Ці будуць браніравацца рабочыя месцы для інвалідаў? Стаўбчане спыталі ў Тамары Красоўскай

Важное Соцыум

image_pdfimage_print
На прыёме ў Тамары Красоўскай (справа) стаўбчанка Алена Зуб

Прыём грамадзян правяла старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Красоўская.

З просьбай аб дапамозе да прадстаўніка ўлады звярнулася стаўбчанка Алена Зуб, якая выхоўвае дзіця-інваліда ІІ групы з дзяцінства. Да васямнаццацігадовага ўзросту сына маці карысталася вялікімі сацыяльнымі льготамі, якія прадугледжаны дзяржавай. Цяпер ён атрымлівае толькі пенсію. На работу, па прычыне інваліднасці (хвароба Даўна), уладкавацца немагчыма. А дадатковы заробак быў бы якраз дарэчы. Жанчына сама не можа працаваць на поўную стаўку, бо за сынам патрэбен пастаянны нагляд. Вельмі выручае ў гэтым плане аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое створана пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага аслугоўвання насельніцтва райвыканкама. Але праблема застаецца.

– Такі зварот не адзінкавы, падобныя пытанні паднімаліся і ў іншых раёнах,  – сказала Тамара Пятроўна. – Гэта і сапраўды важная праблема, якую неабходна  вырашаць на самым высокім узроўні. Што тычыцца данага канкрэтнага выпадку, то дыягназ у інваліда з дзяцінства складаны, і вельмі няпроста вызначыць ступень магчымасці яго ўдзелу ў працоўнай дзейнасці. Зразумела жаданне маці аб павелічэнні памеру пенсіі па інваліднасці, захаванні льгот і пасля паўналецця, а таксама магчымасць самой зарабіць дастойную пенсію. Гэтыя пытанні патрабуюць урэгулявання Законамі Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб пенсійным забеспячэнні». Ёсць пытанне і да медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК). Калі ўстанаўліваецца група інваліднасці дзецям з сіндромам Даўна, то, на мой погляд, неабходна прымяняць іншыя крытэрыі.

– Тамара Пятроўна, а што рабіць, калі інвалід можа і хоча працаваць, а наймальнікі яму ў гэтым адмаўляюць?

– Згодна з заканадаўствам такім людзям не можа быць адмоўлена ў прыёме на работу толькі з-за яго абмежаваных магчымасцяў. Але на самай справе ім вельмі цяжка ўладкавацца. Як, дарэчы, і шматдзетным маці. Вырашэнне пытання ў першую чаргу залежыць ад наймальніка, які проста не жадае дабаўляць сабе складанасцяў у арганізацыі рабочых месцаў такім людзям. Да гэтага патрэбна матываваць кіраўнікоў. Варта адзначыць, што ў Закон «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь», які знаходзіцца цяпер на разглядзе ў Парламенце, прадугледжваецца ўнесці такі пункт, як браніраванне рабочых месцаў для інвалідаў. Зразумела, патрэбна, каб і самі інваліды хацелі працаваць. Дарэчы, вынікі праведзенага сацыялагічнага апытання сярод інвалідаў, якія, згодна з медыцынскімі паказаннямі, могуць працаваць, аказаліся не такімі і аптымістычнымі. Выказалі жаданне пайсці на працу толькі трыццаць працэнтаў рэспандэнтаў. А значыць, інвалідаў таксама неабходна матываваць.

– І яшчэ адно пытанне ў тэму. Якім вам бачыцца выхад у сітуацыі, калі бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, хочуць зарабіць працоўную пенсію?

– Для таго каб напрацаваць стаж і атрымліваць затым працоўную пенсію, у нашай краіне прадугледжана такая магчымасць, як размяшчэнне дзяцей-інвалідаў у спецыялізаваныя інтэрнаты. Далёка не ўсе бацькі на гэта згаджаюцца, але жадаючых, трэба сказаць, і нямала, асабліва сярод маладых людзей. І іх жаданне цалкам апраўдана. Профільных устаноў у Мінскай вобласці дзве. За пражываючымі ўстаноўлены пастаянны штодзённы нагляд, у тым ліку і медыцынскі. З імі займаюцца сацыяльныя педагогі, псіхолагі, рэабілітолагі.

Ёсць ідэя адкрыць інтэрнат, дзе будуць пражываць толькі маладыя інваліды. І што вельмі важна, у данай  установе яны будуць у сваім асяроддзі і мець паміж сабою зносіны, як роўны з роўным. Гэта вельмі добрая задумка, і ў яе ажыццяўленні наспела неабходнасць. Самае галоўнае, што ў інтэрнаце плануецца абсталяваць працоўныя майстэрні, дзе маладому інваліду, згодна з яго фізічнымі магчымасцямі і медыцынскімі паказаннямі, можна будзе асвоіць прафесію. Працаваць, адчуваючы сваю патрэбнасць, і такім чынам прыносіць карысць для грамадства.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *