Карысна ведаць: адкуль пашла назва Стоўбцы

Главное Моя Столбцовщина Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print

Узнікненне Стоўбцаў адносіцца да першай паловы XVI стагоддзя.

Паводле легенды, у даўнія часы на месцы горада рос прыгожы лес. Мясцовы князь загадаў пабудаваць тут манастыр. Жыццё манахаў у  манастыры працякала спакойна і нябедна. Але здарылася бяда: па гэтым краі пранеслася эпідэмія чумы. Калі  хвароба пачала сыходзіць, людзі ўспомнілі пра манахаў і адправіліся да іх па параду. Аднак сяляне знайшлі ўсіх мёртвымі. Манахаў  пахавалі, і на гэтым месцы ўкапалі слупкі. Гэта было папярэджанне для ўсіх: не сяліцца ў чумным месцы. Кажуць,  адсюль і пайшла назва мястэчка. Дарэчы, нягледзячы на слупкі, народ ізноў стаў абжываць  гэтае месца.

Але вернемся да рэальнай гісторыі Стоўбцаў. Знакаміты беларуска-польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх нарысах «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» расказаў шмат цікавых гісторый пра мінулае гэтых мясцін. У 1841–1844 гадах паэт працаваў ва ўпраўленні радзівілаўскіх маёнткаў і меў магчымасць вывучаць гістарычныя дакументы, якія захоўваліся ў бібліятэцы першых магнатаў Беларусі. Таму ў яго інфармаванасці сумнявацца не прыходзіцца. Па словах Уладзіслава Сыракомлі, у першай палове XVI стагоддзя князь Вялікага княства Літоўскага і кароль польскі Жыгімонт I падарыў Свержань (цяперашні Новы Свержань) маршалку літоўскаму Яну Храптовічу. У спецыяльнай прывілеі значылася, што маршалку аддаюць у валоданне абодва берагі Нёмана. Пра Стоўбцы ў дакуменце нічога не згадвалася.

Усе маёмасныя і тэрытарыяльныя змены фіксаваліся ў  юрыдычных дакументах, аднак Стоўбцы ў іх ніколі не згадваліся. Зрэшты,  гэта не азначае, што ніякага паселішча на месцы Стоўбцаў не існавала. Верагодна, яно проста было нязначным.

Сапраўдная гісторыя Стоўбцаў пачынаецца 23 красавіка 1623 года, калі ваявода Аляксандр Слушка разам са сваёй жонкай адкрываюць у мястэчку касцёл святога Казіміра. Будынак касцёла ўнікальны тым, што ў яго архітэктурным абліччы адбілася змена эпох – готыка саступала шлях новаму барочнаму стылю. Таму і сёння, вывучаючы старыя выявы касцёла, мастацтвазнаўцы не могуць прыйсці да адзінага меркавання, у якім стылі была пабудавана архітэктурная жамчужына Стоўбцаў.

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667 гг.)  палова насельніцтва была знішчана заваёўнікамі, а само мястэчка спалена. Каб хоць неяк ажывіць месца пасля гэтай трагедыі, Стоўбцам у 1669 годзе была падаравана прывілея на правядзенне таргоў і кірмашоў. Але, як вядома, бяда не прыходзіць адна: падчас Паўночнай вайны (1706 г.) Стоўбцы былі разбураны. «Лекамі» для адраджэння мясцовай эканомікі зноў паслужылі каралеўскія прывілеі. У 1728 годзе мястэчка перайшло ва ўласнасць Чартарыйскіх, якія ператварылі Стоўбцы ў цэнтр свайго графства, а ў 1729 годзе яму было падаравана магдэбургскае права.

Граф Чартарыйскі дастаткова зрабіў для росквіту Стоўбцаў. У  перыяд яго праўлення тут былі пабудаваны выдатная царква, будынак ратушы, рачная прыстань. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) мястэчка было ўключана ў склад Расійскай імперыі.

У 1871 годзе праз Стоўбцы пралягла чыгунка напрамкам Масква – Брэст. Дзякуючы ёй у горадзе пачала развівацца  эканоміка. Былі пабудаваны запалкавая фабрыка, лесаапрацоўчы і смалакурны заводы.

Сённяшнія Стоўбцы – гэта горад з высокаразвітай інфраструктурай і вялікімі  перспектывамі. А галоўнай каштоўнасцю яго з’яўляюцца жыхары – добразычлівыя і спагадлівыя людзі, якія сваёй працай упрыгожваюць гасцінны куточак Наднямоння.

Мікалай НОВІК

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *