духавы аркестр «Васількі». Юныя ўдзельнікі яго выступаюць і ў зводным народным духавым аркестры «Віціны». Раённы выканаўчы камітэт за шматразовыя перамогі аркестра ў міжнародных конкурсах стымуляваў музыкаў набыццём прыгожых сцэнічных касцюмаў. На розных фестывалях, калі арганізоўваецца парад духавых аркестраў, стаўбчане выглядаюць эфектна і непаўторна.  

На змену выпускнікам прыходзяць новыя вучні, якія папаўняюць склад духавога аркестра.  І ён не старэе, хоць мае доўгую гісторыю.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

КОНКУРС: УМЕЛЬЦЫ ПЛЯЦЕННЯ ПАЯСОЎ

Трое вучняў Старасвержанскай сярэдняй школы проста ўпрыгожылі ІІ  абласное свята-конкурс «Беларускі пояс», якое прайшло ў горадзе Узда.

У сучасны момант пляценне беларускіх паясоў наогул даволі рэдкая з’ява. Убачыць жа за гэтым заняткам юнакоў для ўдзельнікаў конкурсу было даволі нечакана. Віталь Галубец, Павел Гінтаўт і Дзмітрый Пугач настолькі ўмела выконвалі гэтую мастацкую работу, што журы не пакінула іх без узнагароды. Яны атрымалі дыплом ІІ ступені.

Дыпломам за беражлівыя адносіны да мясцовых традыцый народнай культуры, арганізацыю пераемнасці асаблівасцяў вырабу мастацкіх паясоў узнагароджана кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры Аліна Халявінская. Больш за 20 гадоў Аліна Антонаўна вядзе заняткі ў народнай дзіцячай студыі «Чароўная саломка» ў Старасвержанскай СШ. Вучні займаюцца не толькі саломапляценнем, але і рознымі іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Цяпер вось захапіліся пляценнем паясоў. І так асвоілі гэты занятак, што адзначаны лаўрэацкім дыпломам абласнога конкурсу.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

СПАРТАКІЯДЫ: ГАЗАВІКІ – НА СТАРЦЕ

Аздараўленчы   лагер  імя Я. М. Чайкі, што ў вёсцы Дразды, нагадваў адзіную спартыўную пляцоўку – сюды на традыцыйную спартакіяду УП «Мінскаблгаз» заехалі 17 камандаў.

Каманда стаўбцоўскіх газавікоў і на гэты раз не ўпусціла прызёрства, заваяваўшы сярод сваіх калег другое месца, і атрымала каштоўныя прызы.

Нязменны кіраўнік стаўбцоўскай каманды, начальнік службы эксплуатацыі райгаза Іван Хамічонак адзначыў асаблівыя заслугі ўдзельнікаў каманды Людмілы Мяшковай і Наталлі Носавай, якія занялі адпаведна першае і другое месцы ў шматбор’і ў сваіх узроставых групах, слесара службы эксплуатацыі Валерыя Бухаўца, які адзначыўся на футбольнай і валейбольнай пляцоўках, вадзіцеля службы транспарту Мікалая Панамарова – лепшага варатара, і іншых членаў каманды.         

Спартыўныя традыцыі калектыву газавікоў, які папаўняецца маладымі кадрамі, з году ў год памнажаюцца.     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПЕРАМОГІ КААПЕРАТАРАЎ

Каманда райспажыўтаварыства ў складзе 12 чалавек вярнулася з абласной спартакіяды работнікаў спажывецкай кааперацыі з выдатным вынікам –  трэцім агульнакамандным месцам сярод 24 камандаў.

Каб такая вышыня пакарылася, пастараліся лепшыя спартсмены арганізацыі, якія атрымалі перамогі ў агульнакамандным заліку. Першае месца па шахматах атрымалі вядучы інжынер аўтабазы Гары Прадкін і кладаўшчыца цэха хлебапячэння Святлана Навіцкая. У гэтым відзе спорту трэцяе месца заваяваў качагар Іван Астапенка. Галоўны юрысконсульт Наталля Маліноўская, гандлёвы інспектар Марына Бабіла, начальнік аддзела транспарту Алег Ждановіч, вадзіцель Дзмітрый Пракаповіч здабылі для каманды трэцяе месца ў шматбор’і. У спаборніцтвах па тэнісе і дартсе каманду стаўбчан прадстаўляў  намеснік старшыні праўлення Дзмітрый Сікорскі. У гэтых відах спорту паказвалі сваё майстэрства аператар ЭВМ Людміла Кавальчук і эканаміст Алена Юркоўская. Статыст Алена Шыдлоўская ўдзельнічала ў спаборніцтвах па шашках.

Са спаборніцтваў з Мінска каманда, якую ўзначальвала старшыня прафсаюзнай арганізацыі Валянціна Ліпніцкая, вярнулася з трыма кубкамі пераможцаў  і выдатным настроем.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *