Стаўбцоўская ПМК: «Запатрабаванасць – у паслугах, «золата» – у працаўніках»

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

15 мая адзначае свой паўвекавы юбілей ААТ «Стаўбцоўская ПМК».  Калектыў сустракае яго з добрым настроем і разуменнем таго, што  паслугі прадпрыемства запатрабаваны ў розных сферах нашага жыцця

З гісторыі

ДП «Стаўбцоўская ПМК» «Аграспецмантаж» пачало сваю дзейнасць у 1971 годзе з выканання функцый па мантажы і абслугоўванні абсталявання жывёлагадоўчых ферм раёна.

Пазней на базе ПМК была пабудавана кіслародная напаўняльная станцыя, якая абслугоўвала Стаўбцоўскі раён і яшчэ дзевяць бліжэйшых.

 У 2001 годзе прадпрыемства перайменавана ў Мінскае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Стаўбцоўская ПМК«, у 2010 годзепераўтворана ў ААТ «Стаўбцоўская ПМК«.

Паказчыкі сведчаць, што Стаўбцоўская ПМК працуе са станоўчым вынікам і знаходзіцца сярод лідараў, прычым не толькі на Стаўбцоўшчыне, але і на Міншчыне. «Мы настроены выходзіць і на рэспубліканскі ўзровень», – гавораць пра свае амбіцыйныя планы ў калектыве. У ім, між іншым, працуе шмат актыўнай і перспектыўнай моладзі.

«Не загрузіць работай, а прапанаваць новае»

У інтэрв’ю напярэдадні юбілейнай даты дырэктар Стаўбцоўскай ПМК Аляксандр Пашкевіч, як заўсёды, нешматслоўны, прынцыпова абыходзіцца без лічбаў і робіць акцэнт на галоўным:

Дырэктар Аляксандр Пашкевіч

– Які б юбілей ні святкавала наша прадпрыемства, мы залежым ад стану аграпрамысловага комплексу. Нашы асноўныя заказчыкі – сельскагаспадарчыя таварыствы, і калі яны развіваюцца, то і мы, абслугоўваючы іх, рухаемся наперад з імкненнем заставацца запатрабаванымі. У гэтым плане нельга не заўважаць, што кожнае дзесяцігоддзе ў сельскай гаспадарцы нашага раёна і краіны ў цэлым адбываецца новы віток развіцця.

– Аляксандр Міхайлавіч, якія задачы вы ставіце асабіста перад сабою?

– За паўвекавую гісторыю ў прадпрыемства былі розныя перыяды… Пра гэта красамоўна гаворыць колькасць работнікаў. Напрыклад, у 90-х гадах у ПМК працавала 78 чалавек, у 2007 годзе – 37. Сёння у складзе ПМК – 62 працаўнікі.

Для мяне важна не проста загрузіць калектыў работай. Неабходна прапаноўваць штосьці новае для сельгасвытворцаў, такую прадукцыю, якая будзе адпавядаць сучасным патрабаванням якасці і мець даступную цану. Нельга працаваць без ініцыятывы, без імкнення кожнага павышаць свой прафесійны ўзровень. Сёння гэта даступна з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі і перадавых тэхналогій. Іх неабходна ўкараняць, карыстацца імі, і тады праца будзе цікавай і прадукцыйнай.

– Якія пажаданні калектыву прадпрыемства?     

– Віншую работнікаў і нашых шаноўных ветэранаў з 50-гадовым юбілеем Стаўбцоўскай ПМК! Жадаю ўсім быць здаровымі (гэта ў цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі найбольш актуальнае пажаданне). Працоўных поспехаў вам, дабрабыту вашым сем’ям!

Кладаўшчык Галіна Грыб (у цэнтры), вядучы эканаміст Вольга Дземідовіч, інспектар па кадрах Вольга Доўнар, бухгалтар Таццяна Каласоўская, змётчык Ірына Гомза, галоўны бухгалтар Святлана Яўсейчык, бухгалтар Вольга Гарэлава

Нестандартны падыход

Асноўныя віды дзейнасці Стаўбцоўскай ПМК: мантаж і рамонт абсталявання МТФ; мантаж, абслугоўванне і рамонт даільных і халадзільных установак на МТФ; напаўненне і пастаўка кіслароду ў балонах; санітарна-тэхнічныя работы; мантаж, рамонт і абслугоўванне збожжасушыльнага абсталявання; выраб і мантаж абсталявання для беспрывязнага ўтрымання жывёлы; выраб воданагравальнікаў на цвёрдым паліве; выраб перасоўных даільных установак ПДУ-8; выраб рэкуператараў цяпла да халадзільных установак; вытворчасць нестандартнага абсталявання з металу; паслугі аўтакрана, экскаватара; транспартныя паслугі; мантаж збудаванняў арачнага тыпу.

У 2010 годзе Стаўбцоўская ПМК атрымала сертыфікат для выканання работ па мантажы ўнутраных інжынерных сетак будынкаў і збудаванняў.

У бягучым годзе прадпрыемства набыло новы экскаватар ДЭМ-310, паслугі якога запатрабаваныя сельгаспрадпрыемствамі і іншымі арганізацыямі раёна не толькі ў рабочыя, але і ў выхадныя дні.

Аб’екты, якія ствараюць імідж

Каб пераканацца, на што здатныя работнікі Стаўбцоўскай ПМК, варта прыгадаць жылыя і вытворчыя аб’екты ў Стоўбцах і аграгарадках, дзе з іх дапамогай выкананы сантэхнічныя работы.

Сярод іх – фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы сад № 8, шматкватэрныя жылыя дамы па вуліцы Міру, новая кацельня на мясцовых відах паліва ў Стоўбцах.

«Пээмкоўцамі» выкананы дэкаратыўная агароджа гарадскога стадыёна «Юнацтва» і – зусім нядаўна – металічныя канструкцыі для фірменнай кампазіцыі на ўездзе ў горад «Люблю Стоўбцы».

Вадзіцель Дзмітрый Петрашкевіч, кранаўшчык Вячаслаў Тулейка, вадзіцель экскаватара Вікенцій Белановіч, начальнік транспартнага цэха Мікалай Паўловіч і электрык Аляксандр Каласоўскі

Уклад дынастый

Моцныя працоўныя традыцыі Стаўбцоўскай ПМК закладзены дынастыямі Валентаў, Тулейкаў, Хукаў, Дземідовічаў, Мядзведзевых.

Цэняць тут такіх умелых работнікаў, як інжынер-энергетык Аляксандр Паўлаў, напаўняльнік кіслародных балонаў Юрый Бычкевіч, токар Міхаіл Грынюк, кладаўшчык Галіна Грыб, вадзіцелі Васілій Траяноўскі і Дзмітрый Петрашкевіч, вадзіцель аўтакрана Іван Раманейка.

Удзячнасць ветэранам

Ветэраны працы Стаўбцоўскай ПМК: Таццяна Грыгаровіч, Аляксей Рысеў, Пётр Акалот, Леанід Шкадзінскі, Міхаіл Дземідовіч, Леанід Паўлюкевіч, Ніна Мядзведзева, Анатоль Волчанка, Марыя Шуцько, Лілія Шырко, Іван Валента, Яніна Грамыка.

Прараб Міхаіл Валента, электрагазазваршчык Ігар Шастак, слесар-мантажнік Валерый Тулейка, электрагазазваршчык Віктар Буката і майстар Антон Белановіч

Дружныя на спартакіядзе і на суботніку

Вядучы эканаміст Вольга Дземідовіч з’яўляецца і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Стаўбцоўскай ПМК.

– У нас – дружны калектыў, пераважна мужчынскі, – падкрэслівае Вольга Вікенцьеўна. – Разам бяром удзел у злётах і спартыўных мерапрыемствах, выязджаем на экскурсіі (аб’ехалі ўсе славутасці Беларусі!) і адпачываем на прыродзе. Так жа дружна працуем і на суботніках.

Сярод актывістаў грамадскага жыцця на прадпрыемстве – прарабы Міхаіл Валента і Віталій Паўлоўскі, мантажнік вентыляцыйных сістэм Дзмітрый Біюць. Дыспетчар Вераніка Казлова – і спартсменка, і ўдзельніца конкурса прыгажунь. Нельга не назваць бухгалтара Вольгу Гарэлаву, якая на працягу 17-ці гадоў адпрацавала на пасадзе галоўнага бухгалтара, з’яўляецца бабуляй чатырох унукаў, але не саступіць значна маладзейшым калегам ні ў спрыце, ні ў аптымізме. Побач з матуляй працуе змётчыкам дачка Ірына.

Прараб Віталій Паўлоўскі, слесар Сяргей Хука, электрагазазваршчыкі Мікіта Клімовіч і Аляксей Мядзведзеў, мантажнік вентыляцыйных сістэм Дзмітрый Біюць і слесар Аляксандр Хука

Бліц ад ветэранаў Стаўбцоўскай ПМК

«Ганаруся сваім прадпрыемствам»

Леанід Шкадзінскі працаваў інжынерам па забеспячэнні: «У Стаўбцоўскай ПМК я з першых дзён, перайшоў з сельгастэхнікі. Будавалі цэх па запраўцы кіслародных балонаў. Гэты від работ выбухованебяспечны, таму па тры разы на год праходзілі навучанне. Цяпер усё адладжана. Кіраўнік ПМК – адзін з лепшых кіраўнікоў раёна. Вельмі ўдзячны А. М. Пашкевічу за адносіны да людзей. Мяне запрашалі і на 40-годдзе прадпрыемства».

Таццяна Грыгаровіч працавала бухгалтарам: «Добрыя ўражанні засталіся ад працоўнай дзейнасці, а прадпрыемству я прысвяціла 40 гадоў жыцця. Радуюся, што яго работнікі маюць работу і заработную плату. Укаранёны новыя тэхналогіі, і рабіць цяпер нашмат лягчэй. Да прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – нас, ветэранаў, аддзячылі прадуктовымі наборамі».

Анатоль Волчанка працаваў вядучым эканамістам: «Да нас, ветэранаў працы, ставяцца вельмі паважліва, пры неабходнасці аказваюць дапамогу. Калі заходжу на прадпрыемства і бачу яго добраўпарадкаваную тэрыторыю, душа радуецца. Фота ПМК змешчана на раённую Дошку гонару. Сачу за поспехамі калектыву ў раённай газеце. Ганаруся сваім прадпрыемствам».

Міхаіл Дземідовіч працаваў старшым прарабам: «Нас, ветэранаў працы, не забываюць. Радуюць падарункамі. Запрасілі на 50-годдзе прадпрыемства. Прыемна, што яно асвойвае новыя віды работ. Напрыклад, арганізаваны рамонт збожжасушыльнага абсталявання. Працуюць і вопытныя спецыялісты, і моладзь».

Леанід Паўлюкевіч працаваў галоўным інжынерам: «Радуюся таму, што прадпрыемства развіваецца. У калектыў прыходзіць моладзь. Веру ў яе перадавыя веды, ініцыятыву і энергію. Менавіта моладзь дапаможа ПМК быць запатрабаванай на рынку сучасных паслуг».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *