Святы і будні школьнікаў

Нумары Увага - дзецям

УРАЖАННІ: РАЗАМ – ДА МОРА

У жніўні з парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла, што ў Новым Свержані, ладзілася паездка ў Польшчу, а дакладней на Балтыйскае яе ўзбярэжжа. Дзеці і дарослыя, усяго 25 чалавек, адправіліся ў невялікі курортны гарадок Ястрабіная Гара. Цэлы тыдзень мы мелі магчымасць здзяйсняць экскурсіі па ваколіцах, адпачываць,  атрымліваць асалоду ад сонца і мора – карацей, цікава і з карысцю праводзіць час.

Гасцінна сустрэў нас паўвостраў Хэль, або, як яшчэ яго называюць,  Хэльская каса. Гэта сапраўдны край Польшчы, вузкая палоска сушы даўжынёй 34 кіламетры і шырынёй менш за 200 метраў, дзе размешчаны курортныя цэнтры  Уладыславова, Халупы, Ястарня і сама  Хэль – рыбацкая вёсачка, якая знаходзіцца на ўскрайку ля самай вады. Там можна ўбачыць маляўнічы рыбацкі порт і прыстань,  дзе стаяць рознакаляровыя яхты,  размешчаны музей рыбалоўства, а таксама гадавальнік балтыйскіх цюленяў, які мы з цікавасцю і наведалі. Нам таксама пашанцавала выйсці ў адкрытае мора на адным з невялікіх мясцовых катараў. Уражанні засталіся неперадавальныя!

Асаблівае захапленне, без сумнення, ад мора. Яно было такім розным: то цёплым і ласкавым, то разгневаным і непрыветным, але заўжды асляпляльным. Яно не пераставала нас здзіўляць сваім колерам: барвовым, белым, блакітным, бурштынавым, зялёным, ліловым, сінім, чорным. Адно дакладна: яно было заўсёды бяздонным і бязмежным, магутным і неабсяжным, такім, што не палюбіць яго мог толькі сляпы ды глухі. На ўзбярэжжы былі яшчэ і чайкі-свавольніцы, якія бралі ежу амаль з нашых рук і з лёгкасцю пазіравалі ўсім жадаючым.

За час адпачынку нашай групе таксама давялося пабываць і ў Гданьску, і ў Гдыні, і ў Сопаце. У апошнім горадзе нас чакаў аквапарк, дзе мы змаглі адчуць сябе сапраўднымі дзецьмі: ўдосталь накоўзацца на вадзяных горках ды паплаваць у басейне.

І яшчэ колькі слоў пра Ястрабіную Гару. Гэта надзвычай прыгожы гарадок з непаўторнай кашубскай атмасферай, з залатымі балтыйскімі пляжамі і сасновым лесам. Прычым да мора вельмі блізка –  з любой кропкі не больш за дзесяць хвілін пешшу. Мясцовае паветра напоўнена непаўторным водарам марскога ёду і соснаў. На пляж можна трапіць двума шляхамі. Адзін з іх з’яўляецца больш хуткім, але і больш складаным ды небяспечным: неабходна спусціцца па стромкіх сходах з высокага ўзгорка. Можна выбраць больш просты шлях –  пакаты спуск ад рыбацкай вуліцы. Непадалёк знаходзіцца запаведная зона пад назвай «Лісіны яр». Яна ўяўляе сабой глыбокую даліну, якая спускаецца да мора.

Хочацца асабліва падзякаваць арганізатару паездкі –  ксяндзу Марэку Янеку, пробашчу парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла з Новага Свержаня, які прыклаў шмат намаганняў, каб мы маглі здзейсніць сваю мару і сустрэцца з морам і Балтыйскім узбярэжжам. Таксама мы выказваем вялікую падзяку кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і за запрашэнне і матэрыяльную падтрымку. Уся наша група на доўгую памяць захавае ўспаміны аб цудоўнай жнівеньскай вандроўцы.

Наталля БАНДАРОВІЧ,настаўніца гімназіі № 1

 

ДОБРАЯ СПРАВА: ВЫХОЎВАЦЬ ПРЫГАЖОСЦЬ ДУШЫ

У сістэме выхаваўчай работы самай вялікай навучальнай установы раёна – стаўбцоўскай школы № 3 –  закладзена супрацоўніцтва са свяшчэннікамі.

Ужо другі год школу акармляе настаяцель новага стаўбцоўскага прыхода протаіерэй Віталій Шаркоў. Свята-Уваскрэсенскі храм будуецца недалёка ад навучальнай установы.

 У пачатку верасня айцец Віталій пабыў у школе, павіншаваў і благаславіў педагогаў і вучняў на працу ў новым навучальным годзе. У гэты ж дзень адбылася сустрэча з дзевяцікласнікамі. Размова ішла аб хрысціянскіх дабрадзейнасцях, веры і добрых справах.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Паўлоўская спланавала акцыю «Прыгажосць душы чалавека». У мінулую суботу, у свабодны ад асноўных заняткаў час, вучні 11 класа паўдзельнічалі ў работах па добраўпарадкаванні ў храме.

У царкве, якая будуецца, закончаны нядаўна ўнутраныя тынкавальныя работы і распачаты наступны этап будаўніцтва –  падрыхтоўка да бетоннай сцяжкі. Разам з прыхаджанамі ў гэты суботні дзень там папрацавалі адзінаццацікласнікі Ілья Юрасаў, Глеб Жукоўскіх, Мікіта Рачок, Артур Барысевіч, Арцём Шуцько, Мікіта Камёнка, Міхаіл Клаўшун.

Спартыўным, дужым юнакам работа была за радасць. Яны вельмі  дапамаглі прыхаджанам, у ліку якіх нямала людзей пенсіённага ўзросту. І такая добрая справа сапраўды ўпрыгожвае душу. Юнакі сімвалічна паклалі сваю «цаглінку» ў будаўніцтва царквы, у якой маладым жыхарам нашага райцэнтра вянчацца, хрысціць  дзяцей.

І гэта прыклад іншым. Падчас рамонтных работ заўсёды спатрэбяцца рабочыя рукі. Некалькі гадзін папрацаваць –  кожнаму па сіле. І прыемна будзе ўсведамляць, што ва ўзвядзенні храма, які стаў сапраўдным упрыгажэннем нашага горада, укладзена і часцінка тваёй працы і душы. Недалёкі той час, калі царкоўны дабравест рассыплецца благадаццю над стаўбцоўскім наваколлем. Каб прыблізіць гэты час, кожны з нас можа ўкласці сваю лепту пасільнай ахвярай, малітвай, сваёй працай.

Кожную пятніцу ў 17 гадзін у будынку новай Свята-Уваскрэсенскай царквы служацца малебны.          

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *