А лідары аддаляюцца

Нумары Спорт

Старт другога этапу першынства вобласці па футболе не прынёс прыхільнікам стаўбцоўскай каманды станоўчых эмоцый. На сваім полі калектыў «Нёман-Агра» ўступіў сапернікам з «Маладзечна-ДЮСШ-4» з лікам 0:4.

Нельга сказаць, што перавага гасцей была бясспрэчнай. Стаўбчане таксама праводзілі атакі, аднак поспеху яны не прынеслі.  А галы заляталі толькі ў вароты нашай каманды. Звычайна ў такім выпадку гавораць: перамог мацнейшы. Хочацца ўсё ж верыць, што ў нашых футбалістаў, так бы мовіць, не адсырэў порах у парахаўніцах. Наперадзе ж не лягчэйшыя выпрабаванні. Чарговы сапернік «Нёмана-Агра» ФК «Жодзіна-2007», нагадаем, заняў другое месца па выніках абласнога першынства мінулага года. Маладзечанцы сталі тады бронзавымі прызёрамі, стаўбчане занялі чацвёртае месца.

Цяпер пасля чарговага тура наперадзе зноў каманды «Маладзечна-ДЮСШ-4» і «Жодзіна-2007», у іх па 15 ачкоў. А замыкаюць васьмёрку, на жаль, стаўбчане. На рахунку «Нёмана-Агра» пакуль толькі пяць ачкоў.

Паглядзім, як будзе далей. Сустрэча «Нёман-Агра» – «Жодзіна-2007» адбудзецца ў нядзелю, 21 верасня, пачатак у  14.00.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *