На фінальным этапе

Нумары Спорт

У аматараў футбола самая гарачая пара. Пачаліся адборачныя гульні чэмпіянату Еўропы, і ў балельшчыкаў хваляванне за зборную Беларусі. Многія па другім і пятым беларускіх тэлеканалах сочаць за матчамі клубных турніраў, прыкідваюць шанцы на міжнародны поспех камандаў барысаўскага БАТЭ і мінскага «Дынама». А для нас хіба не даражэй тое, што бліжэй? Вось і засяроджваем увагу на выступленнях стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра».

Крыху зайздросна, што, скажам, нашы бліжэйшыя суседзі паспяхова адольваюць больш высокія рубяжы. ФК «Гарадзея» змагаецца за права пераходу з першай лігі першынства Беларусі ў лігу вышэйшую, а ўздзенская «Беліта-Вітэкс» задае тон у турніры другой лігі. Спадзяёмся, што і стаўбцоўскі футбол будзе прадстаўлены ў рэспубліканскім турніры. А пакуль «Нёман-Агра» працягвае плаванне ў першынстве Міншчыны.

Тут ключавое слова – працягвае. Бо сапраўды, давялося прыкласці ўсе намаганні, каб трапіць у першую чацвёрку падгрупы з дзесяці камандаў. Задача гэтая і была вырашана ў папярэднім туры, калі стаўбчане разграмілі сапернікаў з Клецка з лікам 11:0. Праўда, здабытыя ачкі не спатрэбіліся на другім этапе. Згодна з умовамі спаборніцтва заліковымі сталі  балы, набраныя ў сустрэчах паміж камандамі мацнейшай чацвёркі.

ФК «Старыя Дарогі», які супрацьстаяў стаўбчанам у апошнім туры першага этапу, сёлета выглядае салідна. Каманда на працягу ўсяго турнірнага шляху з’яўляецца лідарам падгрупы «Б». І ў згаданым паядынку нёманцы не знайшлі важкіх аргументаў, каб вынік сустрэчы стаў паспяховым. З лікам 3:1 перамаглі старадарожцы. Ачкі, адабраныя ў нашых, сталі ім добрым падмацункам, каб быць сярод  лідараў і на фінальным этапе.

Акрамя старадарожцаў і стаўбчан з падгрупы «Б» пуцёўку на другі этап атрымалі калектывы Пухавіцкага і Любанскага раёнаў, а з падгрупы «А» – каманды Жодзіна, Маладзечна, Смалявіцкага і Барысаўскага раёнаў. Адзначым, што ФК «Маладзечна-ДЮСШ-4», «Жодзіна-2007» і «Старыя Дарогі» набралі ў падгрупах адпаведна 43 і па 42 ачкі, у «Зоркі-РФАЦ-Вікторыя» было 34 ачкі, у ФК «Барысаў», «СМІ-аўтатранс», ФК «Любань», «Нёман-Агра» і «Гарадзея-2» аказалася па 31 ачку. Тут пятымі лішнімі сталі гарадзейцы. А вось пераразлік, дзе адмінусавалі ачкі, здабытыя ў матчах, калі так сказаць, са слабейшымі, прынёс іншую дыспазіцыю.

Хоць маладзечанцы, жодзінцы і старадарожцы лідзіруюць, аднак разрыў з іншымі ўдзельнікамі фінальнай васьмёркі не надта значны. Ёсць магчымасць і стаўбчанам зрушыць з апошняга, пакуль восьмага месца.

Умова, здавалася б, простая – перамагайце і зробіце даволі шырокі крок у тры здабытыя ачкі, абганяйце канкурэнтаў. Безумоўна, для гэтага трэба праявіць і майстэрства, і волю.

Асаблівасцю турніру з’яўляецца тое, што цяпер паміж сабой будуць сустракацца каманды першай і другой чацвёрак, па класічнай сістэме – гульні на сваім полі і полі саперніка. Такім чынам на фінальным этапе «Нёман-Агра» згуляе з ФК «Барысаў», «СМІ-аўтатранс», «Жодзіна-2007» і «Маладзечна-ДЮСШ-4». Маладзечанцаў стаўбчане чакаюць у гэтую нядзелю, 14 верасня. Гульня пачнецца на стадыёне «Юнацтва» ў 14.00.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *