Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 13 шлюбаў, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 16 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ганна Вяршына, Яраслаў Касцюкевіч, Фёдар Сошка, Канстанцін Самахвал, Міхаіл Ваўчок, Яўгеній Бохан, Цімафей Аўласёнак, Анастасія Гелейша, Аляксандр Далідовіч, Карына Дошчачка, Лізавета Канатопава, Софія Касцевіч, Мацвей Крыўко, Арына Мятліцкая, Лізавета Цярэшка і Улада Якусік.

Зямны шлях закончыўся для 16-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Тонаве. Адзін пакой выгараў поўнасцю, іншыя пашкоджаны дымам. На момант пажару нікога з жыльцоў дома не было. Яго папярэдняя прычына – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Міліцыяй зарэгістраваны 164 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны дзевяць крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. Зламыснік вынес з кватэры па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах мабільны тэлефон. Украдзены веласіпеды з падворка ў Даўнаршчыне і з пад’езда дома па вуліцы Энгельса ў райцэнтры.  На вуліцы Падгорнай у Новым Свержані хуліган збіў жанчыну. Аналагічны факт хуліганства адбыўся ў пад’ездзе дома па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй працы зафіксаваны смяротны выпадак на торфапрадпрыемстве «Нёман»: падчас руху цеплавоза па вузкакалейцы на прамысловую базу адбыўся наезд на аднаго з работнікаў, які ад атрыманых траўмаў памёр на месцы здарэння. Па даным факце праводзіцца расследаванне.

Суд асудзіў да 12 млн руб. штрафу 22-гадовага мінчаніна: будучы нецвярозым на вакзале ў Стоўбцах, ён пашкодзіў аўтамабіль «Фіят», а пасля жалюзі і акно гандлёвага павільёна Мінаблсаюздруку, чым нанёс шкоду амаль на пяць млн руб. За знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане пакараны шэсць жыхароў раёна: арыштам – ад 5 да 25 сутак і штрафам у 300 – 450 тыс. руб. На 450 тыс. руб. аштрафаваны і 31-гадовы жыхар Зарэчча (Рубяжэвіцкі сельсавет), які ўчыніў на вуліцы нецэнзурную лаянку з прахожымі. 59-гадовы мінчанін аштрафаваны на 2 млн 250 тыс. руб.: будучы ў Найдзёнавічах, ён пасварыўся з сястрой і нанёс ёй цялесныя пашкоджанні.   

 ДАІ выявіла 205 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць п’яных вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксаваны 16 дарожных аварый, у дзвюх з іх пацярпелі трое чалавек. З 15 па 25 верасня на дарогах раёна праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Бяспечны пераход». Нагадваем, што і вадзіцелі, і пешаходы павінны захоўваць правілы праезду і пераходу праезджай часткі, парушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

«Хуткая» выязджала да хворых 192 разы, у прыватнасці дзевяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем, а тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *