З днём нараджэння, дарагі «Прамень»!

Калонка Рэдактара Нумары

Шаноўныя чытачы і падпісчыкі «Праменя», сёння многія з вас, напэўна, здзівіліся: чаму раённая газета такая святочная, прыгожая? А нагода ёсць:  22 верасня нашай раёнцы споўнілася 75. Шаноўны, прыгожы ўзрост. Раённая газета «Прамень» святкуе свой чарговы юбілей.

Сёння мы з гонарам гаворым, што за свае 75 наша выданне трывала замацавалася на інфармацыйнай карце раёна, сфарміравала аўдыторыю адданых чытачоў. Усе гэтыя гады газета была дастойным правадніком палітыкі дзяржавы, прапагандыстам галоўных задач краіны і лепшых традыцый народа – патрыятычных, працоўных, духоўных, выступала арганізатарам важных пачынанняў і здзяйсненняў. І сёння газета актыўна ўздзейнічае на грамадскае і культурнае жыццё свайго раёна, на добраўпарадкаванне яго населеных пунктаў, на выхаванне лепшых маральных якасцяў у грамадзян.

«Нішто без следу не знікае…» Так выказаўся наш слынны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Гэта датычыць найбольш людзей творчых, безумоўна, адносіцца і да журналістаў. Бо мы заўсёды думаем: а як жа наша слова адгукнецца ў сэрцы і душы чытача, якое ўздзеянне акажа на яго? Выпусціць газету – як пабудаваць дом. Усе падрыхтаваныя матэрыялы павінны быць якаснымі, дастаўленымі своечасова. І кожны матэрыял павінен быць да месца. Работа ў нас такая, што не адкладзеш яе і назаўтра не пакінеш. Таму і невядома нам паняцце «я не магу». Яго ў нашай прафесіі замянілі словы «трэба», «абавязкова». Як у той песні пра журналістаў пяецца: «Жив ты или помер, материал сдай в номер…». Ды і жорсткі графік друкарні патрабуе дысцыпліны.

Нам – 75… У розны час свой радок у гісторыю нашага выдання ўпісалі адданыя газетнай справе людзі. Яны розных характараў і кваліфікацыі, творчага патэнцыялу, але іх аб’ядноўвалі працавітасць, адданасць справе, намаганне пакінуць свой радок у летапісе Стаўбцоўшчыны.  Нізкі паклон вам, Іван Мікалаевіч Багатка, Сяргей Аляксандравіч Галоўка, Тамара Канстанцінаўна Казей, Галіна Мікалаеўна Паўловіч, Міхаіл Уладзіміравіч Мазур, Вольга Рыгораўна Чаркасава, Тамара Міхайлаўна Мазур…

Паспяхова працягваюць слаўныя традыцыі папярэднікаў Фёдар Бандаровіч, Надзея Баталка, Святлана Жыбуль, Васіль Зянько, Лёнгін Ваяводскі, Таццяна Пяткевіч, Ганна Бычынская, Раіса Клімко, Наталля Клыгач, Таццяна Шалькевіч, Галіна Уласік, Міхаіл Маляўкін. Сённяшнія супрацоўнікі розумам і сэрцам ствараюць «Прамень». Заўважу, можа і паўтаруся: мы не адмаўляем таго, што напрацавана папярэднікамі. І не толькі працягваем усё лепшае,  але ў новых палітычных і эканамічных умовах, часта пераадольваючы вядомыя толькі нам, журналістам, цяжкасці, ствараем чытабельную газету. Рыхтуючы кожны яе нумар, не толькі думаем пра чытачоў, але і ім самім даём магчымасць удзельнічаць у адлюстраванні жыцця. А нашы няштатныя аўтары – людзі аўтарытэтныя, з багатым жыццёвым вопытам. Гэта Лідзія Фарботка, Яўген Карпуць, Лідзія Адамовіч, Галіна Грэкава, Ксенія Рубін, Лідзія Мазуркевіч, Ала Бабіцкая, нашы землякі –  беларускія пісьменнікі Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей…

Сёння ўдзячнасць адрасуем і дырэктарам друкарняў: Нясвіжскай і Мінскай, а таксама ўсім паліграфістам – з кім выпускалі газету і з кім працуем цяпер. Дзякуй работнікам пошты, Мінаблсаюздруку, работнікам АПК, чытачам – усім, хто не здрадзіў нам. Асаблівыя словы падзякі хачу выказаць нашым заснавальнікам – раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў. Дзякуй за разуменне, павагу і падтрымку, супрацоўніцтва з боку ўсіх структур, на якіх будуецца наша праца. Прэзідэнт краіны на прэс-канферэнцыі прадстаўнікам СМІ  сказаў: «Прэса – гэта партнёр улады». Думаю, ніхто не стане спрачацца, што такое партнёрства важнае для абодвух бакоў. А яшчэ нам вельмі прыемна, што наша чытацкая аўдыторыя пашыраецца. Гэта людзі новага стагоддзя, якія чытаюць газету у двух варыянтах – папяровым і электронным.

Рэдакцыя ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням ідэйна-змястоўнага ўзроўню, імкнецца ўсебакова і аператыўна інфармаваць жыхароў раёна аб дзейнасці нашага Урада, рабоце органаў мясцовай улады па асвятленні грамадска значных мерапрыемстваў як у краіне, так і ў вобласці, і ў раёне. У гэтым накірунку працуюць рубрыкі: «Кароткім радком», «Прэзідэнт», «Афіцыйна», «Дзелавы «Прамень», «У цэнтры ўвагі», «На слыху» і іншыя. Вялікая ўвага на старонках газеты ўдзяляецца пытанням маладзёжнай палітыкі ў спецвыпуску «На прасторах жыцця» (аб моладзі і для моладзі Стаўбцоўшчыны), друкуецца дзіцячая старонка «Праменьчык». У газеце працуюць рубрыкі па данай тэме: «Ганаруся сваёй прафесіяй», «Ведай нашых», «Наша моладзь», дзе расказваецца аб моладзі раёна, яе дасягненнях у розных сферах дзейнасці, падымаюцца на старонках выдання і хвалюючыя пытанні для моладзі, працуе юрлікбез (рубрыкі «Надзённае», «Спытайце ў «Праменя»). Рэдакцыя сумесна з выканкамам праводзіць сустрэчы з моладдзю, на якіх  падымаюцца розныя пытанні з адлюстраваннем іх на старонках газеты.

Рэдакцыя газеты «Прамень» удзяляе ўвагу рабоце з пісьмамі і зваротамі грамадзян, крытычнымі сігналамі, дабіваецца ад органаў мясцовай улады вырашэння праблемных пытанняў насельніцтва. Крытычныя сігналы дасылаюцца на рэагаванне, адказы публікуюцца пад рубрыкай «Газета выступіла. Што зроблена?». На першай старонцы ў нумарах за сераду публікуюцца пытанні і адказы на іх кампетэнтных асоб (рубрыка «На сувязі – рэдакцыя. SMS-дыялог»). Падборкі, асобныя пісьмы чытачоў друкуюцца пад рубрыкамі «Пошта «Праменя», «Агляд пошты»). На сайце «Праменя» ёсць рубрыка «Калонка рэдактара», дзе чытач з сайта  можа звярнуцца да рэдактара і атрымаць адказ на пытанне.  Існуе і мабільная версія сайта. Прыемна, што газету «Прамень» чытаюць і нашы суайчыннікі за мяжой: у ЗША, Ізраілі, Германіі, Латвіі, Нідэрландах і г. д. Гэта надае стымул працаваць яшчэ больш творча.

Папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца  прамыя лініі, круглыя сталы, выязныя прыёмныя рэдакцыі, бліц-апытанні, падчас якіх людзі атрымліваюць адказы на хвалюючыя іх пытанні. Рэдакцыя імкнецца ахапіць і паказаць усе сферы жыццядзейнасці раёна: АПК, сельгаспрадпрыемстваў, адукацыі, культуры, медыцыны, спорту – гэта значыць усю сацыяльную сферу, прававую накіраванасць, работу з інвалідамі і ветэранамі. Матэрыялы ў газеце аб’ядноўваюцца тэматычна («Навіны Стаўбцоўшчыны», «Добраўпарадкаванне», «Грамадства» і т. п.).

Не буду стамляць вашу ўвагу , расказваючы аб рабоце газеты, бо хто яе чытае, той бачыць усе нашы напрацоўкі. Кожны журналіст у рэдакцыі – індывідуальнасць, мае свой почырк, стыль, свой погляд на жыццё, круг функцыянальных абавязкаў і сваю тэму. Нашы журналісты неаднаразова станавіліся пераможцамі розных творчых конкурсаў як абласнога, так і рэспубліканскага маштабу. У бягучым  годзе журналіст Таццяна Пяткевіч адзначана прэміяй Беларускага саюза журналістаў і стала пераможцай конкурсу «Залатое пяро», а фотажурналіст Васіль Зянько  заняў другое месца ў рэспубліканскім фотаконкурсе «Прэс-фота-2014»,  выпусціў фотаальбом «Пазнаём Стоўбцы». Дзякуючы намаганням усіх супрацоўнікаў рэдакцыі раённая газета «Прамень» адзначана Міністэрствам інфармацыі і ўзнагароджана лаўрэацкім Дыпломам у конкурсе «Залатая літара» за лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнага напрамку. Мінскі абласны выканаўчы камітэт узнагародзіў рэдакцыю дыпломам за лепшыя матэрыялы «Стаўбцоўшчына гасцінная». Гэта радуе. Устойлівае і фінансавае становішча рэдакцыі. Апошнія пяць гадоў газета на самаакупнасці. Удзельная вага за І паўгоддзе склала 132%. У гэтым годзе мы друкуемся ва УП «Плутас-Маркет». Выходзім у сераду на 8 старонках, у суботу –  на 12-16 старонках. Плануем у бліжэйшы  час перайсці на поўнакаляровы друк. За кошт прыбытку рамантуем рэдакцыйнае памяшканне, набылі новыя камп’ютары, лічбавую камеру.

Разумеем, што поспех газеты залежыць не толькі ад майстэрства журналістаў, ад сувязі з аўтарскім і чытацкім актывам (а мы штогод атрымліваем больш чым па 800 пісем), ад зместу публікацый, але і ад мастацка-тэхнічнага афармлення. Таму вялікую ўвагу надаём фотаілюстрацыі і дызайну ўвогуле. А працаваць яшчэ ёсць над чым.

Нам, журналістам, даводзіцца многае асэнсоўваць, праходзіць складаны і супярэчлівы час спасціжэння ісціны, рэалій жыцця, аналізу падзей і дзеянняў палітыкаў, кіраўнікоў, асобных грамадзян. Прыемна, калі нашым публікацыям даюць ацэнку: «Так трымаць», «Праўдзіва», «Малайцы» і т. п. Паверце, тады хочацца працаваць яшчэ лепш, не шкадуючы ні творчых сіл, ні душэўнай энергіі.

… 75 гадоў піша і будзе працягваць пісаць гісторыю Стаўбцоўшчыны раёнка. Аператыўна, праўдзіва, цікава. Нягледзячы на паважаны ўзрост,  газета і далей будзе крочыць упоравень з часам, з яго надзённымі клопатамі і праблемамі, заўсёды будзе на плыні часу.

Калектыў, былых супрацоўнікаў газеты «Прамень», нашых ветэранаў, друкароў, няштатных карэспандэнтаў, сяброў газеты, усіх падпісчыкаў і чытачоў віншую з юбілеем любімай раёнкі –  75-годдзем. Жадаю шчасця, здароўя, дабрабыту ў асабістым жыцці, плёну ў працы, новых творчых поспехаў на карысць Бацькаўшчыны.

Нэлі АСТРЭЙКА,рэдактар газеты «Прамень»,  дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў



Tagged

1 комментарий по теме “З днём нараджэння, дарагі «Прамень»!

  1. Уважаемые друзья! Примите мои искренние и сердечные поздравления в связи с 75-летием вашего издания! 75 лет – это большой срок для любого средства массовой информации. За это время вам удалось, миновав период «детства» и «ученичества», стремительно ворваться в число самых авторитетных и уважаемых, информационно насыщенных и разносторонних изданий Столбцов. Любая тема, освещаемая журналистами «Праменя», – политика и экономика, социальная сфера и ЖКХ, спорт и культура — неизменно вызывает огромный интерес у сотен читателей в Столбцах. От всей души благодарю вас за неизменно высокое качество и глубокую аналитичность всех публикаций. Желаю вам новых творческих удач, счастья, благополучия и, конечно же, – новых читателей!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *