Новая школа ў Стоўбцах узводзіцца актыўнымі тэмпамі

Адукацыя Главное Эканомiка

image_pdfimage_print
Так выглядае будаўніцтва новай школы ў Стоўбцах з боку вуліцы Маторабудаўнікоў. З кожным днём аб’ект набывае ўсё больш закончаны выгляд. 1 верасня бягучага года тут плануецца пачаць вучэбныя заняткі

У тым, што новая школа ў Стоўбцах узводзіцца актыўнымі тэмпамі, ёсць заслуга і ДУП «ПМК-233» УП «Мінскаблсельбуд» г. Стоўбцы.

На такім маштабным і адказным аб’екце (генеральным падрадчыкам выступае будаўнічы трэст № 1 г. Мінска. – Заўвага рэдакцыі) стаўбцоўскія будаўнікі выконваюць аддзелачныя работы, а таксама пастаўляюць бетон і растворы.

– Займаемся пафарбоўкай фасада, тынковачнымі і малярнымі работамі, укладваем плітку, – расказаў майстар будаўніча-мантажных работ Яўген Гуліцкі.

Дарэчы, майстар толькі пачынае сваю працоўную дзейнасць (першы яго аб’ект – 40-кватэрны дом па вуліцы Машынабудаўнікоў у Стоўбцах, ці дом з муралам, – быў здадзены ў эксплуатацыю напрыканцы 2020 года), але ўжо заўважаны кіраўніцтвам. Яўген Гуліцкі быў сярод работнікаў прадпрыемства, узнагароджаных падчас нядаўняй выязной калегіі Мінскаблсельбуда.

У цэлым па выніках работы за першы квартал бягучага года ПМК-233 заняла першае месца сярод аналагічных прадпрыемстваў Мінскай вобласці.

– У калектыве працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Прыходзіць да нас і моладзь. Графік работы напружаны: пры неабходнасці выходзім на працу і ў суботу, каб развівацца, атрымліваць дастойную заработную плату, – падкрэслівае дырэктар Станіслаў Лысы. 

Апошнім часам на прадпрыемстве адбыліся значныя зрухі. Шмат чаго зроблена для абнаўлення вытворчай базы. Падсобная вытворчасць атрымала другое дыханне. Выпуск піламатэрыялаў і вырабаў дрэваапрацоўкі склаў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам 128 працэнтаў, а  бетону і раствораў вырас аж у чатыры разы.

– Прадукцыйнасць раствора-бетоннага вузла складае 240 м3 прадукцыі ў змену. Прыкладна дзве трэція яе рэалізуем пабочным арганізацыям і насельніцтву, – зазначае начальнік падсобнай вытворчасці Аляксандр Жыбуль.

Стаўбцоўскімі будаўнікамі паспяхова выконваецца праграма падрадных работ. Акрамя ўдзелу ў будаўніцтве школы на 720 месцаў, яны працуюць на ўзвядзенні шматкватэрных жылых дамоў у Нясвіжы, Чэрвені і Клецку, займаюцца бягучым рамонтам вытворча-майстарскага ўчастка «Акінчыцы» Стаўбцоўскага лясгаса, будуюць  памяшканне для буйной рагатай жывёлы на МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі», збожжаачышчальна-сушыльныя комплексы ў ААТ «Рубяжэвічы» і ААТ «Дзераўное».

Пры гэтым асвоены новы від работ – устройства бетоннай падлогі з умацаваным верхнім слоем, што дазволіць быць запатрабаванымі на аб’ектах не толькі ў сваім раёне, але і ў Мінскай вобласці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Так выглядае будаўніцтва новай школы ў Стоўбцах з боку вуліцы Маторабудаўнікоў. З кожным днём аб’ект набывае ўсё больш закончаны выгляд. 1 верасня бягучага года тут плануецца пачаць вучэбныя заняткі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *