З карт-рахунку стаўбчаніна прапаў 231 рубель

Ахова правапарадку Главное

image_pdfimage_print

З пачатку бягучага года Стаўбцоўскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана 15 крымінальных спраў аб крадзяжы грашовых сродкаў з выкарыстаннем рэквізітаў іх банкаўскіх плацежных картак.

Начальнік другога следчага аддзялення Стаўбцоўскага РАСК Артур Бязручка

Колькасць ахвяр вішынгу ўзрастае. Пры дапамозе высокіх тэхналогій махляры могуць дзейнічаць па-за межамі краіны, там, дзе бяспечней.

Адным з пацярпелых стаў малады чалавек са Стоўбцаў. Ён, як і іншыя ахвяры махлярства, спачатку не западозрыў падману, а калі апамятаўся – было позна. Стаўбчанін падзяліўся сваёй гісторыяй:

– Тэлефанаванне мне паступіла на вайбер. У размове мужчына прадставіўся супрацоўнікам Беларусбанка. Ён праінфармаваў, што адносна маёй банкаўскай карткі адбываюцца махлярскія дзеянні, і, каб засцерагчы яе, патрэбна ўстанавіць абарону. Для гэтага «супрацоўнік банка» параіў спампаваць і ўстанавіць праграму AnyDesk Remote Control. Я так і зрабіў, пры гэтым ніякіх асабістых даных не ўводзіў (неабходна было толькі падключыць функцыю «аддаленае падключэнне»). Увесь гэты час мужчына быў на сувязі. Пасля ён запытаў доступ да экрана майго тэлефона, і я праз спампаваную праграму гэта пацвердзіў.

Потым махляр  папрасіў зайсці ў праграму Беларусбанка. На экране з’явілася галоўнае меню, дзе была ўказана мая банкаўская картка. Мужчына патлумачыў, што інфармацыя загружаецца некарэктна і неабходна абнавіць праграму, што я і зрабіў: зайшоў ва ўкладку «фінансы», клікнуў «дабавіць карту», увёў даныя банкаўскай карткі і пацвердзіў клавішай «прадоўжыць».

Пасля выканання ўсіх камандаў у праграме Беларусбанка мне прыйшло паведамленне, што з майго рахунку зроблена аплата ў расійскіх рублях, быў спісаны 231 беларускі рубель (усе грашовыя сродкі, што былі на карт-рахунку).

Як толькі стаўбчанін усвядоміў, што стаў ахвярай махлярства, адразу звярнуўся ў Стаўбцоўскі РАУС. Па даным факце раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, спалучаны з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі».

Падобныя віды злачынстваў набылі распаўсюджанасць. Пра гэта нагадвае начальнік другога следчага аддзялення Стаўбцоўскага РАСК Артур Бязручка і просіць грамадзян быць уважлівымі.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *