Аляксей Пальчык прыкіпеў душою да зямлі

Главное Год народного единства Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Аляксей Пальчык – адзін з самых вопытных механізатараў ААТ «Агранёманскі».

Звыш сарака гадоў налічвае яго агульны працоўны стаж, трыццаць чатыры з якіх Аляксей Канстанцінавіч шчыруе на палетках таварыства. Асноўныя тэхналагічныя аперацыі, якія ён выконвае, – унясенне ў глебу вадкіх мінеральных угнаенняў, падкормка і хімапрацоўка раслін. У распараджэнні дбайнага механізатара – самаходны імпартны апырсквальнік. Сумленнаму працаўніку даручаны і трактар, таму, калі ёсць патрэба, ён бывае заняты на розных палявых работах.

Аляксею Канстанцінавічу прывіў любоў да нялёгкай сялянскай працы бацька, які таксама працаваў у гаспадарцы трактарыстам. І хлебаробская справа стала для Аляксея Пальчыка неад’емнай часткай жыцця. Не шукаў чалавек лёгкай долі. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Слабодка – яго малая радзіма. Спакойны і нешматслоўны, з раніцы да позняга вечара механізатар у полі. І за сваю рупнасць заслугоўвае самай высокай пахвалы.

Аляксей Канстанцінавіч цяпер на заслужаным адпачынку, але работу не кідае. Прыкіпеў душою да сялянскай працы.

Механізатар Аляксей Пальчык – неаднаразовы ўдзельнік раённых і абласных дажынак. На працягу не аднаго дзесяцігоддзя ў перыяд жніва ён шчыраваў на камбайне. За дасягнутыя высокія вынікі на ўборцы ўраджаю атрымаў пераходны прыз, заснаваны ў гонар праслаўленага камбайнера – ветэрана працы Генадзія Цвіркі. За шчырую працу Аляксея Пальчыка ўзнагароджвалі ганаровымі граматамі і падзякамі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *