«Паўвека разам». Сям’ю Копач аб’яднала каханне

Важное Соцыум Спецвыпускі «Праменя» Сям'я

image_pdfimage_print

У Міжнародны дзень сям’і ў Барысаве прайшло абласное мерапрыемства «Мір у сям’і – адзінства ў Беларусі». Удзел у ім бралі 30 сямейных пар, якія знаходзяцца ў шчаслівым шлюбе 50 гадоў і больш. Стаўбцоўскі раён прадставіла пара Марыі і Юрыя Копачаў. Сёлета яны адзначылі сваё залатое вяселле.

Марыя і Юрый Копачы сёлета адзначылі залатое вяселле

Марыя і Юрый Копачы нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне, Юрый Феліксавіч – у вёсцы Падгорная, Марыя Антонаўна – у вёсцы Дружная. Разам вучыліся ў Дзераўнянскай сярэдняй школе. Аднак за гады вучобы ім не давялося пазнаёміцца. Хлопец быў старэйшы за дзяўчыну на чатыры гады, меў свае інтарэсы, кола знаёмых. Пасля заканчэння школы Юрый скончыў курсы вадзіцеляў і быў прызваны ў рады Савецкай арміі ў г. Іванава ў Расіі. Марыя ж вырашыла звязаць сваё жыццё з гандлем.

Вярнуўшыся на радзіму, Юрый уладкаваўся на працу вадзіцелем у аўтобусны парк у Стоўбцах. Марыя працавала ў магазіне «Адзенне» на прывакзальнай плошчы. Тут іх шляхі і перасякліся. Дзяўчыне патрэбна было абмяняць манеты для тэлефона-аўтамата. Юрый заўважыў прывабную дзяўчыну, знешнасць якой здалася яму знаёмай, і прапанаваў дапамогу. Дарэчы, малады чалавек працаваў на маршруце аўтобуса Стоўбцы – Дружная, на якім Марыя пастаянна ездзіла да бацькоў.

Праз год Марыя і Юрый пажаніліся і пачалі будаваць сваё сямейнае жыццё. Купілі пераносны дом і пераехалі ў Стоўбцы. Праз некаторы час у сям’і нарадзіліся дачка Ганна і сын Дзмітрый. Юрый працягваў працаваць вадзіцелем, а жонка – у магазіне. Дарэчы, за 42 гады працоўнага стажу мужчына паспеў папрацаваць у аўтапарку, сельгасхіміі і ПМК-233. За сваю рупнасць ён не раз быў адзначаны на раённым і абласным узроўнях. Самым прыемным падарункам быў талон на набыццё аўтамабіля «Масквіч-2140».

Дачка з сынам падраслі, у кожнага з’явілася свая сям’я. Ганна жыве ў сталіцы і працуе памочнікам урача ў цэнтры прафілактычнай дэзынфекцыі. Дзмітрый – вадзіцель-міжнароднік, жыве ў Стоўбцах.

Нельга сказаць, што ўсё жыццё сям’і Копачаў складалася толькі са шчаслівых момантаў. Як адзначае Юрый Феліксавіч, шчасце ў жыцці – рэдкі госць. Сямейная пара праходзіла праз розныя выпрабаванні. Жыццёвыя няўдачы загартоўвалі і аб’ядноўвалі іх. Пражыўшы паўвека разам, яны ўпэўнены, што галоўнае ў адносінах – павага адно да аднаго і паразуменне. «У кожнай сям’і бываюць спрэчкі, але патрэбна знаходзіць кампраміс», – падкрэслівае Марыя Антонаўна. Яе муж мае такое ж меркаванне: «Калі пасварыліся, абавязкова трэба памірыцца, іншага быць не можа». Мабыць, такі падыход і ляжыць у аснове моцных і доўгіх сямейных адносін.

Цяпер Юрый Феліксавіч і Марыя Антонаўна знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Увесь час прысвячаюць дому і працы на агародзе. Добраўпарадкаванасць падворка можна заўважыць здалёк. Прываблівае водар кветак, якія растуць у палісадніку. У гаспадыні тут і цюльпаны, і фіялкі, і прымулы… Сапраўдная аранжарэя і ў доме. Марыя Антонаўна прызнаецца, што нібыта сама расцвітае, калі бачыць вакол сябе столькі жывой прыгажосці. Юрый Феліксавіч шмат часу праводзіць на агародзе. Ён вырошчвае розныя сарты бульбы. «Гаспадар дома – гаспадар на зямлі», – лічыць Юрый Феліксавіч. У свой час разам з жонкай яны пабудавалі дачу ў вёсцы Арцюхі. Гэта дазволіла вырошчваць яшчэ больш рознай агародніны.

Вольны час сямейная пара любіць бавіць з унукамі, якіх у іх чатыры. Амаль кожны з іх пачаў самастойнае жыццё. Шчаслівыя бабуля і дзядуля ганарацца імі і падтрымліваюць ва ўсіх пачынаннях. Унучка Аліна працуе ў Беларусбанку ў Мінску, Кацярына – бортправадніца ў авіякампаніі «Белавія». Унук Уладзіслаў пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа вярнуўся дамоў і рупіцца ў Стаўбцоўскім РАНС. А малодшы ўнук – Саша – самы часты госць у бабулі і дзядулі. Ён вучыцца ў шостым класе сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы.

Марыя Антонаўна заўсёды сустракае сваіх дзяцей, унукаў духмянай выпечкай. У кулінарыі яна майстар на ўсе рукі. Такія здольнасці адзначае і яе муж: «З жонкай мне сапраўды пашанцавала. Заўсёды дапаможа, прыбярэ, прыгатуе». Юрый Феліксавіч ва ўсім любіць парадак, таму такую гаспадарлівасць жонкі ён вельмі паважае.

Як адзначае сямейная пара, непрыкметна праляцела паўстагоддзя. Так хутка выраслі дзеці, дарослымі сталі і ўнукі. Дабрабыт іх сем’яў – асноўная каштоўнасць для Юрыя Феліксавіча і Марыі Антонаўны. Цяпер для іх самае галоўнае – здароўе блізкіх і мірнае неба над галавой. Такія простыя, але такія важныя жаданні…

Ксенія РУБІН

Фота Наталіі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *