Цюльпаны на рэдакцыйным стале

На сувязі - рэдакцыя Нумары

У аўтарскім актыве газеты ёсць асобы, якія выказваюць адносіны да газеты сваёй любоўю да выдання, вернасцю ёй, нераўнадушнай пазіцыяй. Сярод іх ветэраны, якіх вы бачыце на  здымку.

Стаўбчанка Вера Бярнардаўна Кожыч дзеліцца з намі ўспамінамі пра той дзень, калі свёкар прынёс у хату газету і аб’явіў, што «Голас селяніна» перайменаваны ў «Прамень». Ён быў задаволены, што новая назва вельмі ўдалая . Быў гэта 1962  год. Сям’я Кожычаў, куды пайшла замуж Вера Бярнардаўна, так прыязна ставілася да газеты, што «Прамень» быў жаданым госцем у доме.

Веру Бярнардаўну з газетай звязвае не толькі  больш чым 40-гадовы стаж падпісчыка, але і яе працоўная дзейнасць. Яшчэ малой дзяўчынкай яна дапамагала разносіць газеты сваёй старэйшай сястры, якая была калгасным паштальёнам у вёсцы Хатоўка. Калі прыехала ў райцэнтр, уладкавалася на працу ў раённы вузел паштовай сувязі. Стаж работы Веры Бярнардаўны ў гэтай арганізацыі складае 40 гадоў. Пачынала яна паштальёнам. Кіравала калектывам тады Таццяна Іванаўна Мялова. Пад яе апякунствам Вера Бярнардаўна закончыла тэхнікум сувязі. Вера Бярнардаўна гаворыць, што яна  яе помніць, наведвае яе магілку на гарадскіх могілках. Давер, з якім была прынята Вера Бярнардаўна ў калектыў, яна апраўдала сваімі сумленнымі адносінамі да работы. Ёй было даверана аддзяленне сувязі ў Коласаве. Затым узначаліла аддзяленне перавозкі пошты на вакзале. Доўгі час узначальвала гарадское аддзяленне сувязі № 3, адкуль і пайшла на пенсію. Вера Бярнардаўна імкнулася, каб не падаў тыраж раённай газеты, каб газету спраўна дастаўлялі на адрас кожнага  падпісчыка. Цяпер сама з нецярпеннем чакае паштальёна.

–       Бывае, як прапускаецца нумар  у сувязі са святамі, для мяне серада – дзень сумны, бо не прыходзіць «Прамень», – дзеліцца сваім настроем Вера Бярнардаўна. – Чытаю ўсё, пазнаю па творчым почырку журналістаў. Газета насычаная навінамі, добра чытаецца, мае свой твар. Чакаю не толькі газету, але і паштальёнаў, якія яе прыносяць, сардэчна вітаю іх, саграваю цёплым словам. Ім таксама кожны падпісчык павінен быць удзячны за іх нялёгкую працу. Дождж ідзе ці снег лепіць у твар, а яны – на сваім пасту.

Наша прафесійнае свята, якое адзначаецца 5 мая, для калектыву рэдакцыі асацыіруецца з пунцовымі цюльпанамі. Іх дастаўляе ў гэты дзень са сваёй шыкоўнай клумбы Вера Бярнардаўна. Вялікі пышны букет – ад усяго сэрца.

Уважлівыя чытачы «Праменя», пэўна ж, ведаюць і такога аўтара газеты як Мікалай Багданкевіч. Мікалай Сцяпанавіч піша аўтабіяграфічную кнігу, і ўрыўкі з яе з працягам у некалькіх нумарах друкаваў «Прамень».

Аўтабіяграфія Мікалая Багданкевіча ўвабрала ў сябе важныя этапы гісторыі нашай зямлі – знаходжанне Стаўбцоўшчыны пад панскай Польшчай, гады Вялікай Айчыннай вайны, масавую калектывізацыю, развіццё раёна да гэтага дня. У  гісторыю роднага краю ўпісаны важкі радок і Мікалаем Багданкевічам. Яго працоўнае жыццё было звязана са сферай адукацыі. Ён узначальваў Трылескую школу, СШ № 2 г. Стоўбцы, Навасвержанскую СШ, быў на пасадзе загадчыка аддзела народнай адукацыі. Шмат сіл, арганізатарскага таленту Мікалай Сцяпанавіч прыклаў, каб пабудаваць СШ № 2 г. Стоўбцы і Навасвержанскую СШ. Ён навечна ўвайшоў у гісторыю гэтых навучальных устаноў. Сярод шматлікіх узнагарод Мікалая Сцяпанавіча асаблівую вагу маюць знак «Выдатнік народнай адукацыі і асветы» і пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Мікалай Багданкевіч быў удзельнікам партызанскага руху.

Нам, журналістам, заўсёды цікава паслухаць Мікалая Сцяпанавіча, калі ён расказве аб сваім сяброўстве  з Якубам Коласам, Кандратам Крапівою. Гэта асобая старонка яго багатай і змястоўнай біяграфіі.

Мікалай Сцяпанавіч у блізкіх адносінах быў з усімі рэдактарамі нашай газеты – светлай памяці Андрэем Сцяпанавічам Траяновічам, Антонам Георгіевічам Шабаном, Чаславам Вікенцьевічам Петрашкевічам. З былымі рэдактарамі больш позняга часу Іванам Багаткам і Сяргеем Галоўкам Мікалай Багданкевіч і цяпер не губляе стасункаў. Перад юбілеем «Праменя» даў добрую ацэнку работы сённяшняму калектыву рэдакцыі, падтрымаў курс цяперашняга рэдактара раённай газеты Нэлі Астрэйка на разнастайнасць рубрык, тэм па поўным асвятленні жыцця раёна.

Мы прыслухоўваемся да такіх аўтарытэтных і паважаных асоб у раёне. І ўдзячны за іх удзел у нашым рэдакцыйным жыцці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *