Да Дня работнікаў лесу: Пушчанская вернасць

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

З рук міністра лясной гаспадаркі нашай рэспублікі ляснічы Хатаўскога лясніцтва Анатоль Бычкевіч атрымаў за сваю працу памятны знак – “Ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь”, а таксама нагрудны знак “30 гадоў у лясной гаспадарцы”. Сімвалічна, таму што другі знак у некаторай ступені дае адказ на пытанне, чаму менавіта гэты лесавод стаў “ганаровым”. У вялікім калектыве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса такое высокае прызнанне заслужылі пакуль толькі двое лесаводаў – Анатоль Бычкевіч (2013 год) і яго калега, такі самы “аксакал” з Апечкаўскага лясніцтва Уладзімір Чэмка (2012 год). Дай Бог, каб так дабаўлялася кожны год, бо сапраўды ў лясгасе працуе нямала шчырых, улюбёных у лес і сваю справу людзей.       

Усё жыццё Анатоля Бычкевіча звязана з родным краем, з Налібацкай пушчай. Дзе  пачатак гэтай сувязі, вернасці, адданасці? Напэўна, у тым, што нарадзіцца яму выпала ў Налібаках – у цэнтры пушчы, у самым яе сэрцы. У Прудскім лясніцтве бацька працаваў вадзіцелем, а дзядзька Антон – лесніком. Гэта акурат той выпадак, калі і сусед моцна паўплываў на свядомасць. Суседам сям’і Бычкевічаў была асоба на Стаўбцоўшчыне легендарная – заслужаны лесавод Зянон Міхайлавіч Зялёнка. У выніку, роздумы ды розныя жыццёвыя абставіны прывялі юнака, які марыў, як і многія яго равеснікі ў той час, стаць ваенным, у Полацкі лясны тэхнікум, затым – у Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт. Замест формы ваеннага ён апрануў форму лесніка. Аб гэтым сёння ніколькі не шкадуе.

У пачатку працоўнай біяграфіі Анатоль Бычкевіч пабыў памочнікам ляснічага ў “сваім” Прудскім лясніцтве, а з 1986 года быў прызначаны ляснічым Хатаўскога лясніцтва. Як дбайны гаспадар, шчыруе на адным месцы, без ніякіх перапынкаў і сёння.

– Працуецца добра. Людзі дапамагаюць. Разумеюць мяне, – дзеліцца сакрэтам свайго шматгадовага пастаянства ляснічы.

Ёсць у гэтым прызнанні не столькі прафесійнага, колькі чалавечага: мудрасці, захаплення, павагі да людзей, якія цябе не падвядуць. Не падводзяць гэтага масцітага лесавода і блізкія: жонка Таццяна і дачка Дзіяна. Таццяна працуе галоўным бухгалтарам аграбудфірмы “ПМК-74 – Налібакі”, Дзіяна вучыцца ў восьмым класе Дзераўнянскай школы. Абедзве, як і іх муж і бацька, любяць лес, прыроду. Анатоль Генадзьевіч нярэдка бярэ дачку з сабою – Дзіяна з ахвотай малюе пушчанскія краявіды. За мальбертам творча адораная дзяўчына праводзіць не адну гадзіну, імкнучыся перадаць непаўторнасць родных мясцін: урочышча Крачаты, улоння  Пільніцы, загадкавасць возера Кромань і ракі Уса, наваколля музея-сядзібы “Дзяржынава”…

З НАВАСЕЛЛЕМ!

Сёлета ў ляснічага Анатоля Бычкевіча ёсць і іншыя прычыны для радасці. Нарэшце падыходзяць да завяршэння работы па рэканструкцыі адміністрацыйнага будынка лясніцтва і будаўніцтве новых гаражоў. Такім чынам, калектыў хатаўскіх лесаводаў напярэдадні важнай падзеі – наваселля! Праект прафінансаваны лясгасам, выдзелена больш за мільярд рублёў. Яго рэалізацыя прадаставіць калектыву самыя сучасныя ўмовы для працы і адпачынку: асобныя камп’ютарызаваныя кабінеты і пакой для адпачынку, душавыя кабіны і ўнутраныя туалеты. А пакуль вялася рэканструкцыя, лесаводам прыйшлося пабыць у ролі “кватарантаў” не ў адным месцы.

Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, лясніцтва стабільна выконвае ўсе планавыя паказчыкі. З пачатку бягучага года высечкі догляду і асвятлення праведзены на плошчы 35 гектараў, прачысткі – на 31 га, прарэджвання – на 65 га, прахадныя высечкі – на 86 га. Усяго нарыхтавана 6 232 м3 драўніны, якая адгружана на экспарт і на перапрацоўку ў вытворча-майстарскі ўчастак “Акінчыцы”, іншым заказчыкам. Нарыхтоўкі вяліся і на высечках галоўнага карыстання. Усё большае ўкараненне атрымлівае механізаваны спосаб вядзення нарыхтовак. На высечаных дзялянках, а таксама на пашах садзіцца новы лес. Сёлета пасадкі былі праведзены на плошчы 11,5 гектара. У лясніцтве на працягу многіх гадоў не фіксуюцца загаранні, пры тым, што тэрыторыя яго перасягае 9 тысяч гектараў, што ёсць месцы масавага адпачынку, як, напрыклад, крыніца “Чырвоная”.

Асаблівасць Хатаўскога лясніцтва – вельмі вопытныя кадры, пачынаючы ад ляснічага і заканчваючы леснікамі, майстрам лесу, вальшчыкамі, трактарыстамі. Варта назваць Вячаслава Ламаку, Вячаслава Чэмку, Уладзіміра Гарохавіка, Вадзіма Талейку, Міхаіла Вярбіцкага, Віктара Недзеня, Івана Ліпніцкага, Аляксандра Валадзько, Рамана Садоўскага, Юрыя Ключніка, Івана Лысага і іншых. Побач з імі шчыруюць маладыя – лесаруб Сяргей Пашкоўскі, майстар лесу Аляксандр Ігнатчык.

У калектыве памятаюць пра сваіх папярэднікаў, ветэранаў лясной гаспадаркі: мужа і жонку Віктара і Юзэфу Недзеняў, Рамана Недзеня, Іосіфа Дзеніса, Іосіфа Бурака, Міхаіла Місюру і, канешне, былога памочніка ляснічага Галіну Шпілеўскую.

У Год гасціннасці нельга не сказаць, што на тэрыторыі Хатаўскога лясніцтва размешчаны паляўнічы комплекс Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. У сезон ён быў надзвычай запатрабаваны. Ехалі сюды і расіяне, і жыхары розных рэгіёнаў Беларусі. Стварыць для гасцей камфорт і ўтульнасць, падтрымліваць тэрыторыю і гаспадарку паляўнічага комплексу (гэта дом, лазня, альтанка і інш.) у нармальным стане – таксама задача мясцовых лесаводаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ВЫТВОРЧАСЦЬ: БУДУЧАЕ ЛЕСАЗАВОДА

РУП “Навасвержанскі лесазавод” з кожным месяцам нарошчвае аб’ёмы выпушчанай прадукцыі, запатрабаванай як айчыннымі, так і замежнымі спажыўцамі.

Пра стабільнасць работы гавораць дасягнутыя паказчыкі. За восем месяцаў 2014 года больш чым у тры разы выраслі аб’ёмы таварнай прадукцыі ў фактычных цэнах у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам – з 7 666 мільёнаў да 25 405 мільёнаў рублёў. Выпуск піламатэрыялаў сёлета дасягнуў 12 264  м3, дранкі – 12 220 м3. За першае паўгоддзе экспарт тавараў, у тым ліку па прамых дагаворах, узняўся на 309 працэнтаў і дасягнуў 1 882,5 тысячы долараў ЗША. Значнае павышэнне аб’ёмаў вытворчасці выклікала і папаўненне калектыву кадрамі больш чым на 20 працэнтаў.

У сувязі з прафесійным святам шэраг работнікаў, прадстаўнікоў розных службаў і падраздзяленняў, адзначаны за сваю кваліфікаваную і добрасумленную працу. Так, начальнік вытворчасці Ала Гаўрыловіч, адна з вопытнейшых работнікаў лесазавода, узнагароджана Ганаровай граматай Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці “Беллеспаперапрам”. Інжынер па ахове працы Станіслава Пархімовіч прадстаўлена да Падзякі райвыканкама. Ганаровымі граматамі і граматамі прадпрыемства ўшанаваны аператар агрэгатных ліній сартавання і перапрацоўкі бярвенняў Леанід Лапкоўскі, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха Лена Пакіда, вадзіцель пагрузчыка службы аўтатранспарту Уладзімір Рудакоўскі, сакратар адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу Марына Стасяловіч, вадзіцель аўтапагрузчыка службы аўтатранспарту Вячаслаў Сахар, раскрыжоўшчык драўніны-кантралёр лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха Валянцін Гаўрыловіч, сартавальнік матэрыялаў і вырабаў з драўніны Андрэй Жаровін, кантралёр дрэваапрацоўчай вытворчасці Лідзія Івашка, намеснік галоўнага бухгалтара Жанна Астрова.       

Будучае лесазавода трымаюць надзейныя і моцныя рукі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *