З судовай практыкі. Калі прыгавор выносіцца непаўналетняму

Ахова правапарадку Важное

image_pdfimage_print

Згодна з артыкулам 27 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, крымінальнай адказнасці падлягае асоба, якая дасягнула да моманту ўчынення злачынства 16-гадовага ўзросту.

Выключэнне складаюць некаторыя выпадкі, пералічаныя ў частцы другой гэтага ж артыкула, калі адказнасць наступае з 14 гадоў за злачынствы, што ўяўляюць найбольшую грамадскую небяспеку.

Да асобы, якая ўчынiла злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, могуць быць прыменены такія пакаранні, як грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю і інш.

Для таго каб прасачыць дынаміку злачыннасці, катэгорыі злачынстваў, назначэнне мер пакарання па справах данай катэгорыі, крыміналагічныя аспекты ўчынення падобнага роду злачынстваў, уплыў дарослых, сям’і, школы, камісіі па справах непаўналетніх на прафілактыку правапарушэнняў, выяўленне прычын росту ўчынення такіх злачынстваў, судом раёна праводзіцца штогадовы аналіз крымінальных спраў, суб’ектамі злачынстваў якіх з’яўляюцца непаўналетнія.

У адносінах да непаўналетніх, якія былі абвінавачаны ў 2018 годзе, судом разгледжана 13 крымінальных спраў, у 2019 годзе – пяць, у 2020 годзе – тры. У выніку дзевяць падлеткаў былі асуджаны з назначэннем розных відаў пакарання, такіх як грамадскія работы, абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, арышт, пазбаўленне волі. Аднаму непаўналетняму вынесены прыгавор з адтэрміноўкай выканання пакарання, двум – прызначаны прымусовыя меры выхаваўчага характару, 10 непаўналетніх вызвалены ад крымінальнай адказнасці на розных падставах (прымірэнне з пацярпелым, у сувязі з актам амністыі, прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці).

Сярод злачынстваў, учыненых у нашым раёне непаўналетнімі, пераважаюць злачынствы карыслівай накіраванасці: крадзяжы, крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, прысваенне даверанай маёмасці, махлярства (12), хуліганствы (сем).

Напрыклад, летась 17-гадовы падлетак, маючы намер на крадзеж грашовых сродкаў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, папрасіў у пацярпелага мабільны тэлефон і, скарыстаўшыся тым, што ў ім не была закрыта праграма M-Belarusbank, перавёў грашовыя сродкі ў суме 80 рублёў на свой рахунак. Падлетак у момант учынення злачынства быў у стане алкагольнага ап’янення.

Неабходна адзначыць, што падлеткам у большай ступені, чым дарослым, уласціва ўчыненне сітуацыйных, часцей за ўсё групавых злачынстваў. У чатырох крымінальных справах непаўналетнія фігуруюць разам з дарослымі.

Разглядаючы злачыннасць як найскладанейшую сацыяльную з’яву, неабходна адзначыць, што такая яе разнавіднасць, як злачыннасць непаўналетніх, заўсёды выклікае павышаную ўвагу. Гэта цалкам заканамерна, паколькі маладое пакаленне з’яўляецца рэзервам сацыяльнага развіцця грамадства, а распаўсюджанасць парушэнняў падлеткамі крымінальнага закона не толькі сведчыць пра існуючыя недахопы выхавання, але і ў значнай меры выступае ў якасці прагнастычнай характарыстыкі злачыннасці ў цэлым.

У сувязі з гэтым папярэджванне злачынстваў і іншых супрацьпраўных дзеянняў з боку непаўналетніх з’яўляецца адной з галоўных задач суда і іншых праваахоўных органаў, школы і сям’і.

Людміла ШУЦЬКО, старшыня суда раёна

Фота Таццяны ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *