На першую падкормку выспела азімая свірэпіца

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

На гэтым тыдні працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы» прыступаюць да нарыхтоўкі кармоў.

На палеткі выйдзе кормаўборачны атрад, работнікі якога з году ў год працуюць  зладжана і паспяхова спраўляюцца з даведзеным заданнем. Варта дадаць, што таварыства на працягу апошніх гадоў знаходзіцца ў ліку пераможцаў і прызёраў раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. І сёлета тут разлічваюць не саступіць заваяваных раней пазіцый.

У гаспадарцы пад першы ўкос адведзена 1035 гектараў сенажацяў. Травы выраслі неблагія і працягваюць набіраць масу.

– Асноўная наша задача – скасіць іх хутка і закласці на зімоўку жывёле якасныя кармы, – гаворыць дырэктар таварыства Дзмітрый Сахарэвіч. – Дзеля гэтага ў нас дастаткова тэхнікі, а галоўнае – вопытныя і старанныя механізатары.

Жывёлаводы гаспадаркі надойваюць гэтымі днямі звыш 17 кілаграмаў малака ў сярэднім ад кожнай каровы, што перавышае адпаведны паказчык мінулага года больш як на 1,66 кілаграма.

А пакуль у гаспадарцы ўбіраюць азімую свірэпіцу, якая займае плошчу звыш 130 гектараў. Шчыруе на КВК-800 Уладзімір Маргаўнічы. Уладзімір Леанідавіч працуе ў таварыстве вадзіцелем амаль трыццаць гадоў, а ў перыяд касавіцы садзіцца на кормаўборачны камбайн. Багатую пратэінам здрабнёную зялёную масу дастаўляюць на фермы і выкарыстоўваюць на падкормку жывёле. Увядзенне азімай свірэпіцы ў рацыён кароў – гэта практычна і эфектыўна, што дазваляе павялічыць вытворчасць малака. Адначасова змяншаецца выкарыстанне камбікармоў і зніжаецца сабекошт прадукцыі.

Да таго ж, вырошчванне азімай свірэпіцы не патрабуе вялікіх затрат. Яшчэ адна немалаважная перавага свірэпіцы ў тым, што гэта прамежкавая культура. Пасля яе ўборкі можна сеяць другую культуру і атрымліваць яшчэ адзін ураджай.

Кожны год на касавіцы рупіцца Аляксей Гусарэвіч. У яго распараджэнні касілка КМР-9 і трактар «Беларус-3522». Аляксей Уладзіміравіч – умелы працаўнік.  Ён выконвае розныя работы. Нядаўна быў заняты на сяўбе яравых збожжавых і зернебабовых культур, а цяпер уносіць у глебу арганічныя ўгнаенні. Дзень-два – і паклічуць дбайнага механізатара травяныя ўгоддзі.

Сёлета ў гаспадарцы пасеяна і падлягае пад уборку 1453 гектара азімых і яравых збожжавых і зернебабовых культур – самая вялікая плошча сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.  Для павелічэння ўраджайнасці высявалі і новыя перспектыўныя элітныя сарты. Азімы рапс размясціўся на 300 гектарах – кіраўніцтвам гаспадаркі восенню былі закуплены замежныя высокаўраджайныя гібрыды. Пад кукурузу, якая аддзячвае рубяжэвіцкім рупліўцам даволі высокай ураджайнасцю, адведзена тысяча гектараў, а пад цукровымі буракамі занята 330 гектараў – таксама даволі немалыя аб’ёмы. Пасеяна 25 гектараў грэчкі, і пасаджана 40 гектараў бульбы. Перад сяўбой і пасадкай усіх сельскагаспадарчых культур глеба была належным чынам падрыхтавана і запраўлена арганічнымі ўгнаеннямі і мінеральнымі тукамі. Механізатары справіліся з вышэйназванымі работамі своечасова і выкананалі ўсе тэхналагічныя аперацыі якасна. Каб атрымаць сёлета дастойны ўраджай, намаганні агранамічнай службы скіраваны на догляд пасеваў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *