Ствараем імідж Коласавай радзімы

Важное Моя Столбцовщина Соцыум

image_pdfimage_print

Сёлета ў раённым суботніку прынялі ўдзел больш за чатыры тысячы чалавек. Працавалі паўсюдна – на вуліцах, у парках, лясных масівах 

Заробленыя падчас суботніка сродкі актыўна паступаюць на дабрачынны разліковы рахунак Стаўбцоўскага АКС, і яны будуць накіраваны на стварэнне і ўстаноўку ў Стоўбцах помніка Якубу Коласу.

На ўездзе ў горад, на вуліцы Цэнтральнай, устаноўлена фірменная кампазіцыя. Ля яе выкладзена тратуарная дарожка і будзе пасеяны газон

– Асаблівасць сёлетняга раённага суботніка – яго арганізацыя на прадпрыемствах і ў арганізацыях на працягу тыдня ў залежнасці ад умоў надвор’я. Некаторыя падчас суботніка акурат завяршылі тыя работы, якія выконвалі ў красавіку ў ходзе месячніка па навядзенні парадку, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака і падвёў вынік: – У цэлым выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні, што зрабіла наш горад і сельскія населеныя пункты асабліва прыгожымі напярэдадні вялікага свята – Дня Перамогі.

Прывабнасці Стаўбцоўшчыне надаў добраўпарадкаваны выгляд вуліцы А. Кашавога ў Стоўбцах, якая вядзе турыстаў і гасцей горада ў  Коласавы мясціны. На гэтай вуліцы з дапамогай раённых электрычных сетак і Стаўбцоўскага ўчастка Валожынскага філіяла ДП «Мінаблпаліва» сфарміраваны кроны дрэў.

Рыхтуюць клумбу па вуліцы Сацыялістычнай работнікі тэрытарыяльнага цэнтра

Добра папрацавалі Стаўбцоўскае АКС і Стаўбцоўская ПМК на стварэнні візітнай карткі Стоўбцаў – фірменнай кампазіцыі «Люблю Стоўбцы».

Камунальнікі якраз выкладвалі тратуарную плітку, каб быў падыход да кампазіцыі. «Застаюцца дробязі – пасеяць газон», – сцвярджае майстар Стаўбцоўскага АКС Аляксандр Пятроўскі.

На вуліцы Машынабудаўнікоў дарожнікі ДРБУ № 135 высаджвалі саджанцы дуба і ясеня. Работнікі лясгаса, райвыканкама і Стаўбцоўскага МРА «Дзяржэнергагазнагляд» дружна наводзілі парадак у лясным масіве ў мікрараёне Паўночны-2.

Работнікі лясгаса наводзяць парадак на сваёй тэрыторыі

А работнікаў Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Стаўбцоўскага раёна мы сустрэлі з граблямі на старых могілках горада. «Выграбаем сухую траву і выносім на прычэп», – расказала кіраўнік цэнтра Людміла Канкаловіч.

Суботнік на могілках – вельмі патрэбная справа. Раней стаўбчане скардзіліся, што старыя пахаванні зарастаюць, маюць непрывабны выгляд. Цяпер з’явілася магчымасць змяніць сітуацыю.

Пабелка бардзюраў – адзін з асноўных відаў работ падчас суботніка

Камунальнікі  і дарожнікі ДЭУ № 62 зрабілі шмат па абнаўленні пешаходных «зебраў». І, безумоўна, свежая пабелка з’явілася на бардзюрах. Прадпрыемствамі і арганізацыямі наведзены парадак на сваіх тэрыторыях, падрыхтаваны клумбы.

Станоўча ацэньваючы вынікі суботніка, Аляксандр Цывака звяртае ўвагу на тое, што ў бліжэйшы час камісійна будзе ацэнена і якасць выкананых работ.

_____________________________________________________________________________________________________________________________

Грашовыя сродкі пералічваць на дабрачынны разліковы рахунак раённага ўнітарнага прадпрыемства » Стаўбцоўскае АКС»: УНП 600022536; BY22AKBB31320000000040000000 (у беларускіх рублях); BY14AKBB31320000100020000000 (у доларах ЗША); ЦБП № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Стоўбцы, МФО AKBBBY2X, УНП 100325912, адрас: 222666, г. Стоўбцы, вул. Цэнтральная, 6-б. Прызначэнне плацяжу – стварэнне і ўстаноўка помніка народнаму паэту Якубу Коласу ў г. Стоўбцы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *