І энцыклапедыя раёна

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Перагартайце кнігу «Памяць. Стаўбцоўскі раён». Пэўна, звернеце ўвагу, што большасць яе артыкулаў падпісана прозвішчам А. Турко. Сапраўды, роля Аляксандра Міхайлавіча ў стварэнні, назавём так, энцыклапедыі раёна значная. Дададзім яшчэ, што шмат якія артыкулы, змешчаныя ў кнізе, спачатку былі апублікаваны ў газеце «Прамень».

Падзеі даўніны, ад старажытнасці да канца дваццатага стагоддзя. Многія эпізоды Вялікай Айчыннай вайны дайшлі да нас менавіта дзякуючы намаганням Аляксандра Турко. Не шкадаваў ён часу, каб выехаць у сталіцу, іншыя гарады, дзе прасіў прадаставіць музейныя і бібліятэчныя архіўныя матэрыялы. Ёсць у яго і грунтоўныя даследаванні, якія Аляксандр Міхайлавіч жадаў бы выпусціць асобным выданнем. Гэта гісторыя народнай асветы на Стаўбцоўшчыне, а таксама летапіс раённай міліцыі. Тэмы асабліва блізкія Аляксандру Турко, як гісторыку па адукацыі, настаўніку. Даволі працяглы перыяд жыцця А. Турко звязаны са службовай дзейнасцю намесніка начальніка райаддзела міліцыі па ідэалогіі. Шырокі кругагляд дапамагаў яму і ў рабоце лектарам райкама партыі.

Ёсць і творчы дар, журналісцкі. Нездарма Аляксандр Турко з’яўляецца няштатным аўтарам газеты. І калі прыходзіць у рэдакцыю, то, зразумела, не з пустымі рукамі. «Гэта аб партызанскім атрадзе, пра яго дзейнасць на Стаўбцоўшчыне яшчэ амаль не пісалі». «Паглядзіце, хутка юбілейная дата. Падрыхтаваў артыкул». І падае напісаныя сваім акуратным почыркам лісты, з якіх ажываюць факты даўніны, гамоняць жывымі галасамі стагоддзі.

Паўторымся, што гісторыя Стаўбцоўшчыны шырока асветлена ў кнізе «Памяць», выданні, якое стала настольным для краязнаўцаў, педагогаў, усіх, каго цікавіць мінулае. Сярод аўтарскіх кніжак пра наш горад і раён ёсць і брашурка А. Турко і М. Дзелянкоўскага «Стоўбцы». Падрыхтаваў ён аб’ёмную працу, дзе паспрабаваў у радзе артыкулаў, нарысаў абагульніць гісторыю нашага роднага кута. Ад старажытнасці  да сённяшняга часу.

Аўтар сам разумее, што рукапіс патрабуе рэдагавання, літаратурнай апрацоўкі. Гэта ж кніга, дзе гістарычныя звесткі пажадана падаваць у папулярнай форме, цікава і для вопытных чытачоў, і для маладых, школьнікаў. Не менш важна знайсці сродкі на выданне. А можа, аўтарская энцыклапедыя раёна гэтага варта?

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *