У сям’і Дзяржаўскіх пануюць павага, давер і каханне

Соцыум

image_pdfimage_print

Міжнародны дзень сям’і адзначаецца ў свеце 15 мая. Гэтае свята было заснавана 20 верасня 1993 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

Сям’я была і застаецца заснавальніцай чалавечых каштоўнасцяў, культуры і пераемнасці пакаленняў. Гэта крыніца кахання і павагі. Прыкладам моцнага і дружнага тандэма з’яўляецца сям’я Сяргея і Ірыны Дзяржаўскіх са Стоўбцаў.

Маладыя людзі пазнаёміліся на дыскатэцы. Вельмі хутка паміж імі ўспыхнулі трапяткія ўзаемныя пачуцці, якія перараслі ў сям’ю. «Ён мая апора ў жыцці», – так лаканічна, гледзячы на мужа, гаворыць Ірына Дзяржаўская. У сваю чаргу галава сям’і характарызуе жонку як працавітую, уважлівую, любячую, самую прыгожую жанчыну ў свеце.

Ірына Уладзіміраўна працуе начальнікам штаба Стаўбцоўскага РАУС, Сяргей Уладзіміравіч – вадзіцелем-экспедытарам Стаўбцоўскага філіяла Мінаблспажыўтаварыства. Сямейнае жыццё Дзяржаўскіх можна з упэўненасцю назваць шчаслівым: яны падтрымліваюць адзін аднаго, разам спраўляюцца з цяжкасцямі, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху, давяраюць адзін аднаму.

– Сям’я і дом там, дзе нас любяць і чакаюць, дзе чуваць дзіцячы смех, – гавораць Сяргей і Ірына. – Калі блізкія побач, шчаслівыя і здаровыя – і сілы з’яўляюцца, і жаданне працаваць.

Маладыя бацькі выхоўваюць траіх дзяцей: Ксенію (11 гадоў), Валерыю (10 гадоў) і Яраславу (4 гады). Старэйшыя дочкі наведваюць басейн, дапамагаюць маці і па кухні, і ва ўборцы дома. Сяргей і Ірына лічаць важным падаваць дзецям асабісты прыклад. «Яны назіраюць за паводзінамі дарослых, запамінаюць, а пасля пачынаюць капіраваць паводзіны бацькоў», – адзначаюць муж і жонка.

Сямейнае гняздзечка Дзяржаўскіх – светлае і ўтульнае. Тут пануюць асаблівая атмасфера, свой мікраклімат спакойнага, ціхага сямейнага шчасця і дабрабыту. Чысціня і парадак дома, пахі смачнай дамашняй выпечкі – быццам бы дробязі, аднак менавіта з іх складваецца гэты маленькі шчаслівы сямейны свет.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *