Праз дзесяцігоддзі

Людзі і лёсы Нумары

Яны разам –  па жыцці, Зінаіда Паўлаўна і Уладзімір Піліпавіч Радзевічы. Уладзімір Піліпавіч чалавек адметнага лёсу. Ініцыятыўны, творчы, накіроўваў у актыўнае русла дзейнасці моладзь канца шасцідзясятых – пачатку сямідзясятых гадоў на выбарнай пасадзе першага сакратара райкама камсамола. Яму даверылі старшынёўскую пасаду ў калгасе «Нёман». І малады кіраўнік замацаваў перадавыя пазіцыі гаспадаркі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Дый на ўсю рэспубліку распаўюджваўся вопыт нёманцаў па стварэнні камунальнай гаспадаркі на сяле. Старасвержанцы і жыхары суседніх вёсак маглі на месцы атрымаць паслугі па рамонце дамоў і гаспадарчых пабудоў, апрацоўцы агародаў. Практычна ўсе надзённыя пытанні вырашалі на месцы, пераважна з дапамогай сваіх, мясцовых майстроў.

Зразумела, плённая дзейнасць такой гаспадарчай структуры шырока асвятлялася ў прэсе, пэўна, найбольш у газеце «Прамень». Гэты факт, як і газіфікацыя Старога Свержаня і іншых вёсак сельсавета,  прыгадаў Уладзімір Радзевіч у сваім аўтарскім змястоўным матэрыяле, які друкаваўся з працягам ужо ў 2013 годзе.

За гэты час Уладзімір Піліпавіч меў паслужны спіс працы старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама, затым у сталічных уладных і гаспадарчых структурах. Аб перыядзе кіраўніцтва нашым раёнам варта спыніцца асобна. Бо мы, журналісты, адчувалі асаблівы клопат старшыні. Ён мог патэлефанаваць, звярнуцца асабіста не толькі да рэдактара, а і да журналіста. Пахваліць аўтара цікавага артыкула, тактоўна ўказаць на недахопы, калі яны здараліся. Цікавіўся ўмовамі працы ў рэдакцыі, бытавымі і жыллёвымі праблемамі журналістаў.

Чарговы віток біяграфіі Уладзіміра Радзевіча быў для многіх нечаканым. Ён вырашыў змяніць кабінетную работу на тое, што яму стала найбольш блізкім падчас старшынства ў калгасе, – працу на зямлі. Заснаваная сялянская фермерская гаспадарка на радзіме Зінаіды Паўлаўны ў Ячонцы, са спецыялізацыяй на вырошчванні бульбы, стала адным з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

Дзейнасць СФГ «Сула», якую ўзначальвае цяпер сын У. Радзевіча Уладзімір Уладзіміравіч, наша газета асвятляе рэгулярна. Ёсць дасягненні, добрыя прыклады, вартыя пераймання, перадавая тэхналогія вырошчвання другога хлеба.

Уладзімір Піліпавіч, вядома, дапамагае сыну. І з газетай трымае пастаянную сувязь. І калі, падняўшы тэлефонную трубку, чуеш знаёмы голас – ведаеш, дасць ён слушную параду, зноў жа пахваліць удалую публікацыю, падбадзёрыць. А раённая газета ідзе на адрас Радзевічаў пастаянна, не адно дзесяцігоддзе. Часам просяць і дадатковы экзэмпляр, каб даслаць старэйшаму сыну ў Канаду. Моцнага здароўя, бадзёрасці вам, Уладзімір Піліпавіч і Зінаіда Паўлаўна!

Ф. БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *