Выдатнік адукацыі Марыя Чуйко: «Важна, каб урокі роднай мовы і літаратуры выклікалі любоў да сваёй краіны»

Адукацыя Главное Год народного единства

image_pdfimage_print
Актыўная жыццёвая пазіцыя Марыі Чуйко – яркі прыклад для калег

«Не вучань для настаўніка, а настаўнік для вучня», – такое прафесійнае крэда Марыі Чуйко, якая ўжо больш за 30 гадоў працуе ў Заямнаўскай сярэдняй школе.

Многім, хто ведае Марыю Мар’янаўну, напэўна, прыходзіла думка, што прафесію яна выбрала беспамылкова. Строгая, патрабавальная, мэтанакіраваная і разам з тым – камунікабельная, нераўнадушная.

Настаўніца сцвярджае, што сёння беларуская мова і літаратура ў школе – гэта не толькі вучэбныя прадметы, але і сродкі выхавання, развіцця. Вельмі важна, каб урокі роднай мовы і літаратуры давалі разуменне і асэнсаванне такіх паняццяў, як патрыятызм, гуманізм, выхоўвалі павагу да нацыянальна-культурных каштоўнасцяў свайго народа, садзейнічалі фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці, выклікалі патрэбу размаўляць на роднай мове.

Прафесіяналізм, глыбокае веданне  прадмета, настойлівасць у дасягненні мэт, педагагічная знаходлівасць і творчы падыход да справы дазваляюць Марыі Чуйко дабівацца добрых вынікаў. На працягу многіх гадоў яна падрыхтавала пераможцаў розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.

Марыя Мар’янаўна з 2003 года займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Заямнаўскай сярэдняй школы. Асноўным арыенцірам работы з педагогамі яна лічыць не працэс інфармавання аб навуковых і практычных дасягненнях, а праектаванне асобаснай дзейнасці па авалоданні новымі ведамі шляхам самаадукацыі, самарэалізацыі і фарміраванне такім чынам прафесійнага педагагічнага майстэрства. Як намеснік дырэктара, стварае сярод калег-настаўнікаў атмасферу ўзаемаразумення і падтрымкі.

Супрацоўніцтва з вопытнымі педагогамі Марыяй Ліцкевіч, Янінай Бадун садзейнічала не толькі засваенню прафесійных навыкаў, але і асобаснаму развіццю.

Марыя Чуйко з удзячнасцю гаворыць пра свой калектыў, дзе кожны настаўнік – адметная творчая асоба са сваім стылем работы.

За плённую, добрасумленную працу,  высокі прафесіяналізм Марыя Мар’янаўна ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі».

Адданасць школе душой і сэрцам, няспынны пошук Марыі Чуйко з’яўляюцца прыкладам для калег і вучняў. А гэта і ёсць лепшае пацвярджэнне педагагічнай годнасці сапраўднага настаўніка.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *