Брыгадзір Ганна Ермаковіч: «Зоркі з неба не сыпаліся»

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Вясковая жанчына – па жыцці працаўніца. Ёй і з дамашняй гаспадаркай трэба паспець управіцца, і родным увагу ўдзяліць, і на рабочым месцы сябе праявіць. А калі яна яшчэ і кіраўнік, то адказнасць узрастае ў некалькі разоў.

Накоплены Ганнай Ермаковіч вопыт і сёння запатрабаваны

Так лічыць памочнік брыгадзіра МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра» Ганна Ермаковіч, якая прысвяціла жыццё працы ў жывёлагадоўлі.

– Выбрала гэтую галіну таму, што з дзяцінства марыла стаць заатэхнікам, – сказала Ганна Антонаўна. – Маці мая працавала даяркай на ферме «Мархачоўшчына № 1». Цяпер там бычкоў адкормліваюць, а спачатку малочны статак стаяў. Прыбягала ёй дапамагаць.

Жанчына ўспамінае, што на ферму кожны дзень прыязджала галоўны заатэхнік, і дзяўчынка ўсюды за ёю хадзіла. Чула, як спецыяліст аддавала загады, усе яе слухаліся. Параўноўвала пры гэтым цяжкую працу матулі. І не пакідала Ганну думка, як бы гэта вывучыцца, як яна тады ўяўляла, на такую лёгкую работу.

Мару  сваю Ганна ажыццявіла. Пасля заканчэння васьмігодкі паступіла ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю. Накіроўвалі на працу ў іншую гаспадарку нашага раёна, але яна дабілася пераразмеркавання на малую радзіму. Тут і пачалася яе працоўная дзейнасць. Шчыравала тры месяцы ўлікоўшчыцай малака. Затым прызначылі загадчыцай свінагадоўчай фермы ў Галавенчыцах, дзе і затрымалася на некалькі гадоў. Уся астатняя працоўная дзейнасць Ганны Ермаковіч звязана з МТФ «Мархачоўшчына № 2», якую ўзначальвала больш за чвэрць стагоддзя.

–  У водпуску па доглядзе дзіцяці была ўсяго тры месяцы, – успамінае мая суразмоўніца. – Прыехаў да мяне дадому старшыня і папрасіў выйсці на работу. Я разгубілася: малое ж дзіця на руках. Але прапанову прыняла. Маці ўжо была на пенсіі і згадзілася дапамагчы. З таго дня і па сённяшні момант працую. Цяпер – памочнікам брыгадзіра. З цягам часу зразумела, які несалодкі хлеб у спецыялістаў самай нялёгкай сельскагаспадарчай галіны, дзе праблем заўсёды дастаткова. Трэба тэрмінова іх вырашаць, за ўсё несці адказнасць.

Аднак жанчына ніколі не пашкадавала, што выбрала працу ў жывёлагадоўлі. Зоркі з неба не сыпаліся, проста ўсё  жыццё сумленна працавала. Яна сапраўдны прафесіянал, вельмі любіць сваю работу. За стараннасць яе неаднаразова заахвочвалі. За дасягнутыя высокія вынікі ўзнагароджвалі і вытворчае падраздзяленне, якое ўзначальвала. І цяпер на ферме справы ладзяцца. Даспадобы спецыялісту, што апошнім часам укараняюцца на ферме сучасныя тэхналогіі. Пабудаваны для жывёлы два новыя «клюшачнікі», устаноўлена даільная зала. У людзей ёсць зацікаўленасць працаваць з большай аддачай. А калектыў, як сцвярджае памочнік брыгадзіра, падабраўся дружны і працавіты. Жывёлаводам цалкам па сіле дасягаць самых высокіх паказчыкаў.

Няўмольна бяжыць час. Прыйшла Ганна Ермаковіч на працу зусім маладзенькай і заўсёды прыслухоўвалася да парад старэйшых. А сёння ўжо прыслухоўваюцца да яе слоў. Калектыў жывёлаводаў за апошнія гады амаладзіўся. Часам жанчына думае, што трэба ўжо і ёй адпачываць. Але раніцаю ўстае і зноў ідзе на ферму. Тут яе другі дом, чакае вялікая працоўная сям’я.

–  Самае галоўнае для мяне цяпер – каб усе родныя былі здаровыя, – падвяла рысу сказанаму Ганна Ермаковіч. – Маю двух сыноў. Добрыя ў мяне нявесткі. Радуюць чацвёра ўнукаў. Усе прыязджаюць, не забываюць бабулю. Для мяне такія ўвага і клопат, як і для кожнага чалавека, вельмі многа значаць. Таму і на душы спакойна. Ёсць жаданне жыць і працаваць.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *