Памятнае

На сувязі - рэдакцыя Нумары

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЗДЫМКА

На прыступцы юбілею, калі давялося азірнуцца на пройдзеную журналісцкую сцяжыну, перабіраючы фотаархіў, напаткаў стары здымак. Дык гэта ж былыя журналісты-праменеўцы! А дакладней – карэспандэнты тагачаснага «Голаса селяніна» Антон Юнцэвіч і Сяргей Манухін. Гэта і ёсць мой першы здымак, мой няўпэўнены, напоўнены хвалявання націск на кнопку фотаапарата «ФЭД-2». Мяне, падлетка-школьніка, папрасілі сфатаграфаваць іх гэтыя мэтры мясцовай журналістыкі,  каб зафіксаваць свае твары на доўгія гады. Памятаецца, як папярэджвалі, каб не парушыў абмежаванні кадра, не «паадразаў» незнарок галовы. Дасюль, праз дзесяцігоддзі, яшчэ  мроіцца пах фотаплёнкі, якім дыхаў той бліскучы апарат. Ці прымаў удзел у праяўцы менавіта гэтай плёнкі, не памятаю, а вось тое, што  фотакарэспандэнт Антон Юнцэвіч неўзабаве спецыяльна зарадзіўшы апарат адправіў паздымаць горад, а затым па-настаўніцку дапамагаў у чырвонай патаемнасці фоталіхтара  друкаваць першыя здымкі – успамін яркі. Тады  не без зачаравання  назіраў, як здымкі, зробленыя карэспандэнтамі дзесьці ў раённай глыбінцы, рыхтаваліся да друку, як сябры-журналісты карпелі над тэрміновай падрыхтоўкай іх да друку, схіліўшы галовы, пісалі на аркушах рэпарцёрскія тэксты. Гэтыя першыя назіранні і ўражанні сталі ў маім асабістым жыцці рашаючымі.

Васіль Зянько

 

УРОКІ КЛАСІКАЎ

Рэдакцыя – месца грамадскае. Людзі завітваюць сюды нярэдка па шчырай патрэбе. Маўляў, напішыце, сфатаграфуйце. Прыемна, калі пра добрае, але часцей просяць дапамагчы, не могуць мірыцца з негатыўным. Гадоў з дзясятак таму, па важным указанні, прымацавалі і мы на дзвярах кабінетаў шыльдачкі з часам прыёму грамадзян. Але неяк адышло гэта, бо навошта фармальнасць, калі прыходзяць смела ў любы рабочы час, і не толькі. І якая б важная справа па выпуску чарговага нумара не непакоіла, чалавека трэба выслухаць, даць яму слушную параду. Такі, відаць, няпісаны кодэкс журналісцкай этыкі.

З многіх сустрэч, якія надарыліся і падчас кабінетнай работы, і пры знаходжанні ў камандзіроўках, найбольш запомніліся, зразумела, сустрэчы з асобамі шырока вядомымі. Пісьменнікі, дзеячы культуры і мастацтваў не мінаюць наш Коласаў край. А калі час дазваляе, завітваюць і ў рэдакцыю. Нашы землякі Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Генрых Далідовіч, Мікола Маляўка, Казімір Камейша пакаштавалі журналісцкага хлеба. Хто пэўны час сам працаваў у газеце, і практычна кожны пачынаў шырокі літаратурны шлях са сцяжынкі – раёнкі. Сябры, аднадумцы, і для маладзейшых – не мэтры, а добрыя, шчырыя, разумныя людзі.

Тут не нам апавядаць, а яны самі адлюструюць і адлюстроўваюць журналісцкае шчыраванне ў літаратурных творах. Але ж як абмінуць успаміны аб уражаннях знаёмства з класікамі беларускага слова. У маім архіве ёсць фатаграфія, змяшчалася яна і ў адным з нумароў «Праменя». Там калектыў раёнкі – разам з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылем. Вось так, недзе ў сярэдзіне васьмідзясятых гадоў завітаў ён у рэдакцыю. Трэба сказаць, што Іван Антонавіч на Стаўбцоўшчыне быў даволі часты госць. На Карэліччыну прыязджаў ён на дачу. Але не толькі дзеля адпачынку нёманскае ўзбярэжжа клікала да сябе знакамітага пісьменніка. Стаўбцоўшчына ў яго лёсе засталася як край партызанскай барацьбы ў суровыя гады вайны.

Янка Брыль і яго родны брат Міхась з’яўляліся супрацоўнікамі лясной рэдакцыі, якая мясцілася ў Налібацкай пушчы. Іменна там выпускалі пяць газет Стаўбцоўскага партызанскага міжрайцэнтра: стаўбцоўскую «Голас селяніна», навамышскую «Перамога», карэліцкую «Чырвоны партызан», навагрудскую «Партызан», мірскую «Сцяг свабоды». Мірскую газету Янка Брыль пэўны час рэдагаваў, як і сатырычны дадатак да гэтых выданняў «Партызанскае жыгала».

Янка Брыль, які прыязджаў на сустрэчы былых сяброў па зброі (памятаецца такая ў Ператоках), і нам, маладым газетчыкам, прыгадаў гады вайны. А найбольш заклікаў шанаваць роднае слова, адносіцца беражліва да яго. Сапраўды, стыль Брыля, сціслая, але шырока вобразная мова, сталі ўзорам для ўсіх, хто спрабаваў і ўжо трывала асвойваўся на ніве літаратуры і журналістыкі. Яшчэ памятаецца і тая сяброўская атмасфера, якая падмацоўвалася лагоднымі жартамі, мудрымі парадамі не хрэстаматыйнага класіка, а цікавага, дасціпнага чалавека.

Кандрат Крапіва амаль што наш зямляк, з уздзенскага Нізка. Гістарычны факт, што ён вучыўся ў стаўбцоўскай гімназіі, пра што сведчыць і замацаваная там мемарыяльная дошка. А ў родны кут ён асабліва часта прыязджаў, калі яго вылучалі на дэпутацкае шчыраванне, а затым і стаў народным выбраннікам ад Стаўбцоўскай выбарчай акругі ў Вярхоўны Савет СССР. З захапленнем глядзелі мы ўсе на класіка, вобразныя і трапныя байкі якога на памяць ведалі са школьных гадоў, слухалі яго выступленне. А вітаць ад журналістаў народнага паэта, пахвалюся, даручылі мне. Здаецца, нават крыху разгубіўся. Але ж было што сказаць. Адно што зноў падкрэсліць па-народнаму трапнае слова сатырычных вершаў. А яшчэ ж Кандрат Кандратавіч зрабіў добрую справу  на дзесяцігоддзі як рэдактар першага руска-беларускага слоўніка. І цяпер захоўваю той важкі том – каштоўная рэліквія. Праўда, крыху здзівіла, што віртуоз сатырычнага і гумарыстычнага жанру сам амаль ні разу не ўсміхнуўся. Можа здарожыўся, усё ж не маладыя гады. Але думалася і іншае: пра смех скрозь слёзы Чэхава, Салтыкова-Шчадрына. Высмейваючы заганы, паэт бачыць далёка і жадае, каб слова не толькі ўсхваляла, але і лячыла заганы, што сустракаюцца ў грамадстве.

Такія вось урокі класікаў, пры дапамозе якіх, не абавязкова пры сустрэчах  з імі, а і ў час чытання і перачытвання сапраўднай і літаратуры, і публіцыстыкі журналіст шліфуе і сваё ўменне.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

І МАГУТНАЯ ПОСТАЦЬ ЯКУБА КОЛАСА

Калі, спадзяёмся, будзе ўсё ж напісана дэталёвая гісторыя раённай газеты, то даследчык наўрад ці абыдзе факт стасункаў мясцовых журналістаў з Якубам Коласам. Ці ж мог  народны пясняр мінуць і газетныя справы ў Стоўбцах? Журналістыка ж заўсёды лічылася дзейснай ідэалагічнай зброяй. Ды і літаратурныя знаходкі землякоў не маглі яго не цікавіць.

Сапраўды, так яно і было. Гісторыя сведчыць, што падчас прыезду ў родную Мікалаеўшчыну, затым у Стоўбцы Якуб Колас, калі ён балатаваўся ў Вярхоўны Савет рэспублікі, завітаў і ў рэдакцыю. На жаль, аб дэталёвых фактах размовы не знойдзена ўспамінаў. Ды і дзе адшукаць тыя першыя нумары «Голаса селяніна» 1930-1940 гадоў?

А вось перапіска Якуба Коласа з рэдактарам «Голаса селяніна» ў 1953 годзе Андрэем Траяновічам – факт дакументальны. Яе можна прасачыць па поўным выданні збору твораў Коласа, а таксама па публікацыях у часопісе «Полымя». Дарэчы, Андрэй Сцяпанавіч быў добра знаёмы з Якубам Коласам яшчэ падчас працы ў рэдакцыі навагрудскай газеты. І калі пераехаў у Стоўбцы, смела накіраваў ліст народнаму паэту. Расказаў аб публікацыях раёнкі, аб тым, што стараецца яна быць на плыні жыцця. Ну і, вядома, прывёў факты аб пераўтварэннях, што адбываюцца ў родным куце песняра.

Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. Яшчэ раз можна засведчыць аб абавязковасці Коласа, які стараўся не пакінуць без увагі ніводны зварот да сябе. А пісалі яму шмат, нярэдка, прама кажучы, з просьбай «пазычыць грошай». Тут жа быў зусім не матэрыяльны, а больш важкі інтарэс. У сэнсе газета – хлеб духоўны.

Якуб Колас не абмежаваўся якойсьці адпіскай, падзякай за прысланы ліст. А з усёй сваёй шчырасцю, з зацікаўленасцю ў развіцці нацыянальнай мовы і культуры павёў гутарку найперш аб стылі мясцовай прэсы. Не толькі стаўбцоўскай газеты, а і ўсіх раёнак увогуле. Відавочна, газетамі ён цікавіўся і меў на гэты конт вынашаную думку. Нярэдка «сухія і нецікавыя» – такі быў вердыкт. Можа і суровы, але ж са шчырай зацікаўленасцю і трывогай. Зразумела, што раённая газета –  самая блізкая да мясцовага чытача, у пэўнай ступені і яна фарміруе чытацкія, літаратурныя густы.

На гэта рэдактар стаўбцоўскай газеты адказаў, што крытыка прынята да ўвагі і думкай, выказанай народным песняром, журналісты будуць кіравацца.

Вось такі гістарычны факт. Што датычыць Андрэя Сцяпанавіча Траяновіча, то ён пакінуў добры след у гісторыі Стаўбцоўшчыны. І не толькі як таленавіты журналіст, але і як мастак, скульптар. У прыватнасці, выканаў выдатны габелен, а таксама бюст з выявай Якуба Коласа, які ўпрыгожваў раней будынак чыгуначнага вакзала, сёння ж знаходзіцца ў музеі.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

ПАЖАДАННІ: «ДЗЕ МОЙ «ГОЛАС СЕЛЯНІНА»?»

Напярэдадні 75-гадовага юбілею нашай газеты сваімі пажаданнямі падзялілася адна з пастаянных чытачак «Праменя», стаўбчанка Леаніда Высоцкая:

– «Прамень» люблю і чытаю з дзяцінства, з таго часу, як выпісваў яго мой бацька. Калі прыходзіў да нас паштальён, бацька сустракаў яго: «Дзе мой «Голас селяніна»?» Цяпер у мяне так: свежы нумар прачытаю, тады вяртаюся да сваіх спраў, упэўненая, што іду ў нагу з жыццём раёна. Пераканалася, што ў газеце ўся інфармацыя патрэбная. Чым больш інфармацыі, чым яна аператыўней, тым лепш.

– Што хацелася б пажадаць любімай газеце? Мне хацелася б убачыць яе самы старэйшы нумар, які захаваўся ў жыхароў нашага раёна. Можна было б зрабіць факсімільнае выданне гэтага нумара. Было б незвычайна атрымаць яго ў сваёй паштовай скрыні разам са свежым нумарам і параўнаць, як газета  выглядала ў той час, пра што пісала. Думаю, калі кінуць кліч, абавязкова знойдуцца жадаючыя падзяліцца сваім дамашнім архівам. І якая даўніна нам адкрыецца, можна толькі здагадвацца!..        

 

ЧАС, ПАДЗЕІ, ЛЁСЫ

ä Свой друкаваны орган Стаўбцоўшчына займела пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ужо на пяты дзень пасля памятнай даты жыхары Стаўбцоўшчыны маглі чытаць сваю газету. Першы нумар органа часовага кіраўніцтва г. Стоўбцы выйшаў 22 верасня 1939 года пад назвай «Знамя».

ä Другі нумар газеты выйшаў на беларускай мове, ён датаваны 27 верасня 1939 года і атрымаў назву «Голас селяніна». Гэтыя і наступныя нумары газеты даваеннага часу падпісвала рэдактар Рэвека Блях.

ä Газета змяшчала пастановы мясцовых органаў улады, расказвала аб ходзе нацыяналізацыі прамысловасці і калектывізацыі, сацыяльных пераўтварэннях у горадзе і на сяле.

ä Апошні мірны нумар быў датаваны 19 чэрвеня 1941 года. Вярнуўся «Голас селяніна» да чытача ў ліпені 1943 года.

ä У суровыя гады вайны рэдагаваў партызанскае выданне Гірша Смоляр.

ä Кожны выпуск утрымліваў зводкі Саўінфармбюро, змяшчаў эпізоды баявых дзеянняў. Газета выдавалася ў падпольнай друкарні Стаўбцоўскага міжрайпартцэнтра, размешчанага ў Налібацкай пушчы. Партызанскія паштальёны па атрадах і вёсках разносілі свежыя нумары «Голаса селяніна».

ä З 1946 года рэдактарам газеты з’яўляўся Мікіта Афанасенка, з канца 1949-га – Праскоўя Масленікава.

ä З ліпеня 1952 года газету «Голас селяніна» рэдагаваў Андрэй Траяновіч, з красавіка 1954-га – Казімір Туміловіч.

ä У 1950-53 гадах пры палітаддзелах створаных машына-трактарных станцый выдаваліся шматтыражныя газеты. Газету свержанскай МТС «Уперад да камунізму» рэдагаваў Аляксей Пысін, вядомы беларускі паэт.

ä Раёнка ў 1950-я гады была, як дэкларавалася, актыўным і арганізатарам, і прагандыстам. Час палітычнай «адлігі» – пэўнай дэмакратызацыі краіны, велічных новабудоўляў, уздыму цалінных зямель. Газета «Голас селяніна» стала выходзіць не на дзвюх, а на чатырох старонках.

ä З 1 мая 1962 года наша раённая газета стала выходзіць пад назвай «Прамень» як орган Мінскага абкама КПБ, аблсавета, Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. Рэдактарам стаў Антон Шабан.

ä У 1970-я гады рэдакцыю газеты «Прамень» узначальваў Часлаў Петрашкевіч. Свой уклад мясцовая газета ўнесла ў дасягненні Стаўбцоўскага раёна, які на працягу пяці гадоў запар выходзіў пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва за вышэйшыя вынікі ў сацыяльна-эканамічным развіцці.

ä З сакавіка 1983 года (з перапынкам з лютага 1995 па ліпень 1999 года, калі працаваў на пасадзе намесніка старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама), а затым да снежня 2008 года рэдактарам газеты з’яўляўся Іван Багатка.

ä Сяргей Галоўка рэдагаваў газету ў адзначаны перыяд 1995-1999 гадоў.

ä У 2000 годзе газеце «Прамень» прысуджана першае месца ў абласным спаборніцтве, разам з Ганаровай граматай калектыву рэдакцыі ўручаны каштоўны падарунак – аўтамабіль «Жыгулі».

ä У 2007 годзе прызавой адзнакай рэдакцыі ад аблвыканкама стаў аўтамабіль «Волга».

ä І практычна за гэты перыяд амаль штогод рэдакцыю «Праменя» аблвыканкам адзначаў за актыўную работу па асвятленні жыцця рэгіёна і паляпшэнні фінансавага стану газеты.

ä Адзнакі «Праменя» сёлетняга, 2014 года, – Дыплом лаўрэата Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара» і прызавое месца ў абласным спаборніцтве СМІ.

ä Значна вырас тыраж газеты. Палепшылася афармленне, больш увагі стала ўдзяляцца пісьмам чытачоў. Сярод акцый, што актыўна праводзіліся тагачаснай раёнкай, варта назваць шырокае асвятленне руху за высокую санітарную культуру населеных пунктаў, які быў адобраны кіраўніцтвам рэспублікі і паўсюдна ўкараняўся.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *