У гаспадарках раёна падзякавалі увішным хлебаробам

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У гаспадарках раёна практычна завершана сяўба яравых культур, і гэта нагода для таго, каб падзякаваць увішным хлебаробам за іх нялёгкую працу.

Механізатары прыкладалі старанні, прытрымліваліся тэхналогіі, каб сёлетні год парадаваў багатым караваем. Многія з іх чарговы раз пацвердзілі сваё майстэрства і зноў, як і ў мінулыя гады, – у кагорце лепшых.

Па традыцыі перадавікоў раённага спаборніцтва ўзнагароджваюць падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, уручаюць ім падарункі. Вызначаюцца лепшыя па ўсіх відах палявых работ. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталій Бычкоўскі завітаў у ААТ «Жацерава» і ААТ «Вялікі Двор», каб павіншаваць сапраўдных майстроў палеткаў, якія дабіліся найвышэйшых паказчыкаў. І невыпадкова. Тут летась былі атрыманы самыя высокія ўраджаі збожжавых і зернебабовых культур. І сёлета агранамічныя службы вышэйназваных таварыстваў робяць усё магчымае для таго, каб не саступіць лідарства.

– Дзякуючы вашым намаганням, прафесіяналізму, адказнасці за даручаную работу, рупнасці і ўменню своечасова і якасна праведзена веснавая пасяўная кампанія, – звярнуўся Віталій Генадзьевіч да перадавікоў. – Менавіта вашымі рукамі дасягаюцца высокія паказчыкі і ствараецца дабрабыт нашай краіны, забяспечваецца яе харчовая бяспека.

Віталій Бычкоўскі (злева) віншуе перадавікоў вытворчасці Віталія Ганчарэнку і Уладзіміра Ермакова (справа)

Быў адзначаны за добрасумленную працу Уладзімір Ермакоў з ААТ «Жацерава», які сёлета займаўся пагрузкай арганічных угнаенняў. У пары з ім на ўнясенні арганікі шчыраваў Віталій Ганчарэнка, які займае пасаду інжынера па эксплуатацыі, а ў перыяд масавых палявых кампаній садзіцца на трактар і паказвае прыклад у працы. Сяргей Сенька і Уладзімір Пячонаў з ААТ «Вялікі Двор» вызначыліся на сяўбе збожжавых і ўнясенні мінеральных угнаенняў.

У кагорце пераможцаў раённага спаборніцтва знаходзяцца: на ўнясенні мінеральных угнаенняў – Мікалай Новік (ААТ «Налібакі Агра»), Сяргей Лабун (ААТ «Рубяжэвічы»); на пагрузцы арганічных угнаенняў – Валерый Саланкевіч (ААТ «Налібакі Агра»), Мікалай Бабіч (ААТ «Шашкі»); на ўнясенні арганічных угнаенняў – Сяргей Паляшчук (ААТ «Налібакі Агра»), Уладзімір Кандрахоў (ААТ «Вішнявецкі-агра»); на ворыве глебы – Яўгеній Чэмка (ААТ «Налібакі Агра»), Пётр Дзямянка (ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»), Генадзій Ефімовіч (ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»); на сяўбе збожжавых – Дзмітрый Сагайдакевіч (ААТ «Агранёманскі»), Аляксандр Шаламоўскі (ААТ «Налібакі Агра»). Сярод маладых механізатараў вызначыўся на ўнясенні мінеральных угнаенняў Сяргей Машлякевіч з ААТ «Дзераўное».

Узнагароджаны падзячнымі пісьмамі шаснаццаць механізатараў-прафесіяналаў сельскагаспадарчых таварыстваў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *