Што ўпрыгожвае аграгарадок Налібакі

Нумары Соцыум

Сам па сабе сход жыхароў вёскі – з’ява звычайная. Аднак  у Налібаках гэты дзень стаў вельмі адметным. Сход увабраў у сябе некалькі яркіх  падзей, аб чым раскажам па парадку.

Па-першае, жыхары васьмі вёсак сельсавета, якія сабраліся на сход у сельскі Дом культуры, чакалі сустрэчы з новым старшынёю раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым. Зразумелая цікавасць да новага кіраўніка. Пра назначэнне яны чыталі ў газеце, а тут самі могуць пабачыцца з ім. Ім прадаставілася магчымасць падзяліцца сваімі клопатамі і радасцямі. Юрый Мікалаевіч цёпла прывітаў прысутных і ў сваю чаргу выказаў уражанні аб навакольных вёсках. Да гэтага ён паспеў праехаць населеныя пункты, пабываць на мясцовых прадпрыемствах. ТАА «СЖК Налібакі» быў адзначаны як моцны агракомплекс, якому па сіле ажыццявіць эканамічна выгадныя праекты, напрыклад, племянны продаж. Старшыня райвыканкама падтрымаў моцныя налібацкія традыцыі, культуру, добрую практыку навядзення парадку на вясковых вуліцах, на сельскіх могілках з падтрымкай мясцовага свяшчэнства. Ксёндз Мар’ян Шэршань таксама быў запрошаны на сход, ён заўсёдны ўдзельнік усіх важных падзей у наваколлі, жыве клопатамі вяскоўцаў, настаўляе іх на добрыя справы.

Удзельнікі сходу прынеслі на сход свае пытанні. Найбольш іх непакоіць асвятленне вясковых вуліц, праблема з пітной вадой у вёсцы Пруды і забеспячэнне вадой некаторых вуліц аграгарадка Налібакі, вёскі Каменка, стан дарогі ў вёсках Несцеравічы і Ніўнае, непаладкі пры карыстанні інтэрнэтам і бесправадным радыё. Вялікі непакой выклікае праблема з ведамасным жыллём аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі». Кватэры не прыватызаваны, арганізацыя не паклапацілася падрыхтаваць на іх тэхнічныя пашпарты. Адсюль выцякаюць няўвязкі і з правядзеннем рамонтаў, і з эксплуатацыяй кватэр.

Усе гэтыя пытанні занатаваны, узяты на кантроль. На сходзе прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, дырэктар ТАА «СЖК Налібакі» Віталь Кушнер, дырэктар ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібакі» Валерый Францкевіч. Некаторыя з існуючых праблем магчыма вырашыць аператыўна, як асвятленне вуліц. А некаторыя трэба ўнесці ў праграму, як будаўніцтва водаправода ў вёсцы Пруды, якое патрабуе сур’ёзных фінансавых укладанняў.

Да сходу была прыўрочана  важная падзея – прэзентацыя кнігі «Гісторыя саўгаса «Івянецкі». Яе падрыхтаваў былы дырэктар Налібацкай СШ Адам Сінякевіч. Нягледзячы на свой узрост (Адаму Іванавічу 87 гадоў), ён застаецца актыўным членам грамадства, вельмі паважаным чалавекам у вёсцы. Падрыхтаваная ім кніга ўключае гісторыю роднага краю ў асобах, падзеях. Тут сабраны ўнікальныя вытворчыя фотаздымкі з сямейных альбомаў рознага часу. Сённяшні  ТАА «СЖК  Налібакі» перанёс шмат рэарганізацый. Раней вёска Налібакі адносілася да Івянецкага раёна. Кніга ўвабрала важныя гістарычныя і архіўныя матэрыялы, успаміны старажылаў і будзе добрай памяццю для наступных пакаленняў. Прафінансаваў выданне ТАА «СЖК Налібакі». Адам Сінякевіч узнагароджаны Падзякай старшыні   раённага выканаўчага камітэта. З трыбуны сходу Адам Іванавіч расказваў, як рыхтавалася выданне і падзяліўся сваімі творчымі планамі – цяпер ён працуе над зборам матэрыялу аб гісторыі Налібацкага сельсавета.

 Такі пад’ём творчых сіл, актыўнасці, ініцыятыўнасці людзей звязаны з прыходам на пасаду старшыні Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча. Да гэтага Аляксандр Іванавіч працаваў участковым інспектарам міліцыі, добра ведае людзей, мае ўнікальны дар знайсці падыход да кожнага. Каб падняць актыўнасць вяскоўцаў, ажывіць іх рупнасць па навядзенні парадку на роднай зямлі і, у першую чаргу, – у сваім двары, быў задуманы конкурс на лепшае вясковае падвор’е. У васьмі населеных пунктах Налібацкага сельсавета каля 500 двароў. 32 гаспадары прынялі рашэнне прыняць удзел у конкурсе. Іх сядзібы па праву заслугоўваюць звання «Дом узорнага парадку». З цікавасцю ўсе падыходзілі да стэнда «Лепшае вясковае падвор’е».

Падвядзенне вынікаў конкурсу таксама было прыўрочана да сходу. Пераможцы атрымалі ўзнагароды – граматы, падзякі і падарункі. Першае месца прысуджана Ірыне Раманоўскай і Георгію Яўсейчыку, Феліксу і Ганне Мазунам, Станіславе Нецка з аграгарадка Налібакі,  другое –  Сяргею і Ганне Слабодчыкавым, таксама з Налібак, Аляксандру і Валянціне Шчэцькам з вёскі Кляцішча, трэцяе – Іосіфу і Ганне Жаўнерчыкам з аграгарадка Налібакі, Сцяпану і Лідзіі Фарботкам, Лідзіі Босай з Прудоў. Спонсарамі выступілі прадстаўнікі малога бізнесу, якія ажыццяўляюць нарыхтоўчую дзейнасць на тэрыторыі Налібацкага сельсавета. У ліку іх ёсць і выхадзец з вёскі Пільніца – Міхаіл Паўхлеб. З цікавасцю ўдзельнічае ў мясцовых мерапрыемствах прадпрымальнік з Гродзенскай вобласці Галіна Думчава. Для вяскоўцаў было сапраўдным сюрпрызам атрымаць узнагароды, падарункі. Аляксандр Пілінкевіч заклікаў удзельнікаў сходу падключыцца да арганізацыі свята аграгарадка Налібакі і вёскі Пруды, якое пройдзе ў наступным годзе. Падрыхтоўка да яго распачата ўжо цяпер. Кожны гаспадар атрымае канкрэтнае заданне, над чым яму прыйдзецца папрацаваць у плане добраўпарадкавання сваёй сядзібы і ўдзелу ў канкрэтным конкурсе. Спонсары выказалі гатоўнасць падтрымаць гэты праект.

Напрыканцы сходу вяскоўцаў чакала яшчэ адна прыемнасць. Выступіць на вясковай сцэне прыехалі: выдатны мастацкі калектыў – народны аркестр народных інструментаў» Кругліца» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Генадзя Несялоўскага, салісты Людміла Канаплянікава-Доўнар і Юліяна Шумей. Гучала народная музыка, беларускія песні ў выдатным выкананні. Гледачы годна ацанілі такое прафесійнае касцюміраванае выступленне музыкантаў і салістаў.

Прыемна было назіраць, з якім настроем разыходзіліся вяскоўцы дамоў. Яны гатовы падтрымаць старшыню сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча ў яго стараннях зрабіць вёску дружнай, чыстай, камфортнай для жыцця.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: старшыня райвыканкама Юрый Горлаў уручае ўзнагароду  Адаму Сінякевічу;  старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч і прадпрымальнік Міхаіл Паўхлеб пры ўручэнні падарункаў лепшым гаспадарам; аб’яднаны ідэямі.

 

ПРЫЁМ ГРАМАДЗЯН: З УВАГАЙ ДА ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ

У Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце прыём грамадзян правёў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  Мінскага аблвыканкама Алег Семянчук. У гэтай сустрэчы з пражываючымі ў сацыяльнай установе прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Анатоль Мядзведзь.

Былі закрануты пытанні прапускнога рэжыму праз кантрольна-прапускны пункт, наладжвання ўзаемаадносін і сувязяў з роднымі, увядзення дадатковых рэйсаў аўтобуса, падключэння да сеткі інтэрнэт.

Была закранута праблема бадзяжных сабак у вёсцы. Агучаныя пытанні ўзяты на кантроль прадстаўнікамі ўлад.

Акрамя разгляду гэтых праблемных пытанняў ветэраны  скарысталі магчымасць выказаць сваю ўдзячнасць за дзяржаўную падтрымку людзей пажылога ўзросту.

Было разгледжана рабочае пытанне нарыхтоўкі гародніны на зіму.

 

ЮБІЛЕЙНАЕ: ВЯСЕЛЛЕ ДЛЯ БАЦЬКОЎ

Аддзел ЗАГС запрашае сямейных юбіляраў на ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу. 

Залатое, рубінавае, сярэбранае, брыльянтавае або іншай «пробы» вяселле – чым не нагода сабрацца разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі ў нашай абноўленай зале?! Для «маладажонаў», што праверылі свае пачуцці гадамі сумеснага жыцця, будзе ізноў гучаць марш Мендэльсона, а ў кнізе ганаровых сямейных юбіляраў застануцца, як рэліквія, іх знамянальныя подпісы.

Напрыканцы мінулага года мы праводзілі ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу для залатой сямейнай пары –  Міхаіла Аляксандравіча і Ніны Мікалаеўны Атрушкевічаў з Наваколасава. Сведкамі яе былі іх дзеці і ўнукі. Шчаслівым юбілярам уручылі падарунак ад раённага выканаўчага камітэта, ад аддзела ЗАГС –  медаль «З залатым вяселлем». Разам з тым, было відавочна, што менавіта яны, дзеці, якія звярнуліся да нас з просьбай ушанаваць сваіх родных, зрабілі сваім бацькам самы дарагі  сюрпрыз і падарунак.

Кожны з вас можа паўтарыць падобнае свята для сваіх блізкіх, сваякоў, калі загадзя звернецца ў аддзел ЗАГС. У даным выпадку «стаж» сямейнага жыцця не іграе асаблівай ролі. Ён можа быць 10, 15, 25, 30, 40 і так далей гадоў сумеснага жыцця. Галоўнае – каб паміж мужам і жонкай былі каханне і згода, моцная сям’я, багатая любоўю да людзей.  

Надзея КАРТУЗАВА,начальнік аддзела ЗАГС

 

У ГРАМАДСКІХ АРГАНІЗАЦЫЯХ: ЯКІМ БЫЦЬ «СЯМЕЙНАМУ КАПІТАЛУ»

Пад эгідай раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» на Стаўбцоўшчыне прайшло абмеркаванне прапаноў адносна дадатковых мер падтрымкі сем’яў.

Як вядома, Прэзідэнт нашай краіны выступіў з прапановай выплаты сем’ям, у якіх нараджаюцца трэцяе дзіця і наступныя, грашовай дапамогі ў эквіваленце 10 тысяч долараў ЗША – так званага «сямейнага капіталу», аналагічнага расійскаму «мацярынскаму  капіталу».

– Прапанова вельмі цікавая і слушная, яна фактычна датычыць кожнай сям’і, бо мы і самі з’яўляемся бацькамі, і з часам становімся бабулямі і дзядулямі, якія хвалююцца за сваіх унукаў, праўнукаў. «Сямейны капітал» накіраваны на стымуляванне нараджальнасці ў сем’ях, на іх дадатковую сацыяльную падтрымку з боку дзяржавы. Сродкі гэтыя могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, адукацыю дзяцей, пры неабходнасці лячэння каго-небудзь з членаў сям’і і ў іншых жыццёвых сітуацыях. Але механізм выдзялення  сродкаў «сямейнага капіталу» павінен быць максімальна прадуманым, каб ні ў якім разе не ўнесці разлад у сям’ю. У сувязі з гэтым і актыў нашай арганізацыі, і працоўныя калектывы раёна праявілі зацікаўленасць падчас абмеркавання. Прагучала шмат розных думак, поглядаў, ініцыятыў, – падвяла рысу пад абмеркаваннем старшыня раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталля Лапко.   

На некаторых з агучаных прапаноў, якія прадстаўляюць грамадскую думку, варта спыніцца падрабязней. Адна з іх – сродкі «сямейнага капіталу» ў выпадку ўзнікнення неабходнасці (яе трэба пацвердзіць дакументальна) могуць быць выкарыстаны ў больш раннія тэрміны, чым дасягненне дзіцем узросту 18-ці гадоў. Напрыклад, пры дасягненні ім трох гадоў. Права распараджацца сродкамі капіталу прадаставіць матулі, а ў далейшым – усім дзецям у роўных долях.

Як альтэрнатыва выплаце «сямейнага капіталу» было прапанавана разгледзець магчымасць выплаты штомесячнай дзіцячай дапамогі на кожнае дзіця ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў   без уліку сукупнага даходу, але з абавязковай умовай занятасці бацькоў (або аднаго з іх у няпоўнай сям’і) у памеры 0,5 – 1 бюджэт пражытачнага мінімуму. Права на даны від дапамогі павінна распаўсюджвацца на ўсе сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, у тым ліку і на тыя, дзе адно дзіця. Прапанавана лічыць немэтазгодным зніжэнне на 50 працэнтаў дапамогі па доглядзе дзіцяці  да трох гадоў у дачыненні да сем’яў, дзе дзеці аформлены ва ўстанову дашкольнай адукацыі. У якасці аргументаў прыведзены выдаткі, якія ўзрастаюць  пры наведванні  дзіцячага сада. У першую чаргу, гэта  «экіпіроўка» дзіцяці, ды і  плату за сад нельга назваць мізэрнай для сямейнага бюджэту.

На пасяджэнні актыву раённай арганізацыі «Беларускага саюза жанчын» узнімалася і пытанне падрыхтоўкі да Тыдня маці, што традыцыйна пройдзе ў кастрычніку. Мяркуецца, што застануцца ў праграме як апрабаваныя мерапрыемствы (урачысты прыём маці-гераіняў у старшыні райвыканкама, наведванне маці, чые сыны загінулі ў Афганістане, сустрэчы ў тэрытарыяльным цэнтры з жанчынамі-ветэранамі працы, шматдзетнымі і іншымі сем’ямі), так і дабавяцца новыя. Начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава прапанавала дапоўніць святочнае наведванне радзільнага дома працэдурай урачыстага ўручэння матулям непасрэдна там, у аддзяленні, пасведчанняў аб нараджэнні дзіцяці. У Тыдзень маці было вырашана звярнуць увагу не толькі на матуляў, а і на татаў, якія адны гадуюць дзяцей.

Раённая арганізацыя «Беларускі саюз  жанчын» ушчыльную займаецца і пытаннямі аказання  дапамогі перасяленцам з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Яна заклікала ўсіх жыхароў раёна праявіць міласэрнасць і падзяліцца з гэтымі людзьмі вопраткай, прадуктамі, зрабіць грашовыя ахвяраванні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МЯСЦОВАЯ ЎЛАДА: ПОЗІРК У ЗАЎТРА З ШЭФСКАЙ ДАПАМОГАЙ

Клопатаў у старшыні Навасвержанскага сельвыканкама Анатоля Богдана хапае круглы год. Але восеньская пара для мясцовай улады – гэта і працяг актыўнага добраўпарадкавання, і своеасаблівае падвядзенне вынікаў таго, што было ажыццёўлена падчас напружанага летняга перыяду, і позірк  у  дзень заўтрашні, каб з улікам праведзенага прамежкавага самааналізу  акрэсліць задачы на перспектыву.

–  Адносны парадак нарэшце наведзены на тэрыторыі філіяла ААТ «Маладзечналес», якая фактычна засталася безгаспадарнай, – адзначае Анатоль Богдан. –  Нам была аказана шэфская дапамога з боку прадпрыемства меліярацыйных сістэм і лясгаса. Меліяратары выкошвалі траву і выразалі кустоўе, а лесаводы аднаўлялі плот з боку вуліцы Чыгуначнай. Гэтая агароджа добра прыкметная з рэспубліканскай трасы, якая вядзе ў турыстычны Нясвіж. На працягу 60-ці метраў быў устаноўлены новы плот і 45-ці метраў  – ранейшы пасля рамонту. Увесь неабходны матэрыял для плоту (штыкетнік, брусы, слупкі) выдзеліў Навасвержанскі лесазавод. Карыстаючыся магчымасцю, хочацца выказаць асаблівую ўдзячнасць кіраўніцтву гэтага прадпрыемства, размешчанага на тэрыторыі сельсавета. Яно ідзе насустрач пры любым нашым звароце і, нягледзячы на вытворчыя задачы, шукае магчымасць, каб аказаць тую ці іншую дапамогу. Яшчэ адна «свержанская» арганізацыя –  райаграсэрвіс – па магчымасці таксама выручае нас. У першую чаргу, тэхнікай.        

– Анатоль Яўгеньевіч, якія яшчэ адрасы сёлетняга добраўпарадкавання на тэрыторыі сельсавета? 

– Працягваем выразаць старыя  дрэвы. З дапамогай работнікаў Акінчыцкага лясніцтва ўжо часткова спілавалі аварыйныя вербы па вуліцы Галавенчыцкай, якая вядзе да школы. Астатнімі дрэвамі, больш «цяжкімі», што навісаюць над правадамі, будуць займацца спецыялісты-верхалазы. Такім чынам, мы плануем у гэтым годзе поўнасцю расчысціць дарогу ў школу. Будзем працаваць з аварыйнымі дрэвамі і на іншых грамадскіх тэрыторыях. Іх адрасы падказваюць людзі. Акрамя таго, у летні перыяд сваімі сіламі наводзілі парадак ля Нёмана, побач з  чыгункай і аўтамабільнай дарогай. Месца гэтае для купання пакуль не прадугледжана, аднак у спёку яно карысталася вялікай папулярнасцю, у тым ліку сярод транзітных «купальшчыкаў». З яго ўборкай дапамагалі добраахвотнікі – мясцовыя жыхары. Але, зразумела, парадак тут неабходна падтрымліваць пастаянна, таму на наступны год будзем выходзіць з прапановай аб узаконьванні і гэтай зоны масавага адпачынку на Нёмане.

Як вядома, у супрацьлеглым баку Новага Свержаня, каля  аздараўленчага лагера «Церамок», дзейнічае адна з афіцыйных зон масавага адпачынку на Нёмане, вельмі папулярная, запатрабаваная. Але паколькі  адпачываючых можна сустрэць паўсюдна па беразе Нёмана, мы падрыхтавалі адпаведныя шыльды –  «Купанне ў неўстаноўленых месцах забаронена».  Замацоўваць  іх будзем ужо ў новым сезоне. Дарэчы, лесазавод аказаў нам шэфскую дапамогу і ў  акультурванні берагавой лініі Нёмана – выразаў кустоўе да ўезду ў Новы Свержань.  

– У цэнтры Новага Свержаня вядзецца знос так званых баракаў. Што прадугледжваецца на вызваленым участку зямлі?

– Так, сумесна з лесазаводам мы пачалі знос аварыйных дамоў па вуліцы Заводскай. З двух вялікіх баракаў з гаспадарчымі пабудовамі, якія пуставалі, адзін ужо знесены і вывезены. На маю думку, гэты ўчастак лепш за ўсё падыходзіць для будаўніцтва жылля, у прыватнасці, шматкватэрнага дома. Нядрэнны пад’езд, блізка праходзяць усе камунікацыі, рукою падаць – да прыпынку грамадскага транспарту, амбулаторыі, магазіна, сельскай адміністрацыі… Але гэтае пытанне канчаткова вырашыцца з распрацоўкай генеральнага плана забудовы Новага Свержаня.    

– З чым яшчэ, акрамя паляпшэння жыллёвых умоў звяртаюцца ў сельвыканкам вяскоўцы?

– Напрыклад, нядаўна прыходзіла жанчына і цікавілася, як лепш выдаліць з участка баршчэўнік. Слушнае пытанне, таму што інвазійныя расліны – баршчэўнік, канадскі залатарнік – пакуль не ўдаецца вывесці поўнасцю, хаця штогод і выкошваем іх. Больш таго, уздоўж Жацераўкі выяўлены новыя месцы распаўсюджання баршчэўніку – насенне разнеслася падчас веснавой паводкі. На жаль,  апошнім часам  на некаторых сядзібах  з’явілася яшчэ адна шкодная расліна з народнай назвай «шалёны агурок». У людных месцах мы развешваем інфармацыйныя бюлетэні з малюнкамі гэтых раслін. У размовах з людзьмі тлумачым, як іх лепш зрэзаць. Дапамагаюць у гэтым і медработнікі амбулаторыі. І, калі адносна баршчэўніку пераважная большасць новасвяржан ужо  дасведчаная, то залатарнік многія  па-ранейшаму лічаць бяскрыўднай «беларускай мімозай».

–  Скажыце, што будзе далей са старым млыном у Новым Свержані?

– Амаль завершана добраўпарадкаванне старога млына, набытага індывідуальным прадпрымальнікам. Зямельны ўчастак агароджаны, праводзяцца работы па ўкладцы тратуарнай пліткі, азеляненні тэрыторыі. У былым млыне плануецца адкрыць аграсядзібу. Адкрыццё аграсядзібы мяркуецца і ў Караліне, дзе раней была школа-інтэрнат. Дарэчы, развіваць аграэкатурызм мы прапануем усім вяскоўцам.

– Якія вырашаеце задачы надзённыя, першачарговыя?

– Косім траву. Звярнуліся да адміністрацый лесазавода і райаграсэрвіса, каб дапамаглі падкасіць тыя ўчасткі, дзе няма гаспадароў. На могілках назбіралася смецця – неабходна вывозіць. І  яшчэ адно надзённае пытанне –  грэйдзіраванне, падсыпка вуліц. Дарогі сапраўды разбітыя – на гэта ад вяскоўцаў паступае шмат нараканняў. Аб’язджалі, вывучалі гэтае пытанне разам з кіраўніком ДРБУ № 135 В. І. Дзям’янкам.  Дарожнікі прыступілі да  грэйдзіравання вуліц.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *