Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

КАПРАМОНТ ЗА ТРАНСПАРТНЫ ЗБОР

Хуткімі тэмпамі дарожнікі ДРБУ № 135 вядуць капітальны рамонт аўтадарогі Літва – Куль – Пятрылавічы, якая кіруе ў адметнае месца Стаўбцоўшчыны –  музей-сядзібу «Дзяржынава». Сродкі на выкананне работ паступаюць з транспартнага збору, уведзенага для аўтаўладальнікаў рэспублікі. 

– Працягласць гэтага  ўчастка аўтадарогі складае чатыры кіламетры. Пры патрэбнасці  6,8 мільярда рублёў выдаткавана 5,6 мільярда, – адзначае начальнік арганізацыі Віталь Дзям’янка.

Пры гэтым, розніца ў адзін з лішнім мільярд рублёў, якіх на даны момант умоўна не хапае для завяршэння аб’екта, не палохае  дарожнікаў. У сувязі з тым, што ДРБУ № 135 актыўна падышло да асваення сродкаў транспартнага збору (гэта ўжо другі аб’ект, першым была аўтадарога Аталезь – Сула, дзе капрамонт зроблены на ўчастку працягласцю 5,1 км), ёсць верагоднасць дадатковых паступленняў. На даны момант на наш раён ужо выдзелена 11 мільярдаў рублёў. – Гэта нядрэнная сума, –  зазначае Віталь Дзям’янка. – Разлічваем, што ўслед за аўтадарогай Літва – Куль – Пятрылавічы за сродкі транспартнага збору пачнем у гэтым годзе і трэці аб’ект – па капрамонце пад’езда да вёскі Мархачоўшчына. Распрацоўваем неабходную праектна-каштарысную дакументацыю.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СЕЛЬСКАЯ МОЛАДЗЬ: ІДЭІ З ФОРУМА

На Міншчыне прайшоў І абласны форум сельскай моладзі, у якім брала ўдзел і дэлегацыя нашага раёна.

У склад дэлегацыі ўваходзілі маладыя спецыялісты – загадчык Цясноўскай амбулаторыі Аляксандр Голік і тэхнік-электрык ААТ «Жацерава» Яўген Крамко, а таксама першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская.

Форум праходзіў з удзелам вучоных і прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх арганізацый пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Аляксандра Юшкевіча. На ім абмяркоўвалі надзённыя  праблемы і перспектывы развіцця сельскай моладзі. У прыватнасці, былі прапанаваны цікавыя прэзентацыі таго, з чаго можна пачаць бізнес на вёсцы. Канешне, гэтыя ідэі ў першую чаргу  прыдадуцца людзям актыўным, ініцыятыўным, якія не чакаюць чагосьці «на сподачку», а гатовы дзейнічаць самі. Разам з тым, як было адзначана на форуме, неабходна стварэнне належных умоў для павышэння сацыяльна-эканамічнай актыўнасці моладзі Міншчыны, вызначэнне формаў супрацоўніцтва органаў улады, камерцыйных і грамадскіх арганізацый у рабоце па сацыяльным развіцці вёскі.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СЕЗОН: НЯМА ЧАСУ НА РАСКАЧКУ

Стаўбцоўскі філіял ДП «Мінаблпаліва» ў гэтыя восеньскія дні гатоў выканаць заяўкі спажыўцоў на дровы і торфабрыкеты. Аднак, як расказваюць у арганізацыі, пакуль прыватныя гаспадары і арганізацыі не спяшаюцца запасціся палівам, адкладваюць на апошні дзень. Аб гэтым скажуць такія факты.

Філіял паспявае выконваць заяўкі на працягу аднаго-двух дзён трактарам «МТЗ-82» і аўтамабілем «ГАЗ-САЗ». Пакуль не задзейнічаны аўтамабіль «МАЗ-5551». З пачатку года з торфабрыкетнага завода вывезена 70 працэнтаў прадукцыі да даведзенага задання. Такое адставанне ад вытворчай праграмы сказваецца і на бюджэце філіяла «Мінаблпаліва», і на бюджэце завода-вытворцы. Адклад на апошні дзень можа прывесці да такой сітуацыі, што ўзнікнуць чэргі, і гаспадарам прыйдзецца складзіраваць паліва ва ўмовах сырога надвор’я.

З 2013 года ўведзена льгота для  гаспадароў, у чыіх дамах ёсць прыродны газ, але яны скарыстоўваюць і цвёрдае паліва. Ім можна набыць па льготных цэнах пяць кубаметраў колатых дроў ці тры тоны торфабрыкетаў з дастаўкай, альбо падзяліць гэты аб’ём – купіць і тое, і другое.

Арганізацыі, якія ўжо цалкам выбралі паліва і забяспечылі свае аб’екты ім, – раённы вузел паштовай сувязі, цэнтральная раённая бальніца. Паліва завезена ў сельскія паштовыя аддзяленні, у фельчарска-акушэрскія пункты, участковыя бальніцы, амбулаторыі.

 

ПЕРАВОЗКІ З ЕЎРА-5

Тэхніка аўтапарка № 17 працуе на будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска.

Пераважная большасць грузавой тэхнікі аўтапарка, як падкрэсліў дырэктар Іван Бычкевіч, задзейнічана па-за межамі раёна. Гэта будаўнічыя аб’екты як горада Мінска, так і Мінскай вобласці. Непасрэдна ў сваім раёне на працягу ліпеня – жніўня ажыццяўляўся цэнтравываз збожжа з гаспадарак на хлебапрыёмнае прадпрыемства. Тэхнікай аўтапарка  перавезена амаль 11 400 тон збожжа новага ўраджаю.

Аўтапаркам нядаўна набыты новы грузавы аўтамабіль «МАЗ-еўра-5» для міжнародных перавозак (заказы паступаюць праз экспедытарскую фірму), а таксама прапрацоўваецца пытанне з набыццём яшчэ двух аўтамабіляў «МАЗ» з прычэпамі, пагрузчыка «Амкадор».

Абнаўляецца і аўтобусны парк. Замест з’амартызаванага і спісанага аўтобуса набыты два новыя маркі  «ПАЗ», якія абслугоўваюць прыгарадныя маршруты.

 

ПАСЛУГІ:  СТАБІЛЬНАЕ ЛІДАРСТВА Ў ВОБЛАСЦІ

На працягу многіх гадоў Стаўбцоўскі ўчастак рознічнага гандлю РУП «Мінскаблсаюздрук», які доўгі час узначальвае Людміла Каробка, трымае лідарства ў Мінскай вобласці ў сваёй групе па продажу перыёдыкі і тавараў.

І гэта пры тым, што сетка аб’ектаў павялічылася, і пры такой      рэарганізацыі стаўбцоўскаму ўчастку ўдалося не здаць сваіх пазіцый. У жніўні адкрыўся кіёск у пасёлку Энергетык Дзяржынскага раёна. У лютым у склад Стаўбцоўскага ўчастка ўвайшлі чатыры кіёскі Дзяржынска і два –  Фаніпаля. Акрамя таго, у склад участка ўваходзяць два кіёскі ва Уздзе і чатыры – у Стоўбцах.

Як лічаць самі працаўнікі стаўбцоўскага ўчастка саюздруку, такія высокія вытворчыя паказчыкі ўдаецца трымаць за кошт вывучэння спажывецкага попыту і вялікай увагі да асартыменту тавару. Новыя, выкананыя з сучасных матэрыялаў і па ўсіх патрабаваннях дызайну аглядныя кіёскі даюць магчымасць і дзецям, і дарослым разгледзець тавар і зрабіць свой выбар. Вялікі набытак стаўбцоўскага ўчастка і падбор кадраў – кіёскі абслугоўваюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія нераўнадушна адносяцца да работы.

 

НА АДВОЗКУ БУРАКОЎ

Зарабляць дадатковыя даходы стаўбцоўскаму філіялу ДП «Мінаблпаліва» даюць магчымасць транспартныя паслугі аўтамабілем «МАЗ-САЗ». Падчас уборкі збожжавых машыну заказвалі Хатаўскі спіртзавод і хлебапрыёмнае прадпрыемства. Цяпер паступіў заказ ад Гарадзейскага цукровага завода, які пачаў нарыхтоўку цукровых буракоў у сельскагаспадарчых таварыствах.

Сярод дадатковых паслуг, якія аказвае філіял «Мінаблпаліва» насельніцтву, продаж і ўстаноўка жалезабетонных агароджаў уласнай вытворчасці.

Аказваюцца паслугі прыватным асобам і арганізацыям лесавозным прычэпам з гідраманіпулятарам. Прычэп не бывае без работы – ім вывозіцца лесаматэрыял на дровы з лясных участкаў, выдзеленых  стаўбцоўскаму філіялу «Мінаблпаліва» для распрацовак.

Вытворчыя плошчы арганізацыі дазваляюць паставіць станок-ленту для вырабу піламатэрыялаў. Гэта і ёсць бліжэйшыя планы.

 

БЯСПЕКА: НА ПАВАРОЦЕ

Мінулыя выхадныя на дарогах раёна выдаліся  аварыйнымі.  

У нядзелю 14 верасня на 299-м км аўтамагістралі М1 грамадзянін Чэхіі, які кіраваў  велікагрузным аўтамабілем «Івека», няправільна выбраў дыстанцыю руху, ад чаго адбылося сутыкненне з легкавым аўтамабілем «Опель-амега», у якім ехалі двое жыхароў Мінска. Ад наезду пацярпела пасажырка легкавіка.

А напярэдадні, бліжэй да вечара 13 верасня, на скрыжаванні ў Шашках сутыкнуліся легкавы аўтамабіль «Рэно-лагуна» і трактар «МТЗ-82». Па інфармацыі ДАІ, вадзіцель легкавога аўтамабіля ажыццяўляў манеўр абгону трактара,  аднак не пераканаўся ў яго бяспечнасці: трактарыст выконваў у гэты момант манеўр левага павароту, у выніку чаго транспартныя сродкі «не раз’ехаліся». У гэтай аварыі пацярпелі двое: вадзіцель «Рэно», 1961 года нараджэння, і яго пасажырка, 1957 года нараджэння, якая з сур’ёзнымі траўмамі шпіталізавана ў цэнтральную раённую бальніцу. Усе ўдзельнікі здарэння – мясцовыя жыхары. Для высвятлення ўсіх абставін у абодвух вадзіцеляў узята кроў на наяўнасць у ёй алкаголю.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *