У краі лясным

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Вялікай адметнасцю Налібацкага лясніцтва Стаўбцоўскага доследнага лясгаса з’яўляецца тое, што за малым выключэннем ўсе працаўнікі – мясцовыя. Тут яны закончылі школу, тут засталіся жыць і працаваць. Прычым, у штаце нямала маладых кадраў, ва ўзросце да 40 гадоў. Гэтых сімпатычных людзей вы бачыце на здымках.

Віктар Нягоцька (на здымкусправа) пасля службы ў арміі прыйшоў працаваць у лясніцтва пажарным вартаўніком. Потым стаў лесарубам, затым асвоіў прафесію вальшчыка лесу. Прыйшлося – сеў за руль  трактара (у яго быў да арміі невялікі вопыт работы трактарыстам у мясцовым калгасе). Затым быў назначаны на пасаду лесніка. Цяпер працуе майстарам лесу. Усе гэтыя 17 гадоў Віктар Ізыдоравіч не толькі абагачаўся ўменнямі на практыцы, але і паспяваў атрымліваць тэарэтычныя веды ў навучальных установах – закончыў Полацкі дзяржаўны лясны каледж і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Вось так і вырасціла лясніцтва выдатнага спецыяліста. Быў перыяд, калі на працягу васьмі месяцаў Віктар Нягоцька выдатна праявіў сябе, выконваючы абавязкі ляснічага.

Такія ж беражлівыя адносіны тут да кожнага працаўніка. На малой радзіме аддае свае ўменні лясніцтву і яшчэ адзін малады майстар лесу Аляксей Шуцько (на здымку ўверсе злева).

На вагу золата ў лясніцтве трактарыст Эдуард Солтан. У Налібацкім лясніцтве ён працуе другі год, а наогул стаж яго работы ў лясгасе – 15 гадоў. Да гэтага працаваў трактарыстам у Кляцішчанскім, Прудскім лясніцтвах. Калі ў Налібакі набылі магутны трактар ТТР-411, адзіны ва ўсім лясгасе, даверылі яго Эдуарду Солтану. Выконвае ён свае абавязкі, мала сказаць, умела. Ён прафесіянал, якому няма роўных. У Налібацкім лясніцтве 30 працэнтаў плошчаў забалочаныя. Здабыць чорнаалешнік не так проста. У Эдуарда Рамуальдавіча – свае сакрэты. Сапраўды герой у калектыве.

Вальшчык лесу Пётр Мазун (на здымку ўнізезлева) з‘яўляецца прадстаўніком старэйшага пакалення калектыву лясніцтва. Ён прыйшоў сюды працаваць пасля рэарганізацыі Кляцішчанскага леспрамгаса. Спрактыкаваны вальшчык. Варта сказаць і аб тым, што Пётр Валянцінавіч – адзін з трох братоў, якія прысвяцілі сваё жыццё лесу. Іосіф Мазун працуе лесніком у суседнім Кляцішчанскім лясніцтве, старэйшы брат Фелікс ужо на пенсіі, працаваў лесніком у Налібацкім лясніцтве. Прыгожая сямейная дынастыя.

Дружнаму калектыву Налібацкага лясніцтва па сіле любая задача. 80 працэнтаў плошчаў з 10160 гектараў у Налібацкім лясніцтве адносяцца да лясоў першай групы і ўвахозяць у ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння. З любоўю да  справы і з высокім прафесіяналізмам працаўнікі лясніцтва выконваюць свае штодзённыя абавязкі па ахове і развіцці лесу. Пры гэтым яны выдатна спраўляюцца з усімі даведзенымі заданнямі. Аб чым скажа такі факт – па выніках работы за першае паўгоддзе калектыў Налібацкага лясніцтва сярод дзевяці ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе заняў першае месца. У сёлетняе небяспечнае спякотай лета працаўнікам удалося зберагчы свой лес ад пажараў.

Застаецца дадаць, што ўзначальвае калектыў малады ляснічы Сяргей Бычкоўскі, таксама выпускнік мясцовай Налібацкай сярэдняй школы. Ён – прадаўжальнік сямейнай дынастыі працаўнікоў лесу ў чатырох пакаленнях. Няхай не бяднее Налібацкі край на майстроў-лесаводаў!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *